«Маск з'ехаў з глузду»: Трамп — пра планы былога сябра стварыць партыю
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэзка раскрытыкаваў Ілана Маска пасля таго, як мільярдэр абвесціў пра стварэнне ўласнай палітычнай партыі.
«Мне сумна назіраць за тым, як Ілан Маск зусім з’ехаў з глузду, ператварыўшыся за апошнія пяць тыдняў у хадзячую катастрофу. Ён нават хоча стварыць трэцюю палітычную партыю, нягледзячы на тое, што такія партыі ніколі не мелі поспеху ў ЗША, — сістэма, здаецца, не прызначана для гэтага», — напісаў Трамп.
Стварэнне новай партыі Маск анансаваў 5 ліпеня, заявіўшы, што America Party мае стаць альтэрнатывай дзвюм дамінуючым сілам — Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыям. Па яго словах, «народ хоча новую палітычную сілу з перавагай 2 да 1 — і цяпер яна ў яго ёсць».
Разрыў паміж Трампам і Маскам адбыўся з-за спрэчак наконт эканамічнай палітыкі, у прыватнасці — законапраекта аб падатках і скарачэнні выдаткаў, падпісанага Трампам 4 ліпеня. Дакумент, сярод іншага, адмяняе падатковыя льготы на электрамабілі, што наўпрост закранае інтарэсы Tesla.
Трамп таксама раскрытыкаваў так званы EV Mandate — ініцыятыву Маска па стымуляванні пераходу на электрамабілі. Прэзідэнт падкрэсліў, што амерыканцы цяпер «могуць купляць любыя машыны — бензінавыя, гібрыды ці нешта новае — але без навязвання».
Тым часам Маск сцвярджае, што асноўнай задачай новай партыі ў бліжэйшыя 12 месяцаў стане ўдзел у выбарах у Кангрэс. Пытанне аб прэзідэнцкім кандыдаце пакуль адкладзена. Афіцыйна прыхільнікі Маска пакуль не падалі дакументы на рэгістрацыю партыі ў Федэральную выбарчую камісію.
Читать на dev.by