Сеньёры таксама плачуць? Як дасведчаныя спецыялісты шукаюць працу ў крызіс

Спойлер: рынак вакансій хутчэй жывы, ніж мёртвы. Асабліва калі кандыдат не абмяжоўваецца Беларуссю. Айцішнікі лаюць рэкруцёраў.

124 каментарыя

Мы спыталі сеньёраў, якія нядаўна шукалі працу, як ім рынак. Вось якія ў іх уражанні.

UA lead: «Рынак не той, рэкруцёры слабыя»

Мая пазіцыя — UA lead. Знаходжуся ў Польшчы. З ранейшай працы (па-за межамі Польшчы) сышла, таму шукала новы праект на рускамоўным рынку. 

Рыльца пошуку выглядае так: 50 водгукаў, 22 прагляды рэзюмэ і адмова без сумоўя, 18 нават не прагледзелі. 

Сумоўяў з эйчарамі — дзевяць, адмоў пасля сумоўяў — шэсць. Прычыны адмоў: оверкваліфайд, заробкавы дыяпазон вышэйшы за той, што можам прапанаваць, проста не пасуеце. Прапанавалі зрабіць тры тэставыя. Вырашыла выканаць толькі адное, і гэта было правільным рашэннем: фідбэку мне ўсё роўна не далі, рэкруцёрка сказала, што на гэта няма часу.

Сумоўяў з кіраўнікамі — два. Офер — адзін, праект у Сербіі.

Усяго: 50 водгукаў — адзін рэальны офер. Старт пошуку 4 красавіка, офер 20 мая. Пасля выхаду на праект атрымала яшчэ дзве прапановы. 

Выснова: 

1. Рынак ужо не той: мала вакансій — шмат кандыдатаў.

2. Вельмі слабыя рэкруцёры. Першы этап сумоўя быў абсалютна нецікавым. Такое ўражанне, што задача — хутка ўсіх «прасумовіць», а не прывесці ў каманду прафесіяналаў. Сама правяла 100+ інтэрв’ю, калі набірала каманду, і ведаю, пра што можна гутарыць з кандыдатамі.

Больш за тое, рэкруцёры могуць проста не адказваць. Гэта характарызуе не толькі чалавека, але і кампанію: няма працэсаў рэкрутынгу.

3. Прасадка па зп ёсць, але не крытычная — на 10-15%. 

4. Важна не губляць навыку самапрэзентацыі. Першыя сустрэчы для мяне былі стрэсавымі, апошнія праходзіла ўжо як прафесіяналка.

QA: «Зп у Польшчы вышэйшая, рэкруцёры — гультаяватыя, рэзюмэ трэба рассылаць тысячамі»

Працую на старым месцы праз польскае ІП, але паралельна ў пасіўным рэжыме вывучаю польскі ІТ-рынак.

Вакансій тут даволі шмат, але рэкруцёры на водгукі кандыдатаў часта не адказваюць — часцей, ніж у РБ. Адсоткаў 60 ігнаруюць тваё рэзюмэ, нават калі па гэтай вакансіі мала кандыдатаў. 

Здаецца, у мясцовых эйчараў праблема з кваліфікацыяй: замест кропкавых прапаноў яны займаюцца масавымі рассылкамі — так раней у Беларусі рабілі эйчары-джуны. Я — тэсціроўшчык, але часам мне паступаюць прапановы на пазіцыі распрацоўшчыка або пэнтэстара. Сёе-тое ў распрацоўцы я сапраўды ўмею. Але рэкруцёры, відаць, нават не адкрывалі майго профілю і не чыталі самары — проста знайшлі мяне па фільтрах і даслалі ліст.

Далей камунікацыя не рухаецца: ты ім адказваеш, а яны маўчаць. Гультаяватыя? У гэтым плане нашмат прыемней працаваць з украінцамі або беларусамі. Сумую за часамі, калі пісалі крутыя беларускія эйчары: яны распісвалі абавязкі, стараліся зацікавіць. Тут гэта ўсім абыякава. Думаю, нармальныя польскія спецыялісты з’язджаюць на захад. 

Затое заробкавыя прапановы ў Польшчы значна вышэйшыя, ніж у РБ — так было і раней, а цяпер тым больш. У Беларусі прапаноўваюць каля 2K долараў, а тут дзесьці 100 злотых за гадзіну. Гэта 3,5-4,3К долараў мінус 11% падаткаў, калі працаваць праз ІП.

Тыя, хто скардзіцца, што не можа знайсці працы ў Польшчы, проста дылетанты або не знаюць англійскай. Або апускаюць рукі пасля трох водгукаў. Тут трэба рассылаць рэзюмэ тысячамі.

