«Хардкор» дабраўся і да звальненняў у Tesla: кампанія скарачае яшчэ некалькі сотняў чалавек
Толькі пару тыдняў таму Tesla выгнала мінімум 14 тысяч супрацоўнікаў (10% штату), а цяпер, паводле паведамленняў The Information і Electrek, звальняе яшчэ некалькі сотняў чалавек, уключаючы топ-менеджараў і большасць каманды зарадных станцый Supercharger.
Выданні спасылаюцца на імэйл, у якім гаворыцца, што сёння сыходзіць у адстаўку галоўная дырэктарка зараднай інфраструктуры Рэбека Цінучы, а разам з ёй — большасць з 500 супрацоўнікаў падраздзялення. Таксама разам са сваёй камандай кампанію пакінуў кіраўнік праграмы новых транспартных сродкаў Дэніэл Хоу.
Мяркуючы з усяго, на гэтым яшчэ не ўсё. Згаданы імэйл быў разасланы Іланам Маскам топ-менеджменту ўчора ўвечары. У ім прадпрымальнік кажа, што Tesla павінна «абсалютна хардкорна» заняцца скарачэннямі, а менеджарам, чые падначаленыя не паказваюць «выдатных» вынікаў, таксама не месца ў кампаніі. Маштаб новых звальненняў зразумець складана, але Bloomberg нядаўна пісаў, што агулам штат Tesla паводле вынікаў звальненняў можа зменшыцца на 20%, то-бок больш чым на 20 тысяч чалавек.
Цінучы прапрацавала ў Tesla шэсць гадоў. Яна адказвала за запуск сеткі фірмовых зарадных станцый Supercharger для электракараў. Хоу аддаў аўтавытворцу дзесяць гадоў жыцця, ён узначальваў ініцыятывы па выпуску новых прадуктаў і быў праграмным менеджарам Model S, 3 і Y. Акрамя іх з кампаніі сыходзіць большасць каманды Tesla па вонкавых сувязях, якую ўзначальваў віцэ-прэзідэнт Рохан Патэл, які сышоў у часе першай хвалі.
Менавіта словам «хардкор» апісваюць карпаратыўную культуру і ўмовы працы супрацоўнікі Tesla. Менавіта такі рэжым Маск ва ўльтыматыўнай форме прапанаваў работнікам тады яшчэ Twitter пасля куплі сацсеткі.
Читать на dev.by