«Мой заробак ужо пазамежавы». Як маюцца супрацоўнікі Wargaming (з'ехала) і Lesta (засталася)

Даведаліся, як маюцца епамаўцы паўсюль. Пераходзім да варгеймераў.

Увесну 2022 Wargaming заявіў пра сыход з Беларусі і Расіі. Гульнявы бізнэс быў перададзены ў лакальнае кіраванне расійскай Lesta Studio. Частка мінскай каманды пераехала, у прыватнасці, у Літву і Польшчу. 

Спыталі ў супрацоўнікаў Wargaming і Lesta, як маюцца іхнія кампаніі сёння.

51 каментарыя
Змест

У Wargaming — 10+ офісаў у розных краінах. Глабальны штат на сёння налічвае 3500+ супрацоўнікаў. Да вайны ва ўсіх лакацыях працавала 5400 супрацоўнікаў. Найбуйнейшы офіс быў у Беларусі — каля 2 тысяч спецыялістаў. 

Сёння, пасля падзелу бізнэсаў, каманда паменшала на 35-40%. «Дно» з пункта гледжання памеру штату Wargaming прайшла ў верасні 2022 (2800+ чалавек).

Бізнэс

Гадавы даход Wargaming ацэньваецца ў 1+ мільярд долараў.

Ад восені мінулага года гульні Wargaming у Беларусі і Расіі выпускаюцца пад новымі назвамі. Гэта адбылося з прычыны сыходу Wargaming з беларускага і расійскага рынкаў і перадачы расійскай Lesta Games правоў на аперацыйную дзейнасць і падтрымку гульняў у Беларусі і Расіі.

CFO Wargaming Эндру Ціні ў інтэрв’ю gagadget падзяліўся падрабязнасцямі сыходу кампаніі з Беларусі і Расіі.

Паводле яго слоў, рашэнне аб закрыцці бізнэсу было прынятае 30 сакавіка 2022 года. Wargaming пачала працэдуру продажу расійскага юрыдычнай асобы за восем дзён увядзення Расіяй абмежаванняў на ўгоды з удзелам міжнароднага бізнэсу. Юрыдычнае пагадненне аб продажы расійскай Lesta было падпісанае 31 сакавіка. «З гэтай угоды мы не атрымалі ні цэнта», — заявіў Эндру Ціні.

Таксама ад 1 ліпеня кіпрская «ВАРГЕЙМІНГ ГРУП ЛІМІТЭД» перастала быць уласніцай беларускай кампаніі «Гейм Стрым» (юрыдычная асоба Wargaming у Беларусі). Паводле слоў Эндру Ціні, калі б Wargaming зацягнула продаж бізнэсу ў Беларусі на восем гадзін, «нас бы нацыяналізавалі». Якраз 1 ліпеня выйшла пастанова ўрада аб забароне акцыянерам з недружалюбных дзяржаў адчужаць долі ў беларускіх юрасобах без дазволу Мінфіна. У спісе апынулася 190 кампаній, у тым ліку «Гейм Стрым».

У выніку сыходу з Беларусі і Расіі Wargaming страціла 250 мільёнаў долараў, сцвярджае Эндру Ціні. Толькі ў жніўні мінулага года кампанія вярнулася да бясстратнай дзейнасці. Але давялося прадаць адзін з актываў — студыю ў Сіднэі.

Wargaming — Літва

Бізнэс

Даход Wargaming Vilnius за гэты год ужо перавысіў 76 мільёнаў еўра. Гэта ў тры разы больш, ніж летась. Чысты прыбытак кампаніі таксама вырас у тры разы да 6,2 мільёна еўра (паводле звестак rekvizitai.vz.lt).

Wargaming — другі найбуйнейшы падаткаплацельшчык у літоўскім ІТ (пасля EPAM). За дзевяць месяцаў кампанія заплаціла амаль 12 мільёнаў еўра падаткаў — у 2,3 разы больш, ніж за такі ж перыяд мінулага года.

