Міністр інфармацыі назваў сацыяльныя сеткі «варожым злом»
Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў выступіў сёння на XII Форуме маладых журналістаў «За межамі клікбэйта».
«Мы з вамі ўступілі ў эпоху інфармацыйнай ілюзіі, абсалютна новы інфармацыйны час. Колькасць інфармацыі ў сетцы, якая не мае ніякага дачынення да праўды — пастаянна расце», — цытуе яго тэлеграм-канал ведамства.
Чыноўнік заявіў, што сучаснае грамадства немагчыма ўявіць без інфармацыйнай сферы. І што яна не проста змянілася, а стала для людзей новым асяроддзем пражывання.
«Тэма нашага форуму лагічна працягвае гэты пасыл. Клікбэйт стварае інтрыгуючыя загалоўкі і прэв’ю, прымушаючы эмацыянаваць карыстальніка, клікаць і пераходзіць туды, дзе няма чаканага зместу. Толькі ілюзія і падман», — жахае аўдыторыю чыноўнік.
Паводле яго слоў, у сацсетках штодня распаўсюджваецца не менш за 1,5 млрд фэйкаў. Таму «задача журналіста ў гэтым асяроддзі — быць маяком праўды».
«Сацыяльныя сеткі — гэта не толькі варожае зло, гэта — ваш рабочы інструмент», — абвясціў чыноўнік.
Паводле дадзеных Маркава, у Беларусі налічваецца 7,6 млн актыўных карыстальнікаў сацсетак, а ў інтэрнэце беларусы праводзяць 4-6 гадзін у дзень. Пры гэтым давер да дзяржСМІ расце і дасягнуў 61,4%, сцвярджае ён. Але «расслабляцца нельга: магчымасці для маніпуляцый растуць хутчэй, чым інструменты абароны».
Таксама Маркаў згадаў пра ШІ — сказаў, што гэта не супернік, а «добрая канкурэнтная перавага». Яго выкарыстоўваюць нават рэгіянальныя рэдакцыі: ад карыкатур «Віцебскіх вестак» да «ажыўшай» гісторыі вёскі ад «Маяка Палесся», прывёў прыклад ён.
У завяршэнне свайго спіча ён нагадаў прысутным, што «свабода СМІ павінна быць падпарадкавана галоўным патрэбам цэласнасці дзяржавы… Так што, вучымся абараняць нашу краіну, калегі».
Читать на dev.by