У Lesta забаранілі лаяцца матам. А хочацца? А дзе можна?
Паводле слоў нашага чытача, у мінскім офісе «Лесты» пасля змены кіраўніцтва забаранілі лаяцца матам. «Святыя ўгоднікі!» — стрымана выказаў свае эмоцыі айцішнік. Мы вырашылі даведацца, а як прынята ў іншых кампаніях і што думаюць пра гэта супрацоўнікі і кіраўніцтва?
Нашае экспрэс-апытанне (амаль 1600 удзельнікаў) паказала, што нецэнзурная лексіка — часта ці ў выключных выпадках — гучыць амаль усюды. Але прыкладна палова ўдзельнікаў адказала, што лаяцца матам у іх усё ж не прынята, а кожны 12-ы — што гэта да таго ж строга забаронена.
«Кампаній без мата я яшчэ не бачыў». Меркаванні простых айцішнікаў
Пры гэтым строгія забароны айцішнікам відавочна не падабаюцца. Настолькі, што для кагосьці гэта становіцца трыгерам для змены працы. Вось якую гісторыю распавёў чытач:
— Два гады таму калега з Wargaming (справа была ў Вільне) сышоў і ўладкаваўся ў Belka Games. Праз тры месяцы выпрабавальнага тэрміну ён вярнуўся назад у WG. Больш за ўсё яго бясіла, што ў «белцы» нельга лаяцца матам. Днём ён трываў, а калі ішоў дадому, усю дарогу лаяўся.
— На ўсіх маіх працах быў мат. Забароны, спушчаныя зверху, заўсёды дрэнна, — лічыць іншы чытач.
Іншым нецэнзурная лаянка не падабаецца, але яны яе дапускаюць у экстрэмальных сітуацыях.
— Я думаю, што ў чатах не варта, ды і ў офісе таксама. Але часам, калі гэтага патрабуе сітуацыя, можна дазволіць сабе: «Гэта, прабачце за мат, ***». Так вельмі даходліва і расстаўляе акцэнты. Злоўжываць ні ў якім разе гэтым нельга, — падзялілася меркаваннем яшчэ адна айцішніца.
— Кампаній, дзе б зусім не выражаліся, я яшчэ не бачыў, — кажа айцішнік з Літвы беларускага паходжання. — На маю думку, калі мат накіраваны на сітуацыю, а не на абразу, то гэта прымальна — усюды, дзе я працаваў, было так. Але цесна я супрацоўнічаў толькі з рускамоўнымі — не ведаю, як у іншых культурах.
«У чатах усё вельмі стэрыльна». Ці лаюцца на Захадзе
У заходніх культурах да нецэнзурнай лаянкі, здаецца, менш талерантнае стаўленне. Распрацоўшчык, які рэлакаваўся з Беларусі ў ЗША ўнутры адной карпарацыі, сцвярджае, што ў амерыканскіх працоўных чатах «усё вельмі стэрыльна». Калі ж у вуснай мове англамоўныя калегі хочуць сакавіта выказацца, то часцей выкарыстоўваюць «нейтральна гучныя фразы, якія абазначаюць нешта нецэнзурнае», то бок эўфемізмы.
— Але ў чатах не выкарыстоўваюць нават іх, — дадае ён. — А калі гутарка вядзецца ў прысутнасці замежнікаў, значыць, усе будуць камунікаваць плюс-мінус цэнзурна. Таму што замежнікі такую размову не зразумеюць, і давядзецца праз фразу тлумачыць.
Пры гэтым сярод рускамоўных калег беларус не саромеецца ў выразах.
— Я лаюся ў офісе як шавец і жартую вельмі небяспечна, — прызнаецца ён. — Але толькі ў коле калег, якім давяраю, у асноўным рускамоўных. На жаль, я яшчэ не так моцна адчуваю англійскую, каб віртуозна ёй апераваць, ствараючы падвойныя сэнсы.
У абарону рускамоўных калег распрацоўшчыка, аднак, кажа, што, акрамя яго, ніхто асабліва не лаецца — «усе інтэлігентныя».