Сярод кампаній з беларускімі каранямі Wargaming на другім месцы па колькасці супрацоўнікаў (пасля EPAM). У літоўскім офісе зарэгістравана больш за 930 чалавек. У 2023 колькасць штату даходзіла да 1000+ супрацоўнікаў.

Пра тое, як працуецца ў літоўскім Wargaming, dev.by расказала супрацоўніца.

— Я рэлакавалася ў Літву з калегамі з іншай кампаніі. Мяне перавезлі з заробкам джуна, хоць незадоўга да рэлакацыі стала мідлом, і абяцалі павысіць заробак праз год. Але праз паўгода стукнуў крызіс і мне сказалі, альбо я згаджаюся працаваць за гэты заробак, альбо магу звальняцца, бо ўтрымліваць няма чым.

На рукі я атрымлівала больш за 800 долараў. Мае калегі на той жа пазіцыі на рукі атрымлівалі ў тры разы больш, бо сталі мідламі за адзін-два месяцы да пераезду.

У выніку я вырашыла звольніцца. Сумовілася і ў беларускія, і літоўскія кампаніі, у выніку пайшла працаваць у Wargaming. Выбар быў абумоўлены некалькімі прычынамі.

  • Чула шмат добрых водгукаў аб умовах працы ў Wargaming, у тым ліку датычна заробкаў і страхоўкі.
  • На дадзеным этапе міграцыі хацелася быць бліжэй да беларускай кампаніі.
  • Была дзіцячая мара папрацаваць з гульнямі.

Першыя месяцы было цяжка. Я шмат працавала, каб стаць самастойнай супрацоўніцай. Мне выдалі дакументацыю для навучання, таксама было некалькі ментараў, якія дапамагалі. Сама дадаткова вывучала аспекты гульнявой сферы ў вольны час. Чамусьці давялося вучыцца толькі на практыцы і ў працэсе працы.

Заробак

Wargaming уваходзіць у топ-10 ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў Літве паводле сумы заробку. У верасні сярэдні заробак у кампаніі перавысіў 5,1 тысячы еўра, медыянны заробак склаў 4,6 тысячы еўра.

 — Пасля пераходу ў Wargaming мой заробак грос вырас на 30%. Заробак пераглядаюць раз на год. Таксама раз на год (у сакавіку) кампанія выплачвае прэміі. 

Да 11 500 еўра. Колькі плацяць і каго шукаюць нашыя кампаніі ў Літве
Па тэме
Да 11 500 еўра. Колькі плацяць і каго шукаюць нашыя кампаніі ў Літве

Умовы працы

— Не так даўно кампанія ўвяла абавязковую працу ў офісе (3 дні на тыдзень). Але ўсім супрацоўнікам даюць час спакойна перанесці абсталяванне і ўладкавацца. Пра нейкія карныя меры за ненаведванне не чула. Здаецца ўсе больш-менш спакойна вяртаюцца. У мяне ёсць магчымасць часам папрацаваць з дому, але пасля двух гадоў поўнасцю аддаленай працы офіс — гэта як глыток свежага паветра.

Насамрэч асноўная маса (дзесьці 70-80%) і так ходзіць у офіс усе будныя дні. Гэта зручней у кантэксце вырашэння нейкіх пытанняў. Аддалена адказ на важнае паведамленне я магла чакаць ад паўгадзіны да трох гадзін, бо чалавек на мітах або захоплены працай і не бачыць паведамленняў. Цяпер ты заўсёды можаш падысці, нешта паказаць, абмеркаваць і вярнуцца да працы.

У ліку стымулаў хадзіць у офіс, напэўна, аплачваныя абеды, нейкія святочныя міні-мерапрыемствы. Магчыма, потым кампанія прыдумае яшчэ нешта.