У нашай кампаніі ў лютым было скарачэнне, усе звольненыя ў Польшчы тэсціроўшчыкі знайшлі працу на працягу месяца. 

Вэб-распрацоўшчык: «Прапановы ёсць, часам даволі цікавыя»

Я — вэб-распрацоўшчык з 20 гадамі досведу, працую на Upwork з Мінска. Апошнія паўгода там стала неяк вельмі сумна, таму ад лютага шукаю пастаянную працу. Зрабіў нармальны профіль у LinkedIn, дадаў пабольш адпаведных людзей у сваю сетку і цяпер некалькі разоў на тыдзень адказваю на запыты рэкруцёраў. Наладжаны з’ехаць.

Рынак не той, што раней, але мне і складана параўноўваць, бо я ўвесь час працаваў на фрыланс і не ведаю, наколькі назойлівыя былі рэкруцёры раней. Мне пішуць даволі актыўна. Я прайшоў ужо 10 фінальных інтэрв’ю (пачатковыя скрынінгавыя не лічацца), але пакуль неяк не сыходзімся: напрыклад, я не вельмі хачу пераязджаць у Германію, а кліенты, верагодна, знаходзяць больш адпаведных кандыдатаў бліжэй. Адразу ўсё кінуць не гатовы, ахвота першы час пажыць на дзве краіны.

Пытанне зп звычайна яснае адразу — альбо дыяпазон пазначаны ў аб’яве, альбо рэкруцёр пазначае яго ў першым лісце. У Польшчы арыентуюся на 6К (былі прапановы на 30К злотых на месяц брута па b2b, або 7,2К долараў да падаткаў), на рускамоўным рынку максімум 3,5K. 

Краінавую прыналежнасць кампаній цяпер вызначыць не так проста: шмат рускамоўных каманд, але знаходзяцца яны ў Еўропе. Нават не ведаю, як іх класіфікаваць. Я стараюся пазбягаць рускамоўных кліентаў і каманд. 

У краінах Балтыі агулам прапаноў менш, заробкі ніжэйшыя, дый візу цяпер атрымаць зусім няпроста. Самыя цікавыя прапановы — з Польшчы і Германіі. Ёсць прапановы з Грузіі, Арменіі, Казахстана, з Кіпра, але туды я не хачу.

Выснова такая: ІТ яшчэ жывы, прапановы ёсць, і часам даволі цікавыя. Прынамсі, для сеньёраў.

Магчыма, крызіс ідзе на спад.

Оферу дагэтуль не прыняў толькі таму, што сякую-такую працу пакуль маю, я шукаю лепшыя варыянты і з рэлакейтам.

.Net-распрацоўшчык: «Варта трохі скінуць запыт па зп, і табе ўжо радыя»

Я — .Net распрацоўшчык з 11 гадамі досведу. Мяняў працу ў сакавіку-красавіку гэтага года.

З буйной беларускай аўтсорс-кампаніі сышоў, бо яна выцягвала з мяне ўсе сокі. За апошні год нямала калег не вытрымалі і звольніліся. Плацілі шмат, адкладаў значную частку заробленага, таму падушка была дастатковай, каб некалькі гадоў не працаваць, захоўваючы ранейшы ўзровень выдаткаў. 

Узімку атрымаў у LinkedIn запрашэнне на сумоўе з рэлакацыяй на Кіпр. У кіпрыётаў (якія, што праўда, выявіліся большаю часткаю рускамоўнымі) прайшоў доўгі цыкл сумоўяў: пачалі ў студзені — скончылі ў сакавіку. Было пяць этапаў, уключаючы тэставае заданне, лайвкодзінг і інтэрв’ю з CTO.

У выніку атрымаў офер, але з нюансам. Першапачаткова дамовіліся, што я пачну працаваць аддалена, і дзесьці праз паўгода пераеду. А потым яны сказалі, што ніякай аддаленай працы, я мушу тэрмінова афармляць візу і прыступаць да працы ў офісе. І хоць па грошах усё яшчэ выходзіла нядрэнна, я вырашыў адмовіцца: не гатовы да рэлакацыі без упэўненасці, што мы з працадаўцам пасуем адно аднаму.

Вырашыў адкласці пошукі працы і адпачыць, але тут мяне запрасіў на сумоўе іншы аўтсорс, з беларускімі каранямі. Адное сумоўе — і мне тут жа падабралі праект, пазнаёмілі з менеджарам і камандай, мы адно аднаму спадабаліся.

Я папрасіў некалькі дзён на падумаць, але рэкруцёрка ўчапілася ў мяне мёртвай хваткай: штодня пыталася, ці не даспеў я.

