«Уклаў 200К, вярнуў 180». Як айцішнікі спехам прадаюць кватэры ў Мінску

Паразмаўлялі з айцішнікамі (амаль усе рэлаканты), якія ўвосень-узімку прадавалі свае кватэры ў Мінску. Публікуем 5 гісторый. 

74 каментарыяў

«Асцерагаліся, што паводле новых законаў кватэру могуць канфіскаваць»

Аб’ект продажу: трохпакаёвая кватэра ў Мінску

Цана продажу: S180 тысяч

 — Кватэру я купіў яшчэ да жаніцьбы, у новым доме цалкам за свае сродкі. Разам з рамонтам яна абышлася ў 200 тысяч долараў. Але летась кватэру прыйшлося спехам прадаваць праз боязь, што яе забяруць. 

А перадгісторыя такая. У 2020 годзе мяне пасадзілі на 15 сутак за сцяг у акне. 1,5 года не чапалі. А летам 2022 года ў кватэру прыйшоў ГУБАЗ і мяне зноў забралі. Як высветлілася, я патрапіў у ліку падазраваных у крымінальнай справе па артыкуле 369 КК РБ — за абразлівыя каментары ў дачыненні да начальніка Ганцавіцкага РАУС. Так я трапіў у ІЧУ ў Ганцавічах.

Па падазрэнні затрымаць могуць не больш як на трое сутак. Потым следчы прымае рашэнне — накіраваць падазраванага да суда ў СІЗА або адпусціць, папярэдне ўзяўшы пісьмовае забавязанне з’явіцца на першае патрабаванне ў следчыя органы. У гэтым жа дакуменце звычайна ёсць пункт, што ты згодны быць невыязным. Я ледзь угаварыў мяне адпусціць, падпісаў неабходныя паперы і ў той жа дзень паспеў з’ехаць з краіны. А ўжо наступнага дня знайшоў сябе ў базе невыязных. 

На той час ужо хадзіла інфармацыя пра завочныя суды ў Беларусі, пасля якіх улады могуць адбіраць маёмасць «па законе». Праз рызыку канфіскацыі мы і вырашылі прадаць кватэру. (Дарэчы, ужо пасля ўгоды я даведаўся, што справу меліся закрыць праз заканчэнне тэрміну даўнасці). 

Перад самым ад’ездам з краіны я паспеў аформіў генеральную даверанасць на жонку, каб яна прадстаўляла мае інтарэсы ў Беларусі: магла закрыць рахунак у банку, памяняць сім-карты, прадаць кватэру і да т. п.

Але з продажам узніклі некаторыя пытанні. Рэч у тым, што жонка не была ўласніцай кватэры, а пакупнікі часта зацікаўленыя ў прысутнасці якраз уласніка жытла пры ўкладанні ўгоды. І чым вышэйшая цана, тым менш шанцаў, што пакупнікі захочуць правесці ўгоду без прысутнасці ўладальніка. Таму, каб прадаць кватэру, мне спачатку трэба было яе падарыць жонцы.

Па генеральнай даверанасці гэтага няможна было зрабіць. Спатрэбілася аформіць дароўную на жонку да ўкладання ўгоды аб продажы кватэры. Але для гэтага трэба было аформіць яшчэ адную даверанасць — спецыяльна для дарэння маёмасці. Такі дакумент можна зрабіць за мяжой.

Для Польшчы алгарытм быў такі:

  1. Ідзеш да польскага натарыуса і робіш даверанасць. Змесціва можа быць на рускай мове.
  2. Ідзеш у суд і кажаш, што табе трэба пацвердзіць даверанасць для апастыля. Там цябе папросяць аплаціць пошліну і забяруць даверанасць, каб праставіць на ёй пацверджанне, што натарыус рэальны.
  3. Прастаўляеш апастыль, папярэдне запісаўшыся тут.

>>>Поўны алгарытм пра аддаленую падрыхтоўку даверанасці тут.

Я не мог прыехаць у Беларусь. Такую даверанасць аформіў на маці жонкі, каб менавіта яна выступала дарыльшчыцай кватэры, а жонка — асобай, якая прымае дар. І толькі пасля таго, як нашыя сябры прывезлі даверанасць у Беларусь, жонка разам з цешчай пайшлі да натарыуса і аформілі дарэнне кватэры — нерухомасць была перапісаная на жонку.