У Wargaming няма жорсткай іерархі «ліды / не ліды». Ёсць больш дасведчаныя супрацоўнікі і менш дасведчаныя, але ты не адчуваеш сябе «меншым» за кагосьці іншага. Няма адчування, што ў цябе ёсць нейкае начальства. Усе роўныя паміж сабой незалежна ад тэрміну працы ў кампаніі.

У камандзе шмат калег-мужчын, але мне камфортна з імі працаваць. Я крыху турбавалася з гэтай нагоды першы час (былі непрыемныя моманты ў мінулым, яшчэ да ІТ). Але за час працы не было ніводнай сітуацыі, калі б я негатыўна падумала «вох, мужчынскі калектыў».

На ранейшай працы ўсё было стражэйшае: адсочвалі час выканання задач, больш часу трацілі на дакументацыю, працэсы былі менш «гнуткімі» (кажу толькі за свой праект). У Wargaming больш свабоды і магчымасці манеўру, больш даверу кампаніі да супрацоўнікаў.

Ніякага крызісу не адчуваеш. Усе спакойна працуюць, ніхто не перажывае праз звальненне або заробак. Гэта ўплывае на вынік і працэс працы.

У кампаніі ёсць карпаратывы, супрацоўнікам дораць невялікія падарункі на розныя святы. Дробязь, але прыемна. Тут усе любяць збірацца на прагляд фільмаў у офісе, гуляць у настолкі. Больш адчуваецца індывідуальны падыход да супрацоўнікаў. Напрыклад, Head-кіраўнікі могуць арганізаваць сустрэчу з пачаткоўцамі і пагутарыць аб працы.

У кампаніі перыядычна праводзяцца мітынгі з камандай, на якіх нам расказваюць пра сітуацыю ў кампаніі, планы. Апошні такі міт праводзілі пасля ўступлення ў сілу закона аб пашпартах. Але часцей нам проста дасылаюць лісты пра сітуацыю ў кампаніі, што адбываецца і якія крокі робяцца для вырашэння той ці іншай праблемы.

Напэўна, самыя цяжкія пытанні на сёння — гэта ануляванне ДНЖ (з гэтым сутыкнуліся некаторыя супрацоўнікі літоўскага офіса Wargaming — заўв.) і замена пашпартоў тым, хто не можа вярнуцца ў Беларусь.

Пра ДНЖ няма новай інфармацыі акрамя той, што была ў медыя. Пра замену пашпартоў я не чула ніякіх прэцэдэнтаў. Хацелася б ведаць, як гэта можа адбывацца, бо, напрыклад, не ўсе супрацоўнікі, якія не могуць паехаць у Беларусь, могуць атрымаць у Літве статус уцекача. Але кампанія сказала, што прадумала варыянты развязання праблемы з заменай пашпартоў. І калі такія выпадкі будуць, гэтае пытанне будзе вырашацца індывідуальна з супрацоўнікам.

Wargaming — Польшча

Летась кампанія адкрыла два новыя падраздзяленні — у Бялградзе і Варшаве. Планавалася, што ў іх будзе працаваць да 400 супрацоўнікаў, як мясцовых, так і замежнікаў.

У Варшаве, як меркавалася, на пачатковым этапе будзе толькі невялікая выдавецкая каманда, большасць супрацоўнікаў будуць працаваць аддалена.

На сёння ў Польшчы працуе каля 90 супрацоўнікаў Wargaming.

— У Польшчы няма фізічнага офіса распрацоўкі, і ў найбліжэйшай перспектыве, з таго, што мне вядома, адкрыццё офіса не плануецца. Каманда працуе аддалена. За гэта даплачваюць каля 30-50 долараў (а-ля выдаткі на хатні інтэрнэт). Няма жорсткай прывязкі да лакацыі. Тут знаходзяцца спецыялісты з розных падраздзяленняў, у тым ліку з World Of Tanks, Global, — падзяліўся адзін з супрацоўнікаў, што жывуць у Польшчы.

