ШІ сінтэзуе маўленне з «думак» паралізаванай жанчыны менш чым за секунду
Навукоўцы з Каліфорніі распрацавалі нейрапратэз, які пераўтварае думкі паралізаванай пацыенткі непасрэдна ў маўленне ў рэальным часе.
Даследчыкі з універсітэтаў Берклі і Сан-Францыска навучылі нейронную сетку на мазгавой актыўнасці 47-гадовай жанчыны падчас таго, як яна ў думках прамаўляла 100 унікальных сказаў, якія складаліся з больш чым 1000 слоў.
Унікальнасць метаду заключаецца ў тым, што пацыентцы не трэба было спрабаваць артыкуляваць або вымаўляць словы. Замест гэтага сістэма аналізавала актыўнасць яе сенсаматорнай кары галаўнога мозгу, якая адказвае за планаванне і выкананне рухаў, звязаных з маўленнем.
Распрацаваны «нейрапратэз» дэкадуе і сінтэзуе маўленне ў рэжыме рэальнага часу з затрымкай усяго ў 80 мілісекунд. Даследчыкі адзначаюць, што такая хуткасць дастатковая для дынамічнай размовы і свабоднай камунікацыі.
Яны падкрэсліваюць, што «скарачэнне затрымкі і павелічэнне хуткасці дэкадавання маўлення з’яўляюцца ключавымі фактарамі для забеспячэння натуральнай і камфортнай камунікацыі» пры выкарыстанні падобных сістэм. Ранейшыя метады часта патрабавалі апрацоўкі цэлых блокаў тэксту перад сінтэзам маўлення, што прыводзіла да значных затрымак.
Хуткасць перакладу думак у маўленне павялічылася ў восем разоў у параўнанні з іншымі метадамі, а колькасць перакладзеных слоў за хвіліну амаль удвая перавысіла паказчыкі папярэдніх распрацовак. Дзякуючы праграме сінтэзу голасу, заснаванай на папярэдніх запісах голасу пацыенткі, маўленне гучала падобна да яе ўласнага голасу.
Нягледзячы на значны прагрэс, аўтары даследавання прызнаюць, што метад яшчэ патрабуе дапрацоўкі для клінічнага ўжыывання. Хоць сінтэзаванае маўленне было зразумелым, па якасці яно пакуль саступае метадам дэкадавання тэксту.
Читать на dev.by