Intel рэжа заробкі менеджменту. Гендырэктару — на 25%
На тле імклівага падзення выручкі і прыбытку Intel вырашыла скараціць заробкі сваім топам, піша Bloomberg.
Гендырэктару Пэту Гелсінгеру аклад паменшаць на 25%, кіраўніцтву найвышэйшага звяна — на 15%, старэйшым менеджарам — на 10%, а менеджарам сярэдняга ўзроўню — на 5%.
Гэта мае дапамагчы Intel перажыць перыяд эканамічнай турбулентнасці і зэканоміць сродкі для падтрымкі астатняга штату, для трансфармацыі бізнэсу, якая працягваецца ўжо два гады і закліканая вярнуць ёй лідарства ў галіне, і дасягнення доўгатэрміновых мэтаў.
Супрацоўнікам з пагадзіннай аплатай зніжаць стаўку не будуць.
Тыдзень таму кампанія апублікавала прагнозы продажаў, якія выявіліся ніжэйшымі за чаканыя — гэты квартал стане адным з найгоршых за ўсю яе больш як 50-гадовую гісторыю. Таксама на тле рэзкага спаду на рынку ПК Intel працягвае саступаць долю канкурэнтам.
Паводле плана Гелсінгера, кампанія будзе беспрэцэдэнтнымі тэмпамі ўкараняць новыя вытворчыя тэхналогіі, будаваць новыя заводы ў Еўропе і ЗША, а таксама спрабаваць атрымаць аўтсорсінгавыя заказы іншых чыпмэйкераў. Гэта зробіць яе прамым канкурэнтам тайваньскай TSMC і Samsung, якія памерам і магутнасцямі пераўзыходзяць Intel.
Читать на dev.by