Найманне, звальненні

— На пачатку года кампанія асцярожна падыходзіла да працаўладкавання новых людзей, але з сярэдзіны года ў нашым дэпартаменце пачалося даволі актыўнае найманне. Шукаюць супрацоўнікаў для розных лакацый. Прычым не заўсёды атрымліваецца хутка знайсці патрэбных спецыялістаў.

Беларусаў таксама наймаюць, але спецыяльна з РБ нікога не ханцяць, толькі калі чалавек сам аплаіцца. У камандзе ёсць і мясцовыя спецыялісты, але іх не шмат. Масавых звальненняў не было, чуў толькі пра пару чалавек, з якімі развіталіся, але там індывідуальныя выпадкі. 

Заробак/сацпакет

— У кампанію я ўладкаваўся сёлета. Пры найманні проста папрасіў пэўную суму брута, з якой тут можна было б жыць, на яе і дамовіліся. Мой заробак чыстымі вырас на 15-20% у параўнанні з заробкам у Беларусі. Тэрмінамі перагляду заробку пакуль не цікавіўся.

У сацпакет уваходзіць медстрахоўка, карта мультыспорт, невялікія стартавыя гіфты і ўсялякі мерч (даволі нядрэнны часам) ад выпадку да выпадку.

Таксама кампанія дапамагае з падачай дакументаў на ДНЖ / Blue Card. У кампаніі ёсць дамоўленасці з агенцтвам, якое запісвае на падачу і дапамагае падрыхтаваць дакументы. Што праўда, у Польшчы мы сутыкнуліся з бюракратычнай цяганінай, звязанай з атрыманнем ДНЖ. 

Lesta — Беларусь

Ад ліпеня мінулага года пасля сыходу Wargaming з Беларусі асноўным уласнікам «Гейм Стрым» стаў расійскі бізнэсовец і топ-менеджар Wargaming Малік Хатажаеў (ён жа на той момант быў асноўным уласнікам Lesta). Ужо ў верасні 100%-м уласнікам «Гейм Стрыма» стала расійская Lesta.

У мінскім офісе Wargaming да вайны ва Украіне працавала каля 2000 тысяч супрацоўнікаў. Пасля сыходу кампаніі з Беларусі каманда, якая засталася ў Lesta, скарацілася ў 4 разы. Увосень мінулага года ў штаце працавала каля 530 чалавек. Аднак сёлета Lesta актыўна наймала людзей, і каманда павялічылася да 800 чалавек. Пра гэта і не толькі dev.by расказалі супрацоўнікі кампаніі на ўмовах ананімнасці.

Lesta Games плануе зарабіць $200 млн на «Свеце караблёў», «Свеце танкаў» і Tanks Blitz
Па тэме
Lesta Games плануе зарабіць $200 млн на «Свеце караблёў», «Свеце танкаў» і Tanks Blitz

Штат

— Многіх, у асноўным самых моцных спецыялістаў, забраў Wargaming. У Lesta, па сутнасці, не было іншага выбару, акрамя як кампенсаваць найманнем, альбо скарачаць падтрымку прадуктаў. Таму нанялі шмат людзей, але гэта ўсяго толькі аднаўленне штату супрацоўнікаў для існай колькасці прадуктаў. 

— Каб працягваць працу над такім праектам, патрэбны адпаведны штат. Таму на працягу гэтага года кампанія актыўна набірала людзей. Пачаткоўцаў ханцілі з дробнага/мабільнага геймдэву або дробнага софтвернага дэву.

У штаце ўжо каля 800 чалавек. Напэўна, далей будуць набіраць не так актыўна. Здаецца, новыя супрацоўнікі ў цэлым усім задаволеныя. На сёння Lesta самая буйная геймдэў-кампанія ў Беларусі з вялікай колькасцю бенефітаў, якіх няма ў невялікіх кампаній. Напрыклад, пашыраная медыцынская страхоўка, кампенсацыя нават стаматалагічнай дапамогі, бясплатнае харчаванне ў офісе на выбар (сняданкі/вячэры).

