Інвестыцыі ў тэхнастартапы ўпалі ў 2024 годзе, але ў адным напрамку падскочылі на 60%
Паводле дадзеных аналітычнай фірмы Dealroom, усе ШІ-стартапы свету ў 2024 годзе прыцягнулі $110 млрд. Гэта на 62% больш, чым у 2023-м. Амаль палову гэтай сумы склалі інвестыцыі ў ШІ-аплікацыі (каля $50 млрд).
Пры гэтым у цэлым стартапы і скейлапы ў тэхналагічнай сферы за мінулы год атрымалі $227 млрд. Гэта на 12% менш, чым годам раней.
Ільвіная доля інвестыцый у ШІ прыйшлася на ЗША — $80,8 млрд. У Еўропу паступіла $12,8 млрд, у Кітай — $7,6 млрд.
У Dealroom назіраюць за ІТ-індустрыяй некалькі дзесяцігоддзяў. Тут адзначаюць, што ніводная тэхналогія раней не аказвала такога ўплыву на актыўнасць інвестараў, як штучны інтэлект: «Па абсалютным аб’ёме інвестыцый гэта самая вялікая хваля ў гісторыі». Гэта звязана, у тым ліку, з комплексным характарам ШІ-экасістэмы, якая ўключае абсталяванне і інфраструктуру, аплікацыі, фундаментальныя мадэлі і не толькі.
Найбуйнейшымі інвестыцыйнымі раўндамі ў 2024 годзе адзначыліся Anthropic, OpenAI, Waymo (беспілотная «сястра» Google), Anduril (абарончая сфера), xAI, Databricks (апрацоўка і кіраванне данымі) і Vantage (ЦОДы). Найбольш інвестыцый атрымалі кампаніі, што спецыялізуюцца на генератыўным ШІ — $47,4 млрд. Менавіта яны паказалі найбольшы рост па колькасці інвестыцый за апошнія два гады.
Читать на dev.by