Для продажу кватэры мы прыцягнулі агенцтва нерухомасці, каб зберагчы свае нервы. Супрацоўнік агенцтва, які займаўся ўкладаннем угоды, размясціў аб’явы на сайтах (realt.by, onliner і да т. п.). Папярэдне фатограф зрабіў 3D здымку кватэры, каб пакупнік як бы мог па ёй пахадзіць. За паслугі агенцтва заплацілі 2,2 тысячы долараў.

Кватэру прадалі на працягу двух месяцаў. Праглядаў было ўсяго два з разбежкай у тры тыдні. Шмат чуў пра расійцаў, што скупляюць нерухомасць, але ў нашым выпадку пакупнікамі выявіліся беларусы.

У дзень укладання ўгоды патрэбныя былі:

  • уласнік з пашпартам;
  • дакументы на кватэру;
  • тэхпашпарт кватэры;
  • выпіскі аб адсутнасці запазычанасцей;
  • чэкі аплаты камуналкі;
  • чэкі аплаты з ТС;
  • дамова аб задатку.

Угоду афармлялі праз банк. Пакупнік канвертаваў наяўную валюту ў рублі, перавёў іх на наш рахунак, атрыманыя грошы мы тут жа назад канвертавалі ў валюту і перавялі на свой валютны рахунак.

Першапачаткова мы выставілі кватэру за 190 тысяч долараў, але ў выніку пагадзіліся на зніжку і прадалі за 180 тысяч долараў. Не хацелася рызыкаваць, а хацелася хутчэй прадаць. Калі б не спешка, мяркую, як мінімум вярнулі б укладзеныя сродкі.

«Купілі кватэру ў крэдыт для здачы ў арэнду. Але пачалася вайна»

Аб’ект продажу: аднапакаёвая кватэра ў Мінску, 40 кв. метраў

Цана продажу: $80 тысяч

— Кватэру мы купілі на пачатку 2021 года, каб здаваць яе ў арэнду і атрымліваць пасіўны прыбытак. Кватэра абышлася ў 60 тысяч долараў, з якіх уласных сродкаў выдаткавалі толькі 10%, а астатняя сума — банкаўскі крэдыт на 54 тысячы долараў у эквіваленце. Крэдыт бралі на 20 гадоў на максімальную суму, былі спадзевы, што пасля 2020 года нацыянальная валюта ўпадзе.

За год, не спяшаючыся, зрабілі добры рамонт, уклаўшы яшчэ 18 тысяч долараў. Кастамная кухня, мяккая мэбля, шафы, уся бытавая тэхніка сярэдняга цэнавага сегмента. Хацелі здаваць па высокай цане — 500 долараў, каб адсекчы студэнтаў і праблемныя сем'і.

Палічылі, што тэрмін акупнасці пры жаданай цане арэнды — 10 гадоў. Хоць гэта лабараторныя ўмовы, у рэальнасці спатрэбяцца пара-тройка касметычных рамонтаў, так што хутчэй за 11-12 гадоў. Здаваць думалі да старасці, каб быў даход на пенсіі. Прычым, планавалі, што гэта будзе не адзіная кватэра пад здачу ў арэнду.

Але ў выніку кватэры так і не здалі, ніводнага дня ў ёй аніхто не жыў. Пачалася вайна, народ пачаў з’язджаць, цэны на арэнду ўпалі. Мы з жонкай вырашылі рэлакавацца, таму захацелі кватэру прадаць, забраць грошы і з’ехаць. Але хутка не атрымалася.

Кватэру прадавалі з дапамогай знаёмай жанчыны-агента, ужо знаходзячыся за мяжой. Я ў сакавіку з’ехаў на work from anywhere, пракаціўся па Еўропе, потым асеў у Варшаве, бо тут офіс маёй кампаніі, і пачаў легалізацыю.

