Вядомы айцішнік адкрыў кампанію ў Польшчы. Шэсць банкаў адхілілі заяўку на рахунак

З Польшчы прыходзіць шмат гісторый пра праблемы беларусаў з мясцовымі банкамі. Герой гэтага кейса — заснавальнік Vochi, бізнес-анёл Ілля Лесун, які цяпер жыве ў Варшаве.

34 каментарыя

Ілля разам з жонкай вырашылі зарэгістраваць кампанію, каб арганізаваць інвестыцыйную дзейнасць у Польшчы. Паводле яго слоў, зрабіць гэта было вельмі проста. Праблемы пачаліся пазней, калі яны захацелі адкрыць бізнес-рахунак — шэсць банкаў адхілілі іх заяўку.

«Некаторыя з іх казалі, што мы мігранты, некаторыя нічога не тлумачылі. Я не разумею, як такое магчыма ў Еўропе», — напісаў Ілля ў LinkedIn.

Ён таксама цікавіцца: «Калі я калі-небудзь вырашу запусціць новы стартап у Польшчы (шанс 50%, што так і будзе) і найму шмат людзей, як я буду ім плаціць? Як я буду плаціць падаткі?»

Пост сабраў больш за 40 каментарыяў са спачуваннем — не толькі ад беларусаў, але і ад польскіх інвестараў. Агульнае меркаванне — «абсалютна абуральна».

У многіх у каментарыях знайшліся падобныя гісторыі. Розныя людзі раяць звярнуцца ў mBank, PKO, Santander або Millennium як нібыта найбольш лаяльныя (нібыта аўтар мог прапусціць усе гэтыя банкі), хтосьці раіць пайсці ў неабанкі Revolut і Wise, іншыя прапануюць радыкальнае рашэнне — знайсці суаўтара з «моцным пашпартам», а хтосьці — адкрыць кампанію на Кіпры.

Чалавек з амерыканскім грамадзянствам здзіўляецца і дзеліцца сваім досведам: маўляў, ён таксама імігрант, але адкрыў ажно тры кампаніі ў Польшчы — якія могуць быць праблемы з рахункам?

«Тут (як і ва ўсёй Еўропе) банкі працуюць як падраздзяленне праваахоўных органаў, службаў бяспекі, падатковай, палітычных партый і г. д. Ваш рахунак пастаянна кантралюецца, праграмнае забеспячэнне з элементамі штучнага інтэлекту адзначае любую актыўнасць, банкаўскія супрацоўнікі і розныя агенцтвы ўручную правяраюць яго, а вашы сродкі могуць быць замарожаныя (ці нават арыштаваныя) па любым запыце падатковай інспекцыі без магчымасці абскарджання.

Банкаўскай таямніцы не існуе, канфідэнцыйнасць дадзеных — гэта міф, а права ўласнасці — проста дэкарацыя», — піша яшчэ адзін імігрант, дата-архітэктар з Кракава.

Іншы, відаць, беларус з польскім пашпартам «супакойвае», што і дакумент РП не ратуе ад праблем, сістэма можа адрэагаваць забаронай на месца нараджэння ў Беларусі.

Яму падтаквае стартапер-паляк: «Нават будучы палякам у Польшчы, мне даводзіцца атрымліваць нейкае дзіўнае пацвярджэнне ў натарыуса, каб адкрыць банкаўскі рахунак для кампаніі».

З сумнай гісторыяй у каментарыі прыйшоў беларус Слава Мазай: праз тры месяцы пасля адкрыцця бізнес-рахунку банк проста закрыў яго і выдаў грошы наяўнымі без тлумачэння прычын.

Некаторыя члены супольнасці прапануюць аўтару паста напісаць ім у асабістыя, намякаючы на асабістую дапамогу, іншыя проста выказваюць спачуванне. Адзін з каментатараў з расійскім пашпартам прапануе змагацца за свае правы:

«Паспрабуйце пісаць скаргі на парушэнне вашых правоў у штаб-кватэру банка. Я яшчэ прыгразіў, што накірую скаргі ва ўсе наглядныя органы Польшчы і Еўрасаюза. Мне адразу адказалі з банкаў, што гэта проста памылкі на месцах і, вядома, мне ўсё адкрыюць. Але пакуль ішлі адказы, я ўжо паспеў адкрыць рахунак у PKO. Там пытанняў не было».

Праўда, з кантэксту незразумела, ці ішлося пра асабісты рахунак, ці пра бізнес-рахунак (гэта зусім розныя гісторыі — фізічнай асобе адкрыць рахунак значна прасцей, чым кампаніі).

У цэлым колькасць неабыякавых водгукаў чарговы раз пацвярджае: вядзенне бізнесу ў Польшчы для грамадзян Беларусі можа быць звязана з фундаментальнымі праблемамі.


Спытаем у Іллі крыху пазней, як яму ўдалося вырашыць гэтае пытанне.

«Адказ ад банка чакаў 1,5 месяца». Як беларус паўгода адкрываў бізнес у Польшчы
Па тэме
«Адказ ад банка чакаў 1,5 месяца». Як беларус паўгода адкрываў бізнес у Польшчы

Читать на dev.by