Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Па-сапраўднаму рэалістычная гульня». Як альтэрнатыўныя «танчыкі» ваявалі з Wargaming

Пагаварылі са сведкам. 

1 каментарый
«Па-сапраўднаму рэалістычная гульня». Як альтэрнатыўныя «танчыкі» ваявалі з Wargaming

Пагаварылі са сведкам. 

Нядаўна Андрэй Шубадзёраў, які ў 2015–2018 гадах працаваў Head of Special Projects кампаніі Wargaming, расказаў аб заканчэнні праекта «Танкалёт». Па ўсім відаць, гэта азначае, што ў Belavia больш не будзе самалётаў з брэндаванымі ліўрэямі World of Tanks, якія з ліпеня 2016 года здзейснілі тысячы палётаў па свеце з Мінска і назад. Так амаль праз чатыры гады пасля сыходу Wargaming з Беларусі перагарнулася апошняя беларуская старонка ў гісторыі самага паспяховага беларускага гульнявога праекта, які двойчы трапляў у Кнігу рэкордаў Гінеса і атрымаў чатыры прэстыжныя для гульнявой індустрыі ўзнагароды Golden Joysticj Awards.

Наўрад ці хто-небудзь прадугледжваў такі зыход (у абодвух сэнсах гэтага слова) у той перыяд, калі сумесны праект гэймдэв-кампаніі і нацыянальнага авіяперавозчыка толькі запускаўся.

У сярэдзіне 2010-х гадоў перспектывы масавага рэлакейта з Беларусі выглядалі як нешта фантастычнае. І ў стваральнікаў WoT былі зусім іншыя праблемы, якія вырашаліся ў тым ліку і такім незвычайным самалётным піярам.

«Танкалёты» Belavia ў 2018 годзе. Фота: airport.by

Адной з гэтых праблем стала з’яўленне адразу некалькіх канкурэнтаў World of Tanks, якія, натхніўшыся поспехам гульні, пачалі актыўна змагацца за яе аўдыторыю.

На постсавецкай прасторы самымі вядомымі альтэрнатыўнымі «танчыкамі» сталі з 2013 года War Thunder ад Gaijin і з 2015 года «Armored Warfare: праект Армата» ад Obsidian Entertainment (пазней — ад Mail.ru Group). Барацьба атрымалася досыць вострай, і нават больш за 10 гадоў пасля яе пачатку стрымеры, геймеры і іншыя інфлюэнсеры працягваюць параўноўваць гэтыя гульні і пераконваць адзін аднаго ў перавазе і непаўнавартаснасці той ці іншай.

Аб тым, як пачыналася канкурэнцыя «танчыкаў» з «тундрай» і «арматай» і як яе ўспрымаў унутры каманды распрацоўшчыкаў World of Tanks мы пагаварылі з Андрэем*, супрацоўнікам сектара камьюніці, які працаваў у Wargaming у той час.

— Што вы памятаеце пра той перыяд у сярэдзіне 2010-х, калі War Thunder пачаў касплеіць WoT і актыўна змагацца за вашу аўдыторыю?

— Справа ў тым, што цалкам касплеіць WoT яны не спрабавалі. War Thunder прасоўвалася як альтэрнатыва, як «сапраўды рэалістычная гульня, а не аркада, у якой ёсць палоска HP і знікаюць лічбы пашкоджанняў». Таму іх прасоўванне было выключна ў бок «сапраўднага рэалізму», «па-сапраўднаму рэалістычных гукаў», «па-сапраўднаму рэалістычнай графікі» і гэтак далей.

— «Касплей», мабыць, не самае ўдалае слова. Гаворка ідзе пра той перыяд, калі WoT «выстраліў», і ў Gaijin вырашылі перарабіць свой новы анлайн-авіясімулятар, пераемнік для «Іл-2: Штурмавік», у гульню, у якой таксама можна было б ваяваць на танках. Як вы думаеце, гэтае рашэнне было прынята пад уплывам поспеху WoT? І ў чым была іх «фішачка», чым яны прыцягнулі ўвагу?