Што да камунікатыўных звычак у мінскіх офісах, дзе айцішнік працаваў раней, там усё залежала ад гендэрнага раскладу.
— У маёй апошняй мінскай камандзе былі дзве дзяўчыны і тры хлопцы — ну, і пры дзяўчынах там ніхто не выражаўся. А да гэтага я працаваў у чыста мужчынскіх калектывах — вось там ніхто не стрымліваўся, — згадвае ён.
«Лаяцца нікога не прымушаем». А што думаюць СЕО
Здзіўляе, але ў асяроддзі кіраўнікоў разброс меркаванняў нашмат шырэйшы. Мы спыталі, якія правілы ў іх кампаніях у дачыненні да мата, і атрымалі самыя разнастайныя адказы.
CEO Fibery Міхаіл Дубакоў рубануў са сваёй адкрытасцю:
— Я думаю, што гэта [нецэнзурная лексіка на працы] за***ь. Гэта разнявольвае і дазваляе камунікаваць хутчэй, свабодней і крэатыўней. Усё можна, толькі нельга пераходзіць на асобы і абражаць людзей.
Ніякіх стылістычных абмежаванняў у Fibery (як у свой час і ў Targetprocess) само сабой няма і не было.
— Лаюцца, — пацвердзіў Дубакоў і ўдакладніў. — Ну, хто хоча, вядома. Хто не хоча — не лаецца, мы лаяцца нікога не прымушаем.
CEO Intetics Барыс Канцавы настолькі ж катэгарычны, але ў супрацьлеглай ацэнцы.
— У вашым апытанні [у тэлеграм-канале] я адказаў, што не, у нас не лаюцца. Але ніхто і не забараняў. Проста ніколі не лаяліся — культура іншая. Дзіка, што 80% лаюцца. Навошта? — здзіўляецца ён.
Зрэшты, CEO Intetics тут жа прызнаўся, што ў студэнцкія гады «такі вынайшаў адно новае матнае слова» — «паеблонік».
— Азначае «няўмека, неафіт, дурань», патлумачыў Канцавы.
І тут жа дадаў, што «да людзей так [выкарыстоўваючы мат] ставіцца нельга!» Маўляў, тэрмін «абсцэнная лексіка» гучыць прыгожа, але па сутнасці «гэта проста хамства».
СЕО Andersen Аляксандр Хоміч лічыць, што нецэнзурная лексіка — «гэта вельмі дрэнна».
— Але я сам дастаткова часта лаюся, за што няспынна сябе папракаю, — кажа ён. — Увогуле, мы грэшныя, але выпраўляемся. У нас нават жартаўлівыя штрафы за мат ёсць, праўда толькі для «бліжэйшага кола». На шараговых супрацоўнікаў яны не распаўсюджваюцца.
Бізнес-анёл Кірыл Голуб, некалі саўладальнік і CEO Aheadworks, успамінае, што ў іх у кампаніі «было правіла — не мачыцца міма ўнітаза ў офісных прыбіральнях».
— А астатняе неяк само сабой склалася, гэта ж пытанне агульнай культуры, — дадае ён.
У цэлым жа пра нецэнзурную лаянку Голуб кажа так:
— Абсцэнная лексіка дзе заўгодна — гэта НЕнармальна, АЛЕ натуральна і НЕпазбежна. Не важна, у працоўных чатах, курылцы, зале пасяджэння савета дырэктараў на саракавым паверсе.
А вось сузаснавальнік Placy.ai Сяргей Восіпаў паспрабаваў развесці «мат» і «мат».
— Мат ад мата адрозніваецца, — лічыць ён. — Гэта можа быць слова, якое надае эмацыйную афарбоўку, а не грубасць. Калі вы ўмееце карыстацца мовай, як Ала Пугачова ці Альгерд Бахарэвіч — вядома. Калі не ўмееце, то лепш размаўляйце, як Гугл.Перакладчык.
Сам Восіпаў выкарыстоўвае «неадназначныя» словы нават на сцэне, але толькі калі выступае на англійскай.
— Проста ў англійскай амаль няма табуяваных выразаў, у адрозненне ад славянскіх моў, — тлумачыць ён.
Читать на dev.by