Час ад часу мы прыязджалі ў Мінск. У адзін з такіх прыездаў зрабілі на сваяка даверанасць на распараджэнне маёмасцю. Калі не здраджвае памяць, заплацілі за ўсю працэдуру каля 60 рублёў.

За ўвесь час былі толькі тры патэнцыйныя пакупнікі.

З выніковым пакупніком у асноўным гутарыў агент, мы сустрэліся ўжо пры ўкладанні ўгоды — у снежні 2022.

Кватэру ўдалося прадаць за 80 тысяч долараў. Ці то страцілі, ці то зарабілі на ёй, будзе зразумела пасля выплаты крэдыту. Многае будзе залежаць ад дынамікі курса долара. Спадзяюся, ён вырасце. У нас ашчаджанні ў валюце, а выплачваем крэдыт у рублях. Пагашаем доўг анлайн з невялікім апярэджаннем графіка (у першыя год стаўка была 9%, потым вырасла да 15%). Насамрэч пра «зарабіць» гаворкі не вядзецца. Радыя, што здолелі прадаць, бо наўрад ці б змаглі здаваць за планаваную цану, а сума з продажу дапаможа вырашыць кватэрнае пытанне ў Варшаве.

«Многія завышаюць цэны, спадзеючыся прадаць даражэй грамадзянам Расіі. Але рынак цяпер іншы»

Аб’ект продажу: аднапакаёвая кватэра ў Мінску, 43 кв. метры

Цана продажу: $50 тысяч

— Я купіў кватэру два гады таму яшчэ на этапе будаўніцтва ў «Мінск Свеце» прыкладна за 40 тысяч долараў. Цалкам за свае грошы. Па-мойму, тады былі зніжкі айцішнікам, акрамя таго, калі сплачваеш усю суму адразу, то цана квадратнага метра атрымлівалася вельмі нізкай.

У мяне былі зусім іншыя планы, але праз сітуацыю ў краіне я вырашыў не ўкладвацца ў рамонт і прадаць кватэру. У Беларусі не відаць святла ў канцы тунэлю. Вырашыў з’ехаць у Польшчу, буду шукаць варыянты куплі нерухомасці там.

Для продажу кватэры прыцягнуў агенцтва нерухомасці. Паслугі абышліся ў тысячу долараў. Калі выстаўляў кватэру на продаж, а гэта было ўвосень мінулага года, у гэтым жа доме прадаваліся яшчэ 5-6 кватэр. А праз месяц такіх аб’яў стала больш за 20.

Заўважыў, што многія завышаюць цэны на 5-15% вышэй за рынак, спадзеючыся прадаць даражэй грамадзянам Расіі. Але рынак цяпер іншы. У сувязі з тым, што шмат дамоў у гэтым раёне здаецца ў эксплуатацыю, становіцца больш выбару, адпаведна, цэны плаўна зніжаюцца.

https://unsplash.com/photos/KLcAbPJ_cgY

Як ні дзіўна, але я ў выніку прадаў кватэру грамадзянам Расіі. За 50 тысяч долараў і без торгу. Пакуль я ў Беларусі, жыву на здымнай кватэры ў цэнтры Мінска. Звольніўся з працы, каб адпачыць.

Пераезд у Польшчу планую ўлетку, тады ж будуць шукаць новую працу.

Кватэру для куплі буду шукаць пасля легалізацыі. Чаму вырашыў прадаць уласную кватэру і жыць на здымнай да ад’езду? Кватэра была без рамонту. Не бачыў сэнсу выкідваць 25 тысяч долараў на рамонт толькі дзеля таго, каб не плаціць за арэнду. У цяперашніх рэаліях не думаю, што гэтыя выдаткі былі б апраўданыя.

Дарэчы, я яшчэ дом прадаю — у 60 кіламетрах ад Мінска. Будаваў яго сам. 120 кв. метраў, цана — 90 тысяч долараў. Але цяпер несезон, дом мала каму патрэбны, тым больш у садовым таварыстве. Сезон пачнецца ў красавіку. Але дом складаней прадаць, чым кватэру. Агент сказаў, што можа прадавацца 1-3 гады.

