АІ выконвае працу 250 чалавек у энергетычнай кампаніі
Гендырэктар брытанскай энергетычнай кампаніі Octopus Energy Грэг Джэксан расказаў, што штучны інтэлект выконвае ў ёй працу за 250 супрацоўнікаў.
Паводле яго слоў, кампанія эксперыментуе з АІ ўжо некалькі месяцаў. Тэхналогію ўкаранілі ў розныя карпаратыўныя сістэмы, а ў лютым ёй дазволілі адказваць на электронныя паведамленні кліентаў.
Цяпер АІ адказвае больш як на траціну кліенцкіх імэйлаў — такі аб’ём працы выконваюць прыкладна 250 чалавек, кажа Джэксан. Пры гэтым адказы АІ кліенты ацэньваюць вышэй, ніж жывых спецыялістаў: імі задаволеныя 80% кліентаў супраць 65% — у выпадку навучаных спецыялістаў.
У кампаніі выданню Insider сказалі, што адказы АІ персаналізаваныя і праходзяць праверку перад адпраўкай.
Згодна з даследаваннямі, АІ-інструменты павышаюць прадукцыйнасць і якасць працы супрацоўнікаў — але звычайна найменш кваліфікаваных. Некаторыя працаўнікі кажуць, што змаглі перакласці на ChatGPT 80% працы.
Джэксан лічыць, што АІ наўрад ці прывядзе да звальненняў у Octopus. Але згодны, што імклівае распаўсюджванне АІ-тэхналогій кардынальна зменіць сітуацыю на рынку працы.
Читать на dev.by