«Не думаю, што ён шчаслівы»: Альтман адказаў на прапанову Маска купіць OpenAI
Гендырэктар OpenAI Сэм Альтман адрэагаваў на раптоўную прапанову Ілана Маска купіць кампанію, піша Business Insider. Ён сказаў, што лічыць гэта спробай уставіць палкі ў колы канкурэнту, і што Маск наўрад ці шчаслівы па жыцці.
«Напэўна, ён усё жыццё жыве з адчуваннем уразлівасці. Спачуваю хлопцу», — пашкадаваў Альтман Маска ў інтэрв’ю Bloomberg у аўторак у часе АІ-саміту ў Парыжы.
«Я не думаю, што ён шчаслівы чалавек. Я яму сапраўды спачуваю», — дадаў кіраўнік OpenAI.
Напярэдадні Маск прапанаваў купіць кампанію, ля вытокаў якой яны стаялі разам, за $97,4 млрд і нават сабраў групу інвестараў пад гэтую справу. Маск нібыта хоча вярнуць OpenAI на той шлях, для якога яна была задуманая — распрацоўваць бяспечны АІ, даступны для ўсіх. Альтман не прымусіў сябе чакаць з адмовай і жартам прапанаваў у 10 разоў танней купіць сацсетку Х, якая належыць Маску.
«Магчыма, ён проста спрабуе нас затармазіць. Відавочна, ён наш канкурэнт. Ён шмат працуе, ён падняў шмат грошай для xAI. Яны спрабуюць супернічаць з намі ў тэхналагічным плане, у плане вываду прадукту на рынак», — сказаў Альтман у гутарцы з Bloomberg.
«Я хацеў бы, каб ён канкураваў, проста ствараючы лепшы прадукт. Але я думаю, што было шмат іншых тактык — мноства пазоваў, усялякія іншыя шалёныя рэчы, а цяпер гэта. Мы проста закасаем рукавы і працягнем працаваць», — выказаўся Альтман. Стартап xAI, заснаваны Маскам у 2023 годзе, займаецца распрацоўкай АІ-мадэляў і пазіцыянуе сябе як прамога канкурэнта OpenAI.
Акрамя гэтага, у часе саміту Альтман заявіў журналістам, што OpenAI «не прадаецца». На пытанне рэпарцёра CNBC пра тое, наколькі сур’ёзна ён успрыняў офер Маска, Альтман адказаў, што «не асабліва».
Читать на dev.by