Офер у выніку прыняў, умовамі задаволены, рэкруцёрцы вялікі дзякуй за настойлівасць. Плацяць на новым месцы на 400 долараў менш, але і патрабаванні адчувальна ніжэйшыя.

Дарэчы, дыяпазон зп я панізіў сам. Папярэднюю працу я знайшоў у 2021 годзе на хвалі вар’яцкага росту заробкаў, цяпер усё ўзважыў і трохі панізіў запыт па грошах.

Вынік: 

1) прапаноў вельмі мала, але ўсё ж былі, са сваёй ініцыятывы рэзюмэ не адпраўляў — рэкруцёры самі пісалі (і пішуць) мне ў LinkedIn. 

2) Калі шукаць працу як раней, патрабаваць +500, +1000 да таго, што ёсць, ты нікому не патрэбны. Варта трохі скінуць — і табе ўжо радыя, гатовыя сумовіць, рэлакаваць, падбіраць праекты пад перавагі і г. д.

Senior QA: «Тры оферы, +2000 BYN. Усё нядрэнна»

Добры дзень, я Senior QA. На ранейшым месцы мяне скарацілі праз немагчымасць пераехаць з Беларусі. 

Пошук працы актыўна вяла месяц. За гэты час было тры оферы, я абрала найлепшы. Зп цяпер у паўтара разу большая (+2000 BYN). Так што ўсё нядрэнна.

Delivery Manager: «Жудасны хайрынг у Яндэксе»

Я — Delivery Manager у мінскай ***. Праект нецікавы, хачу змяніць, але ў Беларусь заказаў прыходзіць вельмі мала. З гэтай жа прычыны не магу разлічваць на перагляд зп. Рэлакавацца цяпер таксама няма магчымасці, таму пачаў пошукі на мясцовым рынку.

У чэрвені мне напісала рэкруцёрка Яндэкса Дар’я Е. і прапанавала разгледзець наяўныя ў Мінску вакансіі. Дамовіліся з ёй пра сумоўе на пазіцыю тэхнічнага менеджара. Але потым штосьці пайшло не так. Вось як праходзіла нашая камунікацыя:

  • рэкруцёрка запрасіла сазвон у whatsapp (мне падалося вельмі дзіўным);
  • на першапачатковы кол рэкруцёрка спазнілася на 40 хвілін;
  • мы дамовіліся, што адразу пасля колу мне скінуць дзве вакансіі на выбар;
  • у той дзень мне нічога не скінулі, я пінгануў рэкруцёрку наступнага дня —яна адказала праз два дні;
  • выбралі адную вакансію, вырашылі ісці на наступны этап;
  • дамовіліся на інтэрв’ю праз 3 дні;
  • інвайту не было, інтэрв’ю не было, у дзень інтэрв’ю напісаў рэкруцёрцы —адказу не было;
  • праз чатыры дні рэкруцёрка адказала, што «былі зацяжныя выходныя», дамовіліся на новую дату;
  • інвайту не было, інтэрв’ю не было, у whatsapp рэкруцёрка не адказвала;
  • адказала па чарговых выходных, што знойдзе новы слот і вышле інвайт дзень у дзень;
  • інвайту не было, колу не было;
  • я стаміўся, больш не пісаў.

Рэзюмую: гэта была найгоршая рэкруцёрка за 12 гадоў маёй кар’еры ў ІТ. І хай бы яна сустрэлася ў маленькай кампаніі — я перастаў бы пісаць нашмат раней. Але ў Яндэксе!

Паспрабаваў звязацца з менеджарам рэкруцёркі — мне адмовілі. Пазней я пашарыў рэкруцёрцы свой фідбэк. Без адказу. 

На шчасце, такія паводзіны рэкруцёркі — выключэнне. Магчыма, праз глабальныя звальненні ў ІТ у такіх кампаніях, як Яндэкс, поўна кандыдатаў на кожную пазіцыю. Але гэта не даруе жудаснага працэсу рэкрутынгу. Можна ж напісаць: кандыдатаў шмат, паспрабую прызначыць кол найбліжэйшым часам, але, на жаль, нічога абяцаць не магу. Калі б мне так напісалі, я б наогул не меў прэтэнзій.

У цэлым прапаноў па працы на рынку РБ мала. Быў адзін офер месяцы тры таму на вельмі добрыя грошы, але я адмовіўся, бо гэта невялікая аўтсорс-кантора, а такія часта закрываюць офісы ў РБ.

Таму пакуль я вырашыў застацца ў ***. У цэлым кампанія мне вельмі падабаецца, калі б не агульны крызіс, я наўрад ці шукаў бы штосьці яшчэ.


ІТ-рэкруцёрка: «Асобная падзяка тым, хто пінгуе»

Што пра сітуацыю на рынку вакансій у РБ думае ІТ-рэкруцёрка Мар’яна Зайцава.

