Інжынер Microsoft падзялілася стратэгіяй, дзякуючы якой атрымала 4 павышэнні за 5 гадоў
Рытвіка Нагула прыйшла ў Microsoft Azure інжынерам ПЗ адразу пасля ўніверсітэта ў 2019 годзе. Яна дарасла да сеньёра — а ў тэхнагіганце для гэтага тайтла вельмі строгія рамкі — і вырашыла падзяліцца формулай, якая дапамагла ёй падняцца па кар’ернай лесвіцы чатыры разы за пяць гадоў. Яе апісаў Business Insider.
Памылка навічка: «Рабі добра, і цябе заўважаць»
Першы год у кампаніі Нагула працавала «ў ціхім рэжыме» — якасна выконвала задачы, але амаль не казала менеджару аб сваіх кар’ерных планах. Аказалася, што гэта шлях у нікуды: кіраўніцтва можа вырашыць, што ў вас проста няма амбіцый.
Тады яна змяніла падыход і стала запытваць сустрэчу з менеджарам раз у два тыдні, а раз у месяц — размову аб мэтах і зваротнай сувязі. Дзяўчына не чакала рэв’ю, якія праходзяць толькі два разы ў год, а па сваёй ініцыятыве ўдакладняла, што ідзе добра, што можна палепшыць і што яна, магчыма, упускае.
Ведаць планку наступнага ўзроўню
Галоўнае — ведаць, што патрабуецца на вашай пазіцыі і што патрабуецца на наступнай, а затым закрываць гэты разрыў. У Microsoft ёсць «role library» — унутраная база з апісаннем абавязкаў і крытэрыяў для кожнага ўзроўню. Нагула вывучыла яе і супаставіла з чаканнямі менеджара.
Напрыклад, для пераходу ў сеньёры трэба было весці праект «ад і да» — ад дызайну і распрацоўкі да маніторынгу і рэліза з мінімумам багаў. Яна проста заявіла: «Я хачу гэта зрабіць. Дайце праект, які дазволіць пракачаць гэты навык».
Акрамя таго, пры пастаноўцы мэтаў Нагула выразна плануе тэрміны. Напрыклад, падняцца на наступную прыступку за 18-24 месяцы.
Больш, чым задачы па плане
Паводле слоў Нагулы, прасоўванне — гэта не проста пра выкананне ТЗ, а пра ўменне браць адказнасць, шукаць магчымасці і выбіраць задачы з высокім уплывам на мэты каманды і кампаніі. «Калі з’яўлялася новая фіча, менеджар узгадваў: гэтая дзяўчына казала, што хоча ўзяць такі праект. І прапаноўваў яго мне», — адзначае айцішніца.
У цэлым яе схема выглядае так:
- Не чакайце, што якасная праца сама па сабе прывядзе да павышэння — артыкулюйце амбіцыі.
- Рэгулярна прасіце фідбэк і карэктуйце курс.
- Ведайце, чаго ад вас чакаюць на наступным узроўні, і сістэмна закрывайце гэты разрыў.
- Шукайце задачы з высокім эфектам для бізнесу.
«Павышэнне — гэта сумесь ініцыятывы, усвядомленасці і правільнага таймінгу. Ніхто не прасуне вас лепш, чым вы самі», — падсумоўвае Нагула.
Читать на dev.by