У кампаніі з топ-20 расказалі, каго звальняюць праз новыя запыты рынку
Innowise Group звальняе некаторых спецыялістаў, пра гэта dev.by расказалі супрацоўнікі кампаніі. У прыватнасці, тых, у каго няма праектаў.
Кампанія між тым сцвярджае, што скарачэння штату няма — ёсць «рэакцыя на запыты рынку». Пры гэтым ідзе набор новых супрацоўнікаў і штат працягвае расці.
Innowise Group уваходзіць у топ-20 найбуйнейшых ІТ-кампаній у Беларусі. Увосень 2021 года глабальны штат складаў каля 700 чалавек, цяпер — 1400+ ІТ-спецыялістаў. У лінкедзіне 600+ супрацоўнікаў кампаніі пазначылі ў якасці сваёй лакацыі Польшчу.
Паводле слоў супрацоўнікаў, з якімі ўдалося звязацца dev.by, усе, хто працуе на праектах, адчуваюць сябе ў бяспецы. У групе рызыкі спецыялісты, якія 3-4 і больш месяцаў сядзяць на бэнчы. Па-першае, ім урэзалі заробак (адзін з суразмоўцаў сцвярджае, што на 30%). Па-другое, іх звальняюць або адпраўляюць у неаплачвальныя адпачынкі.
— З праектамі цяпер праблема. Пасля пачатку вайны некаторыя заказчыкі адваліліся. Некаторых калег звольнілі яшчэ ўлетку. Цяпер гэтая тэндэнцыя стала прыкметнейшай. Са знаёмых, якія былі на бэнчы, звольнілі ўсіх, — расказаў адзін з супрацоўнікаў.
Колькі спецыялістаў сядзіць на бэнчы (знаходзіцца ў неаплачвальным адпачынку) і колькі было звольнена апошнім часам, суразмоўцы dev.by не змаглі ацаніць нават прыблізна.
Адныя сцвярджаюць, што «звольненых шмат» і сярод іх ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Другія — што «звальненні кропкавыя і не носяць масавага характару», звальняюць супрацоўнікаў з «недастатковымі кампетэнцыямі».
— Звальненні ёсць, але не групамі. Праектаў мала, кампанія не можа ўтрымліваць людзей, якія не прыносяць прыбытку і ў той жа час не гараць жаданнем развівацца. Перад звальненнем з чалавекам гутараць, каб высветліць, ці можа ён патэнцыйна выйсці на праект найбліжэйшым часам, глядзяць на софт/хард скілы і англійскую. Ёсць варыянты, калі кампанія пераводзіць на паўстаўкі да выйсця на праект, каб прастымуляваць супрацоўніка і захаваць дзелавыя адносіны, пазбегнуць звальнення, скараціць выдаткі. Свайго роду рука дапамогі, адэкватнае рашэнне.
— У нашым аддзеле за апошні год звольнілі трох чалавек. Здаецца, што гэта праз кепскую працу, а не праз сітуацыю на рынку. Пры гэтым, наадварот, ідзе набор у штат.
— Ніякіх масавых звальненняў, чыстак у нашым офісе ў Беларусі няма. Наадварот, мы актыўна расцем за кошт новых супрацоўнікаў і стажораў, якія хутка пераходзяць у штат, наколькі я магу судзіць. Але цяпер многае залежыць ад узроўню англійскай. Калі ўзровень B1 або вышэйшы — праблем няма. Ну і тэхскілы. Калі развіваешся, выдатна перформіш на праекце, пытанняў таксама няма.
Суразмоўцы dev.by пацвердзілі: кампанія сапраўды не толькі звальняе, але і паралельна набірае. «Толькі павысіліся патрабаванні для патэнцыйных кандыдатаў».
А што з заробкамі?
Апытаныя dev.by супрацоўнікі Innowise Group сцвярджаюць, што замарозак заробкаў не было, але кампанія павялічыла перыяды праходжання асэсментаў.
«Раней у джуноў перагляд быў кожныя 3 месяцы, у мідлоў — кожныя 6 месяцаў, у сеньёраў — раз на год. Цяпер, напрыклад, у джуноў перагляд кожныя 6 месяцаў. І залічваецца толькі час, калі ты на праекце. Акрамя таго крыху скарацілі дыяпазоны заробкаў».
CEO: «Спецыялісты з англійскай ніжэйшай за В1 мала запатрабаваныя»
CEO Innowise Group Павел Арлоў пракаментаваў кадравую палітыку кампаніі.
— Звальненняў у значэнні скарачэння штату мы не праводзім. Дабіралі супрацоўнікаў пры канцы мінулага года, дабіраем у студзені. Колькасна мы штомесяц прырастаем. Іншая рэч, што адныя тэхналагічныя пазіцыі адкрываюцца, іншыя закрываюцца. Тут мы рэагуем на запыты рынку.
Першы значны трэнд на рынку — патрэбная добрая англійская.
Напрыклад, цяпер не так запатрабаваныя на рынку спецыялісты з англійскай ніжэйшай за B1, таму кагосьці мы адпускаем, але паралельна ў рамках жа гэтай тэхналогіі можам дабіраць.
Цяпер на рынак уплываюць некалькі фінансавых фактараў.
Па-першае, кліенты ў рамках артыкулаў бюджэтаў пераразмяркоўваюць паартыкульныя выдаткі і дзесьці памяншаюць ІТ-выдаткі на карысць чыста вытворчых выдаткаў.
Па-другое, мяняюцца дывідэнтныя палітыкі і, на тлее рынкавай нявызначанасці, кліенты/інвестары фіксуюць свае даходы і менш інвестуюць у новыя прадукты. А гэта мінус і ІТ-выдаткі. Улічваючы першыя два фактары, сфармуецца лагічны трэці — скарачаюцца стандартныя інвестыцыі ў новыя прадукты, стартапы, мадэрнізацыю ІТ-сістэм і да т. п.
З улікам змены інвестыцыйных палітык кліентаў адбываецца зрух запытаў з front-end (карпаратыўны партал можна абнавіць не ў 2023, а адкласці гэта на 2024, напрыклад) у бок back-end, ML, AI, embedded ды інш.
Праз гэта ідуць рознаскіраваныя трэнды ў частцы росту каманд. Нейкія каманды робяцца вялікшымі, нейкія меншымі. Працэс дзесьці балючы, але аб’ектыўны ў сваёй прыродзе. Гэта другі трэнд — памяншэнне запытаў на front-end і рост на back-end.
На тле рынку запытаў, што звузіўся, у цэлым кліенты выстаўляюць падрадчыкам вышэйшыя патрабаванні. Для падрадчыкаў (сэрвісных ІТ-кампаній) гэта значыць, што растуць і патрабаванні як да дзейных супрацоўнікаў, так і да кандыдатаў. Трэці трэнд — значнае павелічэнне патрабаванняў да тэхнічнай экспертызы падрадчыкаў/спецыялістаў.
Быў працяглы трэнд росту ІТ-рынку. Цяпер адбываецца карэкцыя. Працэс складаны і дзесьці нязвыклы. Але гэта натуральны працэс, і ён прывядзе ў выніку да прафесійнага росту нашага рынку ў цэлым.
Читать на dev.by