Мар’яна Зайцава, ІТ-рэкруцёрка

— Так, рынак вакансій у Беларусі цяпер на баку кампаній: які б дыяпазон зп ні паставіў, заўсёды знойдуцца кандыдаты. Працадаўцы гэтым карыстаюцца, разумеючы, што падушка бяспекі ў айцішнікаў вытанчаецца, а дзявацца ім няма куды. Вельмі многія кандыдаты гатовыя рухацца па заробкавых чаканнях.  Рэйты знізіліся адсоткаў на 20%, калі толькі вы не Senior з 5+ гадамі стажу і англійскай C1 або не ўладальнік спецыфічнага стэку.

У той жа час вакансій цяпер дастаткова, што праўда, патрабаванні да іх выраслі. У прыярытэце спецыялісты з 3+ гадамі досведу. І такіх кандыдатаў шмат. На сумоўях, паводле маіх назіранняў, сталі часцей прапаноўваць тэставыя. Раней тэхнічныя інтэрв’ю праходзілі ў брыф-фармаце, А цяпер даюць тэставае заданне і па яго выніках клічуць на другі этап інтэрв’ю. Або прапаноўваюць выбар: лайвкодзінг альбо тэставае.

Як рэкруцёры даюць рады вялікай колькасці кандыдатаў? Вось два прыклады вакансій з майго досведу.

1. Junior backend developer (go+html/css)

Для звужэння рыльца спецыяльна прапісала ў вакансіі досвед працы з Go і паставіла заробкавы дыяпазон, каб людзі з большымі чаканнямі не адгукаліся. У выніку за першы дзень прыйшло 56 водгукаў, з іх рэлевантных — толькі 8. У астатніх быў абсалютна іншы стэк, ніхто не працаваў з Go. Пры гэтым было шмат людзей з 3+ гадамі досведу. Такія адразу адфільтроўваюцца, бо мы шукаем кандыдата, які не сыдзе праз тры месяцы, таму што яму прапанавалі больш грошай. Для спецыялістаў са стажам такія вакансіі часта часовы прытулак у пошуку чагосьці лепшага.

2. React/React Native/Node.js

На гэтую пазіцыю стабільна атрымліваю 100+ водгукаў. Рэлевантныя там 90%, таму адбор адбываецца паводле дадатковых крытэраў (тэхналогіі, лакацыя, досвед), нуй паводле чаканняў. Рэкруцёры адразу папярэджваюць пра дыяпазон альбо перадаюць кандыдата кіраўніку, і той адмаўляе праз завышаныя чаканні.

Насамрэч усе водгукі паглядзець не ўдаецца — добра, калі адкрыеш 50. Але не думайце, што астатнія сыходзяць у нікуды, да іх могуць вярнуцца пазней. Калі зноў адкрываецца аналагічная пазіцыя, то кандыдатаў шукаюць праз архіў і тыя водгукі, якія мінулы раз засталіся без увагі.

Пра зваротную сувязь ад рэкруцёраў. На маёй практыцы кожны рэкруцёр, з якім я працавала, стараўся як мага хутчэй даць зваротную сувязь. У нашых жа інтарэсах рабіць сваю працу якасна, каб у кандыдата не склалася дрэннага ўражання пра кампанію: ён можа не прайсці па тэхналогіі на адну вакансію, але ідэальна падысці на другую.

Асобная падзяка тым кандыдатам, якія перыядычна пінгуюць рэкруцёраў у чаце. Праз наплыў паведамленняў дыялог можа знікнуць або з’ехаць уніз. Напаміналкі накшталт «чакаю адказу» / «нагадваю пра сябе» / «усё ў сіле?» дапамагаюць рабіць працу хутчэй. Ідэальна, калі кандыдат сам піша рэкруцёру ў тэлеграм або асабістыя ў LinkedIn, пазначаючы цікавую яму пазіцыю.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Крызіс мяняе рынак, але не заробкі. Айцішнікі баяцца шукаць працу. Вялікі рэсёрч
Па тэме
Крызіс мяняе рынак, але не заробкі. Айцішнікі баяцца шукаць працу. Вялікі рэсёрч
«Гэта было жудасна». Айцішнікі расказваюць, як іх скарацілі ІТ-гіганты ў 2023
Па тэме
«Гэта было жудасна». Айцішнікі расказваюць, як іх скарацілі ІТ-гіганты ў 2023
Новыя ўмовы. Палова за мяжой, джуны адміраюць. ІТ у Беларусі-2022
Па тэме
Новыя ўмовы. Палова за мяжой, джуны адміраюць. ІТ у Беларусі-2022

Читать на dev.by