— Ну глядзіце. У іх быў уласны гульнявы рухавік, які мог падтрымліваць вялікія па плошчы, разлічаныя на паветраныя баі карты, і даволі нядрэнную графіку. Таму многіх людзей такая гульня зацікавіла.

Для таго, каб дакладна адказаць на пытанне аб уплыве поспеху WoT на рашэнне стваральнікаў «тундры», трэба ведаць унутраную кухню кампаніі, дзе кіруюць «браты-акрабаты» [стваральнікі кампаніі Gaijin, штаб-кватэра якой цяпер знаходзіцца ў Венгрыі — расіяне браты Антон і Кірыл Юдзінцовы]. Таму на гэтую тэму мы можам толькі рабіць здагадкі.

Думаю, што WoT на іх паўплываў крыху інакш. Хутчэй, ён падштурхнуў іх да стварэння каманднага анлайн-шутэра. Таму што да гэтага ў іх быў немалы і даволі нядрэнны досвед стварэння сюжэтных гульняў пра баявыя самалёты.

— Вы памятаеце, якімі былі першапачатковыя асцярогі пасля выхаду на рынак версіі War Thunder, у якой гульцам прапанавалі магчымасць гуляць і на танках? І наколькі гэтыя асцярогі спраўдзіліся?

— Наколькі я памятаю, моцных асцярогаў з гэтай нагоды ў нас асабліва і не было. Таму што іх версія анлайн-шутэра моцна адрознівалася ад нашай гульні, у тым ліку прынцыпамі гульнявога прагрэсу. І усе пра гэта ведалі. У іх былі тры рэжымы гульні:

Калаж са скрыншотаў гульняў War Thunder і World of Tanks
  • «спрошчаны», які не моцна адрозніваўся ад нашага і таму меў самую вялікую аўдыторыю;
  • «паўрэалістычны»;
  • «рэалістычны» (зусім без гульнявых маркераў, у якім усё павінна было залежаць ад досведу гульца).

Мы чакалі, што нашы гульцы сходзяць туды паспрабаваць, але застацца там захоча відавочная меншасць. Таму што адрозненняў было занадта шмат.

— А як вы змагаліся з перацяканнем гульцоў да канкурэнтаў? Улічваючы досыць агрэсіўную рэкламную кампанію таго ж War Thunder яго ж проста не магло не быць?

— Няпроста ўзгадаць. Калі нічога не блытаю, адным з напрамкаў барацьбы стала паляпшэнне графічнага складніку WoT, паляпшэнне гукаў у гульні, паляпшэнне механікі прабіццяў. Таксама на нашую распрацоўку пастаянна ўплывалі пажаданні гульцоў атрымаць «сумленны балансіроўшчык», які браў бы пад увагу скіл гульцоў, [а не толькі ўзровень і клас танка, на якім гульцы заходзяць у бой].

Наколькі магу меркаваць, такога складанага балансіроўшчыка ў гульні дасюль няма, але нейкія крокі ў гэтым напрамку рабіліся. І вось гэтыя працы якраз і стымулявалі згадванні гульцоў аб балансе ў «тундры». Які, на мой погляд, лепшым не быў, але адрозніваўся — і нашыя гульцы да яго апелявалі.

— Добра, з гульцамі зразумела. А супрацоўнікаў Wargaming канкурэнты перацягвалі?

— Пра такое з боку Gaijin, шчыра кажучы, не чуў. «Браты-акрабаты» заўсёды былі даволі сквапнымі, таму свае офісы распрацоўкі і аперавання амаль з самага пачатку засунулі ў горад Варонеж. Заробкі там былі не асабліва высокімі, таму наўрад ці маглі зацікавіць каго-небудзь з нашых супрацоўнікаў.

Іншы канкурэнт, Mail.ru, з гэтага боку быў больш небяспечным. І некаторых нашых супрацоўнікаў сапраўды змог перацягнуць для свайго танкавага анлайн-шутэра. Які на самай справе быў створаны як відавочны касплей WoT.