Ёсць і звальненні, і часта гэта досыць значныя спецыялісты, напрыклад, ліды напрамкаў, распрацоўкі. Прычым статус спецыяліста не мае значэння. Калі ты пайшоў супраць сістэмы, адкрыта выказваеш незадаволенасць, цябе могуць хутка звольніць. Прычыны розныя, у асноўным нязгода з развіццём праекта, рознагалоссі адносна прынятых рашэнняў і далейшай будучыні.

Заробкі/бонусы

— Высокія заробкі былі яшчэ ў Wargaming, а Lesta не толькі іх не знізіла, але многім падвысіла. Майго заробку сёлета не пераглядалі, ён і так ужо пазамежавы. Але многім паднялі прыкладна ў 1,5 разу. Адны з аднымі мы ўжо моцна заробкі не абмяркоўваем — некультурна неяк. Але незадаволеных дакладна няма.

— Мне сёлета павысілі заробак прыкладна на 20%. Я змяніў пасаду, вырасла нагрузка, таму сам ініцыяваў перагляд. Але ў кожнага дэпартамента свае прынцыпы і працэдуры перагляду заробкаў.

Раней у Wargaming рэв’ю было кожныя паўгода, цяпер гэта адбываецца больш рандамна. Напрыклад, у кагосьці апошняе рэв’ю было на пачатку гэтага года. І наступнае рэв’ю будзе на пачатку 2024 года. Але ў іншым дэпартаменце сёлета ўжо былі два рэв’ю і камусьці павысілі заробак пасля першага, камусьці пасля другога.

Lesta захавала гадавыя бонусы, але яны сталі ніжэйшымі, ніж былі ў Wargaming. І гэта не толькі ў мяне, але і ў іншых калег. Як я зразумеў, сума бонусу была роўная некалькім месячным заробкам. Але Wargaming разлічваў бонусы інакш, і яны былі ва ўсіх розныя. Мой бонус у Wargaming быў у два разы вышэйшым, ніж першы бонус у Lesta за 2022 год.

Па заробку — № 1, але ён амаль не расце. Як маецца ІТ на фоне іншых галін
Па тэме
Па заробку — № 1, але ён амаль не расце. Як маецца ІТ на фоне іншых галін

Умовы працы

Ад верасня гэтага года ў кампаніі ўведзены абавязковы 9-гадзінны працоўны дзень у офісе. Паводле слоў супрацоўнікаў, працоўны час улічваецца ад 9:00 раніцы да 19:00 вечара (кампанія сцвярджала, што графік працы ад 9:30 да 18:30 — заўв.). Працаўнікі абавязаныя прабыць у офісе 9 гадзін у гэтых межах. То-бок каб укласціся ў абавязковы 9-гадзінны нарматыў, трэба прыйсці ў офіс не пазней за 10 раніцы. У якасці бонуса кампанія арганізавала для супрацоўнікаў бясплатныя сняданкі і вячэры. 

Lesta ў Мінску ўвяла 9 гадзін у офісе — да 19:00. І бясплатныя вячэры ў восем
Па тэме
Lesta ў Мінску ўвяла 9 гадзін у офісе — да 19:00. І бясплатныя вячэры ў восем

— Каб прыйсці на працу, даецца цэлая гадзіна інтэрвалу. То-бок прыйсці можна ад 9:00 да 10:00 у любы час, але ні секундай пазней. Гэта лепш, ніж па гадзінніку прыходзіць на завод, але мне, як разбэшчанаму айцішніку, вельмі складана гэта прыняць.

Працоўны графік даводзіцца бездакорна выконваць. Спазненне ўлічваецца аж да секунды. Калі трэба адысці або затрымацца хоць бы на гадзіну, пішаш заяву на «частковую адсутнасць». Пасля ад заробку адымаюць той час, які супрацоўнік адсутнічаў. Ёсць калегі, якія з такім сутыкнуліся на практыцы.

