Google адмовілася ад інструмента, які папярэджваў супрацоўнікаў, што ў іх кульгае эфектыўнасць. Меркаванні падзяліліся
Звычайна Google загадзя апавяшчала супрацоўнікаў аб тым, што яны пад пагрозай унясення ў спіс людзей з недастатковай прадукцыйнасцю — менеджары праводзілі з імі асобныя гутаркі (support check-ins), каб дапамагчы стаць лепшымі. На мінулым тыдні дырэктар па персаналу Фіёна Ціконі паведаміла супрацоўнікам, што цяпер такіх гутарак з тым, хто ў зоне рызыкі, больш не будзе.
Такія гутаркі дзейнічалі ў рамках сістэмы ацэнкі супрацоўнікаў GRAD, уведзенай на пачатку 2022 года. Паводле яе ў групу нізкапрадукцыйных магло трапіць да 6% штату Google. У папярэдняй версіі ацэначнай сістэмы гэтая лічба была толькі 2%.
Калі пасля гутаркі эфектыўнасць супрацоўніка не змянялася, наступным крокам быў план павышэння эфектыўнасці з канкрэтнымі мэтавымі паказчыкамі, якіх ён мусіў дасягнуць. У адваротным выпадку кампанія развітвалася з неэфектыўным супрацоўнікам.
Гэтая сістэма не падабалася шмат каму, а некаторыя лічылі, што менеджары карыстаюцца ёю для выканання сваіх нормаў па неэфектыўных падначаленых або для помсты. Рашэнне скасаваць гутаркі таксама было сустрэтае неадназначна. З аднаго боку, трапіць не толькі на план, але і на гутарку ўжо было таўром. З другога, супрацоўнікі атрымлівалі папярэджанне і шанец паднапружыцца, каб не быць змешчанымі адразу на план павышэння эфектыўнасці.
У кампаніі кажуць, што вырашылі скасаваць гутаркі зыходзячы з водгукаў супрацоўнікаў. Замест гэтага менеджары будуць даваць больш зваротнай сувязі на штоквартальных гутарках з працаўнікамі.
Читать на dev.by