— А у далейшым Wargaming запускаў якія-небудзь гульнявыя праекты з аглядкай на канкурэнтаў?

— Аб падобным я нічога не чуў. Таму што ўяўленні нашага кіраўніцтва аб паспяховым камандным анлайн-шутэры не супадалі з канцэпцыяй «сапраўды рэалістычнага рэалізму», якую выкарыстоўвалі пры кампаноўцы і ў прасоўванні «тундры».

Нашы гульні вельмі адрозніваліся, каб весці сур’ёзную размову аб канкурэнцыі за аўдыторыю. Мне здаецца, мы з War Thunder абапіраліся на розныя часткі аўдыторыі, таму што зусім ужо адкрыта за гульцоў не біліся. Вы самі ў «тундру» гуляць спрабавалі?

— Не.

— Тады коратка распавяду. У іх прагрэс, развіццё ўнутры танка пабудавана інакш. Ён заснаваны на паляпшэнні боепрыпасаў і таго абсталявання, якое ў WoT гулец можа проста набыць за унутрыгульнявую валюту: стабілізатараў, супрацьаскепкавага падбоя, грунтазачэпаў. То бок у пачатку гулец фактычна атрымлівае аслаблены танк без такога абсталявання, з малым выбарам боепрыпасаў. І, гуляючы, у баях назапашвае досвед, за які ўсё гэта адкрывае. Потым ён за досвед адкрывае наступны танк, і ўсё паўтараецца. А потым, калі ён адкрыў і даследаваў усе даступныя машыны ў «эпосе», ён адкрывае танк наступнай «эпохі», купляе яго, атрымліваючы такім жа аслабленым, паступова паляпшае — і ўсё паўтараецца.

Такая схема развіцця падыходзіць не ўсім. І ў «тундру», наколькі магу меркаваць па сваіх знаёмых, пераходзілі тыя гульцы ў WoT, якія ад нашай гульні моцна стаміліся. І хацелі атрымаць «сумленную рэалістычную гульню» ў тым самым хардкорным рэжыме, якога ў нас не было.

— Хм. Але калі яны не былі вашымі зусім ужо прамымі канкурэнтамі, можа быць, вы запускалі з імі якія-небудзь  калабарацыі?

— Ні разу не чуў пра такое. Хутчэй, тут таксама была канкурэнцыя. Прычым нават у дробязях, накшталт стварэння івэнтаў, прымеркаваных да якіх-небудзь гучных падзей кшталту Дня касманаўтыкі ці 1 красавіка.

World of Tanks — шматкарыстальніцкая анлайн-гульня пра танкі і іншыя баявыя браніраваныя машыны, рэліз якой адбыўся ў жніўні 2010 года. Распрацоўшчык і выдавец World of Tanks — кампанія Wargaming з беларускімі каранямі, якая ў 2011 годзе перавяла штаб-кватэру на Кіпр. Да 2022 года самы шматлікі офіс распрацоўкі World of Tanks знаходзіўся ў Мінску, але пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну кіраўніцтва Wargaming прыняло рашэнне аб поўным сыходзе з расійскага і беларускага рынкаў. Зараз офісы кампаніі размешчаны, у тым ліку, у Вільне, Варшаве, Кіеве, Белградзе, Празе, Токіа, Осціне, Чыкага і іншых гарадах. Паводле ацэнкі партала аб відэагульнях QM Games і PlayerCounter, да студзеня 2024 года франшыза World of Tanks (разам з роднаснымі гульнямі World of Tanks Blitz і World of Tanks Modern Armor) прынесла у сукупнасці $7 млрд выручкі. Агульная колькасць зарэгістраваных у гульні за паўтара дзесяцігоддзя карыстальнікаў дасягнула адзнакі ў 350 млн. 

