Як у 2023 звальняюць з EPAM у розных краінах. «Рандам»
Глабальны штат EPAM зменшыўся ад пачатку года амаль на 10%. У беларускім офісе давялося прыняць «цяжкае рашэнне» (мінус 2%).
Экс-супрацоўнікі з Беларусі, Польшчы і Грузіі расказалі, як сыходзілі з кампаніі ў 2023.
Змест
Беларусь
«Многія сыходзяць па пагадненні бакоў»
— Мяне звольнілі некалькі месяцаў таму. Сітуацыя была падобная да той, што адбываецца цяпер. Сабралі супрацоўнікаў, сказалі, што масавых звальненняў не будзе, а толькі кропкавыя. Умовы звальненняў кожнага супрацоўніка будуць разглядацца індывідуальна. Але потым прыходзіць РМ з эйчарам або хэдам дысцыпліны і тлумачаць сітуацыю. Так склалася, што праектаў няма і не намячаецца, нам прыйдзецца расстацца.
Многія не хочуць псаваць ні з кім адносін і звальняюцца па пагадненні бакоў без выплат. Хто больш зубасты, адмаўляецца сыходзіць на такіх умовах і патрабуе скараціць па заканадаўстве. Пра сумы нічога не знаю, але пры скарачэнні, па-мойму, можна разлічваць на трохмесячны заробак, таксама ёсць нейкі варыянт з двухтыднёвай дапамогай. Але большасць сыходзіць першым спосабам.
Пасля сыходу з кампаніі я працягваў падтрымліваць сувязь з калегамі, якія засталіся, і магу сказаць, што сітуацыя толькі пагоршылася. Новыя праекты не прыйшлі, некалькі праектаў ці то сышлі, ці то скончыліся. Вырас бэнч. Калі я сыходзіў, бэнч быў на стыку зялёнай і жоўтай зоны, гэта, па-мойму, парадку 12%.
Раней давалі час пасядзець на бэнчы з надзеяй, што з’явіцца праект. Цяпер такога практычна няма. Нават летась і на пачатку гэтага года менеджмент спадзяваўся ўцягнуць праекты ў EPAM Беларусь, але, мяркуючы з усяго, не атрымалася.
На момант сыходу была інфармацыя, што EPAM Беларусь цяпер не толькі не прыярытэтная лакацыя для праектаў, а лакацыя з найменшым прыярытэтам. Складваецца ўражанне, што калі з Расіі EPAM сышоў «гучна», то з Беларусі сыходзіць паціху.
«За год не знайшлі праекта»
— У кампанію ўладкаваўся восенню 2021 года. Адразу быў выпрабавальны тэрмін, які скончыўся зімой 2022 года. Мне так і не змаглі знайсці камерцыйны праект ані ў Беларусі, ані ў Польшчы, і таму звольнілі ў сакавіку 2023 года. Увесь гэты час мне плацілі заробак блізу 550 долараў брута з улікам таго, што летам я стаў мідлом.
«Знізілі заробак да мінімальнага, каб сышоў»
— Адпрацаваў у EPAM некалькі гадоў. Нядаўна быў мой апошні працоўны дзень. Кампанія не знайшла праекта, і мяне папрасілі сысці. Перад звальненнем больш за два месяцы быў на бэнчы, але 100% аплацілі толькі два месяцы. Кіраўніцтва папярэджвала, што калі бэнч будзе ў Беларусі, то ніхто трымаць не будзе. Мяне звольнілі «быццам бы на маё жаданне». Але па факце на працягу 1,5 месяца штотыдзень прылятала адмова пасля сумоўя на праект. Плюс знізілі заробак да мінімальнага ў Беларусі. Маўляў, за 590 рублёў сам пабяжыш.
Польшча
«Звольнілі да атрымання ДНЖ»
— Пасля заканчэння праекта мяне адправілі на бэнч. Праз тры тыдні запрасілі на мітынг і паведамілі пра маё звальненне. Пасля мітынгу заблакавалі ўсе доступы, уключаючы доступ да рэсурсаў і курсаў. Я не мог, напрыклад, паглядзець нейкія трэнінгі кампаніі і павышаць свой узровень. Картку для ўваходу ў офіс таксама заблакавалі. Засталася медыцынская страхоўка на месяц.
У мяне бестэрміновы кантракт, у якім ёсць пункт, што кампанія можа паведаміць аб звальненні за месяц. Мяне апавясцілі, пасаду скарацілі. Юрыдычна мой апошні працоўны дзень пры канцы лістапада. Сяджу дома і чакаю, калі скончыцца месяц.
Пры звальненні мусяць выплаціць заробак за лістапад і яшчэ адзін бонусам. На гэтым усё. Улічваючы, што я працаваў на «ўмове аб працы», з заробку аднімуць 30% падатку і яшчэ трохі, так як я без праекта і няма крэатыўнай надбаўкі.
Я быў упэўнены, што з «умовай аб працы» і падаткам у 30% звольніць не дазволіць прафсаюз ці хто тут ёсць. Насамрэч выявілася, што толку ад такога большага падатку няма. Прасцей адкрываць ІП, плаціць 12% і працаваць B2B.
Пакуль ёсць невялікая падушка бяспекі, якой мае хапіць на 2-3 месяцы. Але ёсць яшчэ адная праблема — у мяне і сям'і няма ДНЖ. Мы падалі дакументы, але пакуль не ведаем, якое рашэнне прынятае (спадзяюся, станоўчае). Афармленнем дакументаў займаўся вендар, які быў бонусам ад кампаніі. Але ён працуе, пакуль я лічуся ў кампаніі. Цяпер трэба звязвацца з вендарам. Спадзяюся, потым трэба будзе проста забраць карты ДНЖ.