Некаторым супрацоўнікам удалося знайсці часовы кампраміс: працу на няпоўную стаўку. Некаторым (відаць, пакуль не заменяць) далі магчымасць працаваць з дому.

У цэлым добра адчуваецца расійскі стыль кіравання. Кампанія не прымае іншадумства; калі хтосьці выкажа ў чаце незадаволенасць, яго просяць аператыўна прыбраць запіс. У навінавых чатах нават дызлайкі хаваюцца. Ёсць зусім нязначныя дробязі, напрыклад, нядаўна супрацоўнікаў папрасілі ўстрымацца ад нашэння ў офісе вопраткі з мерчам Wargaming. Бо Lesta і Wargaming — гэта розныя кампаніі. 

Але ўсе гэтыя нязручнасці кампанія кампенсуе высокімі заробкамі. Вельмі высокая спакуса прадаць сваю свабоду за тыя грошы, што прапаноўвае кампанія. Таму людзі трываюць і нават пачынаюць атрымліваць задавальненне.

— Я не карыстаюся бясплатнымі сняданкамі і вячэрамі. Мне гэты бенефіт не цікавы, хоць часам прыходжу на працу каля 8 раніцы і сыходжу пазней за 20.00.

Большасць з прынцыпу праводзіць у офісе роўна па 9 гадзін, за часам сочаць па трэкеру, які ёсць на карпаратыўным партале. Калі спазніўся — тлумачальная ў папяровым выглядзе. У Wargaming нічога падобнага не было. Такія пытанні ўзгадняліся праз ліда без аніякіх наступстваў. Можна было нават сысці на ўвесь дзень з захаваннем заробку.

Наогул, калі параўноўваць дзве кампаніі, то ў Wargaming, як мне здаецца, было больш бюракратыі і людзей-пракладак, якія перашкаджалі ўзгадняць хоць якія ініцыятывы па праектах. У Lesta ёсць прамы кантакт з кіраўнікамі падраздзяленняў, няма патрэбы з нейкіх прычын ісці праз ліда да кіраўніцтва. З іншага боку, у Lesta не хапае ўзгодненасці, плюс строгія правілы з жорсткім раскладам і трэкінгам часу. Мінскі офіс пакуль выбудоўвае многія працэсы і спрабуе жыць па правілах офіса ў Санкт-Пецярбургу.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

EPAM і Wargaming прынеслі бюджэту Літвы ў 2,5 разы больш падаткаў, ніж у 2022
Па тэме
EPAM і Wargaming прынеслі бюджэту Літвы ў 2,5 разы больш падаткаў, ніж у 2022
Выдавец «танкаў» у Беларусі і Расіі адхрышчваецца ад ініцыятывы Wargaming у дапамогу Украіне
Па тэме
Выдавец «танкаў» у Беларусі і Расіі адхрышчваецца ад ініцыятывы Wargaming у дапамогу Украіне
Дазволу на жыхарства ў Літве могуць пазбавіць не толькі за службу па кантракце. Новыя дэталі
Па тэме
Дазволу на жыхарства ў Літве могуць пазбавіць не толькі за службу па кантракце. Новыя дэталі
Wargaming у топе тэхнакампаній-падаткаплацельшчыкаў Украіны
Па тэме
Wargaming у топе тэхнакампаній-падаткаплацельшчыкаў Украіны
Lesta ў Мінску ўвяла 9 гадзін у офісе — да 19:00. І бясплатныя вячэры ў восем
Па тэме
Lesta ў Мінску ўвяла 9 гадзін у офісе — да 19:00. І бясплатныя вячэры ў восем
Lesta Games зніжае залежнасць ад Wargaming, купляе новыя гульні
Па тэме
Lesta Games зніжае залежнасць ад Wargaming, купляе новыя гульні

Читать на dev.by