«Звольнілі за дзень». Як айцішнікі застаюцца без працы ў 2023

За студзень–люты беларускі ІТ-сектар страціў не менш за 1500 спецыялістаў. Кампаніі працягваюць сыходзіць з Беларусі, закрываць свае офісы, рэлакаваць супрацоўнікаў або звальняць.

Праз дэфіцыт праектаў без працы застаюцца і многія рэлаканты. 

Са звальненнямі летась і сёлета сутыкнуліся супрацоўнікі такіх вядомых кампаній як EPAM, iTechArt, Innowise Group, Softeq Development, Viber, Belka Games, Awem Games, Oxagile — і менш вядомых таксама.

Айцішнікі расказалі, як сыходзілі з кампаній. 

83 каментарыя

Звольнілі за 1 дзень і з дапамогай «хітрага пункта»

  • Пазіцыя: распрацоўшчык
  • Кампанія: аўтсорс, штат 400+ чалавек
  • Лакацыя: Польшча 

— Звальненні па ўсёй кампаніі пачаліся яшчэ ўвосень мінулага года з супрацоўнікаў, якія былі на бэнчы. У асноўным гэтыя былі iOS-распрацоўшчыкі. У кампаніі катастрафічна знізілася колькасць заказаў/кліентаў.

У лютым-сакавіку кампанія звольніла яшчэ каля 40 распрацоўшчыкаў, якія ў тым ліку мелі праекты. Іншых пазіцый не чапалі. У асноўным пацярпеў польскі офіс. Усяго ў Польшчы працавала каля 200 спецыялістаў, ва ўсіх лакацыях — каля 460. То-бок за два няпоўныя месяцы кампанія звольніла каля 10% глабальнага штату.

Мяне звольнілі літаральна за адзін дзень без папярэдняга паведамлення. Прычым проста знялі з праекта, а на маё месца прыцягнулі іншага спецыяліста.

Кампанія ніяк не патлумачыла свайго рашэння. Ведаю, што такім жа чынам звольнілі яшчэ пару маіх калегаў, а на іх месца ўзялі іншых спецыялістаў. Прычым адзін з іх пачатковец. Ён не працаваў у кампаніі і не быў на бэнчы.

Пры звальненні мне не выплацілі кампенсацыі. Усё праз хітры пункт у кантракце пра неаплачваны бэнч. Калі мяне знялі з праекта, кампанія фармальна палічыла, што я трапіў на бэнч. А раз бэнч не аплачваецца, то і звольніць можна без выплаты кампенсацыі.

Звольнілі праз прэтэнзіі, якіх датуль не агучвалі

  • Пазіцыя: бізнэс-аналітык 
  • Кампанія: прадукт, фінтэх
  • Лакацыя: Польшча/Беларусь

— У кампанію ўладкаваўся летась. У сакавіку 2022 нам дазволілі рэлакавацца з Польшчу з кантрактам на аддаленую працу. Але потым кампанія паведаміла, што не будзе дапамагаць з легалізацыяй. Таму мне давялося шукаць другую працу, каб легалізавацца. Плюс хацелася больш зарабляць, бо заробак у мінскай кампаніі не змяніўся пасля пераезду.

Другую працу знайшоў у замежным стартапе. У выніку паўгода сумяшчаў два фултаймы, але потым звольніўся. Стала цяжка.

З улікам розніцы ў часавых паясах паміж Польшчай, Беларуссю і заказчыкам працаваць прыходзілася каля 14 гадзін на суткі. Калі сышоў з другой працы, было адчуванне, што патрэбны адпачынак на паўгода.

А нядаўна мяне апавясцілі пра звальненне з мінскай кампаніі. Прычыны для звальнення знайшлі ў самой працы. Хоць за ўвесь час я не атрымаў ніякага фідбэку з нагоды якасці працы. А як паўсталі прэтэнзіі — адразу ж завяршэнне працоўных адносін.

Але ёсць уражанне, што звольнілі праз тое, што я працую дыстанцыйна. Кампаніі стала «цяжэй» кантраляваць выпрацоўку, шмат камунікацый адбываецца беспасярэдне ў офісе.

Звальняюць мяне без аніякіх кампенсацый. Ды і ў цэлым у кампаніі не было нармальнага сацпакета.

На новую працу пакуль не ўладкаваўся. Але ўжо прайшоў унутраныя сумоўі ў дзвюх кампаніях. Чакаю сумоўя з заказчыкамі.

