JetBrains: кожнаму шостаму распрацоўшчыку ШІ эканоміць мінімум дзень на тыдзень
JetBrains апублікаваў свежую справаздачу Developer Ecosystem Survey пра стан супольнасці распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння. У 2025 годзе ў апытанні прынялі ўдзел 24,5 тысячы распрацоўшчыкаў са 194 краін свету.
Відавочна, ШІ становіцца базавым: 85% рэспандэнтаў рэгулярна выкарыстоўваюць тэхналогію для напісання кода і распрацоўкі ў цэлым. 62% карыстаюцца прынамсі адным асістэнтам, агентам ці рэдактарам на базе ШІ.
Астатнія 15% пакуль не ўключылі ШІ ў штодзённую працу. Прычыны — напрыклад, сумневы ў тэхналогіі, яе бяспецы і проста асабістыя перавагі.
Сярод тых, хто пасябраваў з ШІ, прыблізна для 90% рэспандэнтаў ён эканоміць мінімум гадзіну працы на тыдзень, а кожнаму пятаму — восем гадзін і больш, гэта значыць практычна адзін працоўны дзень.
68% апытаных лічаць, што ў бліжэйшай будучыні працадаўцы пачнуць патрабаваць ад кандыдатаў умення працаваць з ШІ ў абавязковым парадку.
У асноўным распрацоўшчыкі даручаюць ШІ рутыну кшталту генерацыі шаблоннага кода, пошуку інфармацыі ў сетцы, пераўтварэння кода з адной мовы ў іншую, стварэння дакументацыі і абагульнення змен. Але больш складаныя задачы, як адладка і пабудова логікі аплікацый, імкнуцца вырашаць самастойна.
Сярод рэчаў, якімі распрацоўшчыкі найбольш незадаволены, — ШІ піша не надта якасны код, ШІ не разумее складаны код і логіку, рызыкі, звязаныя з прыватнасцю і бяспекай, страх разучыцца пісаць код самастойна, а таксама неразуменне кантэксту штучным інтэлектам.
Што датычыцца моў праграмавання, за апошнія пяць гадоў найбольшы прырост прадэманстраваў TypeScript. Крыху павольней долю на рынку нарошчваюць Rust, Go і Kotlin. PHP, Ruby і Objective-C паступова здаюць пазіцыі.
Самы вялікі патэнцыял росту, на думку распрацоўшчыкаў, маюць TypeScript, Rust і Go. Топ-5 моў, якія рэспандэнты найбольш хацелі б вывучыць — Go (11%), Rust (10%), Python (7%), Kotlin і TypeScript (па 6%). Самай высокааплатнай стала Scala, пры тым што асноўнай мовай яна з’яўляецца толькі ў 2% апытаных.
Поўную версію справаздачы можна паглядзець па спасылцы.
Читать на dev.by