«Прадаў айцішніку з Азіі без зніжак»

Аб’ект продажу: навабуд у Мінску

Цана продажу: каля $120 тысяч

— Купляў кватэру ў навабудзе за 120+ тысяч долараў. Планаваў рабіць рамонт пад сям’ю з дзецьмі. І паўстаў выбар — укладваць у рамонт 30-50+ тысяч долараў або прадаваць і думаць, што рабіць далей. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», вырашыў, што ўкладвацца рызыкоўна з улікам вайны ў суседзяў.

Рамонт дарагі, перспектыва акупнасці рамонту сумніўная. Сітуацыя ў краіне не заахвочвае да такіх доўгіх інвестыцый. Пытанне нявызначанасці і патэнцыйнай страты працы ў краіне, звязанай экспартам паслуг, яшчэ больш абцяжарвае выбар у гэты бок. Перспектыва заахвочвала зрабіць выбар у бок змены краіны. Таму вырашыў прадаць кватэру, каб знайсці надзейнейшае прымяненне сваім грошам.

Для ўкладання ўгоды падключыў агенцтва. Прадаваў кватэру, пакуль яшчэ быў у Беларусі. Гэта заняло адзін месяц. Рыэлтарка прапаноўвала па адным патэнцыйным пакупніку штотыдзень, але з абмоўкай. Яны былі згодныя толькі на цану, ніжэйшую за маю. Я адмовіўся. У выніку прадаў кватэру айцішніку з Азіі без страт, без зніжак, па цане, па якой купляў.

«Кватэра не прадалася — адпуджвае раён і стан пад’езда»

Аб’ект продажу: аднапакаёвая кватэра ў Мінску

Цана продажу: $38 тысяч

— Кватэру я купіла яшчэ ў 2016 годзе за 39 тысяч долараў. Уклала палову сваіх сродкаў, палову ўклалі бацькі.

Але ў 2021 годзе з’ехала з краіны ў Грузію, вяртацца не планавала. Кватэра амаль год стаяла пустая. Вырашыла яе прадаць.

У жніўні мінулага года спісалася з агентам, з якім я кватэру і купляла. Агент адразу сказаў, што кватэры цяпер прастойваюць, сыходзяць павольна, прапанова значна перавышае попыт. Ёсць шанец з кватэрамі каля метро / цудоўным рамонтам / у добрым раёне (альбо ўсё ў сукупнасці).

Мая ж кватэра знаходзіцца ў Дражні-2, у раёне з не вельмі добрай экалогіяй, не каля метро. Дом 1982 года. Сама кватэра ў добрым стане, рамонту 8 гадоў, плюс я гатовая была прадаваць яе з усімі «вантробамі» (мэбля, тэхніка, іншае).

Агент сумленна папярэдзіў, што для выстаўлення па нармальнай цане добра б зрабіць касметычны рамонт. На жаль, гэта было немагчыма: для гэтага трэба было знаходзіцца ў краіне нейкі час і мець дадатковыя сродкі, якія ў мяне сыходзяць цяпер на жыццё ў іншай краіне.

У выніку мы першапачаткова выставілі кватэру за 38 тысяч долараў. Было некалькі праглядаў. Па кватэры не было пытанняў, але амаль усіх адпудзіў стан пад’езда і раён.

Аб’ява правісела прыкладна два месяцы, і я ў выніку вырашыла адмовіцца ад продажу, а здаваць кватэру ў арэнду. 

Атрымалася знайсці арандатара за два тыдні. Здаю за 570 рублёў + камунальныя паслугі і інтэрнэт. Арандатар пералічвае грошы мне на картку беларускага банка. Не шкадую, бо кватэра не прастойвае.

Айцішнік купіў дом у Польшчы. Як атрымаць дазвол у 2022, калі адмоў большае
Па тэме
Айцішнік купіў дом у Польшчы. Як атрымаць дазвол у 2022, калі адмоў большае
«Заплатил за год». Как айтишники ищут квартиры от Батуми до Мальме
По теме
«Заплатил за год». Как айтишники ищут квартиры от Батуми до Мальме
Как купить квартиру в Польше, Грузии, Албании. 4 истории от айтишников
По теме
Как купить квартиру в Польше, Грузии, Албании. 4 истории от айтишников

Читать на dev.by