Jobs.dev.by — эканоміць час пры пошуку працы. Усе IT вакансіі ў адным месцы і заўсёды пад рукой

Звольнілі, бо найбуйнейшы праект усё

  • Пазіцыя: backend 
  • Кампанія: аўтсорс, штат 100 чалавек
  • Лакацыя: Беларусь

— На пачатку сакавіка мне паведамілі, што закрыўся найбуйнейшы праект кампаніі, таму мяне і яшчэ 30 чалавек звольняць.

Усіх, хто працаваў аўтстаф і ІП, звольнілі наступнага дня. Са штатнымі супрацоўнікамі, у якіх дзейнічалі кантракты, спрабавалі дамовіцца. Мне і калегам прапаноўвалі сысці ў адпачынак за свой кошт, а потым расстацца на ўзаемную згоду. Хто не згаджаўся, палохалі тым, што перавядуць на бэнч на 0,125 стаўкі. Але ніхто не хацеў ісці на саступкі, таму адразу звальняліся з выплатай кампенсацыі. 

Звольнілі, не тлумачачы прычыны

  • Пазіцыя: frontend developer 
  • Кампанія: аўтсорс, штат 500 чалавек
  • Лакацыя: Беларусь

— Працаваў у аўтстаф камандзе. Пры канцы снежня мне і калегам паведамілі, што з намі спыняюць працоўныя адносіны, гэта рашэнне кампаніі. А літаральна праз некалькі дзён каля 20 чалавек, уключаючы мяне, афіцыйна засталіся без працы. Гэта каля 15%+ усяго аўтстафу. 

Ніякіх размоў з HR не было, пра прычыны звальнення нічога ніхто не сказаў. Я думаю, мінскі офіс моцна скароцяць, бо кампанія актыўна займалася адкрыццём офіса ў Польшчы. Таму многіх паставяць перад выбарам: альбо ў Польшчу, альбо на мароз.

Сказалі, што неўзабаве звольняць, «бо шанцаў знайсці праект няма»

  • Кампанія: рэгіянальны офіс буйнога аўтсорсера, штат 100 чалавек
  • Лакацыя: Беларусь

— Працую ў кампаніі паўтара года. У нашай лакацыі праблемы з новымі камерцыйнымі праектамі, бэнч скарачаюць. 

Пакуль працую на ўнутраным праекце, які закрываецца. Дагэтуль быў шанец зайсці на праект з заказчыкам, але мая пазіцыя не стартавала, бо зрэзалі рэйт праекта. Так што неўзабаве мяне звольняць. Пра звальненне ўжо папярэдзілі. Сказалі, што шанец знайсці новы праект набліжаецца да нуля.

Сёлета калегі калі і звальняліся, то з уласнага жадання. Масавыя звальненні, хутчэй за ўсё, плануюцца ад красавіка ў сувязі з адсутнасцю новых праектаў. 

Звольнілі культурна пры канцы кантракта

  • Пазіцыя: senior full-stack JavaScript developer 
  • Кампанія: аўтсорс, штат 70 чалавек
  • Лакацыя: Беларусь
  • Нюансы звальнення: пра звальненне папярэдзілі за месяц

— Пра звальненне мяне папярэдзілі за месяц. У цэлым усё было культурна. У мяне заканчваўся тэрмін дзеяння кантракта. Пры гэтым праект, на якім я працавала, скончыўся раней. Але кампанія вырашыла не звальняць пасярод кантракта. Наш праект такі не адзін. Ведаю, што месяц таму распусцілі яшчэ адную каманду ў сувязі з завяршэннем праекта.

Пакуль шукаю новую працу, праходжу сумоўі. Пераезд у іншую краіну не разглядаю з сямейных абставін. Хоць частка маіх калег цяпер працуе з Польшчы.


Вы можаце падтрымаць dev.by рознымі спосабамі, напрыклад, хуткім данатам проста цяпер

«Уладкаваўся — і паўгода на бэнчы». Буйны аўтсорсер звальняе ў Польшчы
Па тэме
«Уладкаваўся — і паўгода на бэнчы». Буйны аўтсорсер звальняе ў Польшчы
«4 дні папрацавала і збегла». Айцішнікі расказалі пра самыя хуткія звальненні
Па тэме
«4 дні папрацавала і збегла». Айцішнікі расказалі пра самыя хуткія звальненні
Як рынак ІТ-вакансій перажыў зіму. Новыя антырэкорды
Па тэме
Як рынак ІТ-вакансій перажыў зіму. Новыя антырэкорды
Белстат не паказаў страт ІТ-сектара за студзень. Але мы палічылі
Па тэме
Белстат не паказаў страт ІТ-сектара за студзень. Але мы палічылі

Читать на dev.by