War Thunder — яшчэ адна шматкарыстальніцкая гульня аб ваеннай тэхніцы, у якой задзейнічана не толькі наземная бранятэхніка, але і самалёты з баявымі караблямі. Гульню, прадстаўленую на рынку з жніўня 2013 года, распрацавала кампанія з расійскімі каранямі Gaijin, якая дагэтуль ёю і аперуе. У 2015 годзе кампанія адкрыла офіс у Будапешце, а неўзабаве перанесла туды і штаб-кватэру. Зараз Gaijin Entertaiment пазіцыянуе сябе як «незалежнага еўрапейскага распрацоўшчыка» з офісамі ў Германіі, на Кіпры, у Латвіі, ААЭ і Арменіі. Паводле звестак PlayerCounter, да лістапада 2022 года ў War Thunder было зарэгістравана больш за 70 млн гульцоў. Па ацэнках гэтай жа платформы, гульня прыносіць выручку больш за $100 млн у год. 

Шматкарыстальніцкую анлайн-гульню Armored Warfare: , у якой гульцы могуць змагацца на танках і іншай бранятэхніцы, у 2012 годзе пачала распрацоўваць амерыканская гэймдэв-кампанія Obsidian Entertaiment. У 2017 годзе распрацоўка перайшла да кампаніі My.Games — гульнявога падраздзялення расійскай Mail.ru, якая, у сваю чаргу, цяпер належыць VK. Выдае Armored Warfare кампанія Wishlist Games, зарэгістраваная на Кіпры. Паводле звестак Raijin.gg база гульцоў Armored Warfare налічвае 0,55 млн чалавек; гульня да 2026 года прынесла каля $9 млн выручкі. 


* — імя суразмоўцы зменена

Варгеймеры прадавалі крутыя заплечнікі і гадзіннікі — а як з гэтым у Lesta? Здаецца не так тлуста
Варгеймеры прадавалі крутыя заплечнікі і гадзіннікі — а як з гэтым у Lesta? Здаецца, не так тлуста
Па тэме
Варгеймеры прадавалі крутыя заплечнікі і гадзіннікі — а як з гэтым у Lesta? Здаецца, не так тлуста
Новыя менеджары адмена штрафаў непатызм? Як жыве мінская Lesta пасля нацыяналізацыі «мамы»
Новыя менеджары, адмена штрафаў, непатызм? Як жыве мінская Lesta пасля нацыяналізацыі «мамы»
Па тэме
Новыя менеджары, адмена штрафаў, непатызм? Як жыве мінская Lesta пасля нацыяналізацыі «мамы»
Чытайце таксама
У сеціве завірусіўся выкладчык, які на прыкладзе Assassin's Creed тлумачыць дзецям прамысловую рэвалюцыю ў Англіі
У сеціве завірусіўся выкладчык, які на прыкладзе Assassin's Creed тлумачыць дзецям прамысловую рэвалюцыю ў Англіі
У сеціве завірусіўся выкладчык, які на прыкладзе Assassin's Creed тлумачыць дзецям прамысловую рэвалюцыю ў Англіі
«Леста» вінная дзяржаве больш за 140 мільёнаў даляраў
«Леста» вінная дзяржаве больш за 140 мільёнаў даляраў
«Леста» вінная дзяржаве больш за 140 мільёнаў даляраў
2 каментарыя
Epic Games звольніць больш за 1 000 супрацоўнікаў з-за падзення цікавасці да Fortnite
Epic Games звольніць больш за 1 000 супрацоўнікаў з-за падзення цікавасці да Fortnite
Epic Games звольніць больш за 1 000 супрацоўнікаў з-за падзення цікавасці да Fortnite
«Самае жахлівае інтэрв'ю за маю кар'еру». Як імідж крутой кампаніі разваліўся за гадзіну — гісторыя
«Самае жахлівае інтэрв'ю за маю кар'еру». Як імідж крутой кампаніі разваліўся за гадзіну — гісторыя
«Самае жахлівае інтэрв'ю за маю кар'еру». Як імідж крутой кампаніі разваліўся за гадзіну — гісторыя
Сумоўе адвярнула ад працы мары.
17 каментарыяў

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

1

вельмі цікава, але няма гісторыі як экс-майлру кіраўніца івэнтаў адмывала грошы з бюджэтаў на івенты і як лабіравала звальненне ўсіх, хто абураўся гэтым