Я разумею, што ўсякае бывае і часы цяжкія, але хацелася б нейкага разбору кожнага кейса і варыянтаў, няхай бы хоць перакваліфікацыя і пераход у джуны. У кампаніі я прапрацаваў шмат гадоў, займаў сеньёрскую пазіцыю. А цяпер у шоку: на працягу трох месяцаў трэба неяк знайсці новую працу, каб не пазбавіцца ДНЖ (калі прынятае станоўчае рашэнне) і не патрапіць пад дэпартацыю. Спрабую шукаць, але гэта няпроста. У такі час не асабліва набіраюць людзей. Такі сабе квэст пад канец года.
«Уладкаваўся ў кампанію з вышэйшым заробкам»
— Працаваў у польскім офісе ад 2021 года, летам гэтага года трапіў пад скарачэнне. Пасля паведамлення на працягу гадзіны мне закрылі ўсе доступы да пошты і г. д. На наступны дзень прыехаў кур’ер, каб забраць тэхніку. Але юрыдычна я яшчэ месяц лічыўся ў EPAM. У мяне быў назапашаны адпачынак (каля месяца), кампенсацыі за яго не было. Але пры звальненні выплацілі адзін заробак.
Кампанія аргументавала звальненне тым, што цягам 12 месяцаў я больш за паўгода знаходзіўся на аплачваным бэнчы. Праекты, якія б адпавядалі маім скілам, цяжка знаходзіліся. За гэты перыяд у мяне было тры праекты (усе яны закрыліся), але кожны раз пры змене праекта я знаходзіўся на бэнчы каля 2 месяцаў, так і набегла паўгода.
Пасля таго як закрыўся апошні праект, я прайшоў некалькі інтэрв’ю на новы. Адзін з праектаў быў гатовы мяне ўзяць, але потым прыйшоў рэсурс-менеджар і паведаміў, што мне адмоўлена ў выхадзе на будзь-які праект, і ў сістэме паставілі птушку «фрыз».
Я здагадваўся, што з маёй колькасцю дзён на бэнчы могуць узнікнуць праблемы, таму час ад часу глядзеў вакансіі на рынку. У выніку ўладкаваўся на новае месца, дзе заробак большы, а пасада вышэйшая. У EPAM я лічыўся як Middle, а ў новай кампаніі я Senior Data Engineer.
«Чакаў скарачэння, бо пазіцыя не прадакшан»
— У EPAM працаваў некалькі гадоў. Каля года быў на ўнутраным праекце ў Польшчы. Нядаўна трапіў пад скарачэнне. Таскаў на бягучым праекце хапала, і за год таксама шмат зрабіў. Але скарачэнне не было чымсьці нечаканым — пазіцыя была не прадакшан. Новы праект знайсці было складана, бо бэнч вялікі, пазіцый не так шмат.
Звольнілі дзень у дзень. Запрасілі на мітынг, сказалі, што спыняюць працоўныя адносіны і звальняюць праз рэарганізацыю юніта. Праз гадзіну заблакавалі ўліковы запіс, на наступны дзень кур’ер забраў тэхніку.
Але юрыдычна я пакуль не звольнены і яшчэ месяц буду лічыцца ў кампаніі, проста не буду выходзіць на працу. Так зрабілі, як я мяркую, каб было больш часу на пошукі новай працы. Хоць і ўладкавацца на новае месца да заканчэння бягучага кантракта не атрымаецца. Пры новым оферы планую ўдакладніць у EPAM, ці можна звольніцца раней.
Грузія
«Застаўся без гадавых бонусаў»
— Працаваў у EPAM ад 2019 года. Спачатку ў Беларусі, а ад 2022 года ў Грузіі (Батумі). Гэтым летам за два тыдні да заканчэння кантракта мяне апавясцілі аб звальненні. Дагэтуль 3-4 месяцы прасядзеў на бэнчы, таму рашэнне было чаканым.
Што было нечаканым, дык гэта нявыплата гадавых бонусаў за 2022 год, хоць я амаль увесь год быў на праекце. Можа, гэта неяк звязана з аптымізацыяй выдаткаў, або рэсурсны менеджар забіў, або змяніліся ўмовы выплаты бонусаў.
Бэнчу наогул стала больш. А прапанаваныя праекты былі проста шлак. Я мог дайсці да вярстальшчыка тэмплэйтаў для Wordpress. Наогул EPAM — фабрыка, распрацоўшчыкі — шрубкі, і з імі цацкаюцца, пакуль яны прыносяць профіт. За 4 гады я больш страціў, ніж набыў. У аўтсорсе для развіцця трэба дадаткова выдаткоўваць час на курсы ды іншае.
«Два тыдні на бэнчы — і да пабачэння»
— У EPAM больш за два гады, ад лета мінулага года працаваў у грузінскім офісе ў Тбілісі. Я не быў у групе рызыкі (у ліку супрацоўнікаў, якіх могуць звольніць у першую чаргу), але трапіў на два тыдні на бэнч — і ўсё, да пабачэння.
Пры звальненні выплацілі 300 долараў. Сума залежыць ад кантракта. Выплат за некалькі месяцаў, як у Беларусі, няма. На бэнчы людзей доўга не трымаюць, адразу на выхад. Такая сітуацыя шмат у якіх калег. Звальненні рандамныя, не залежаць ані ад пасады, ані ад пазіцыі.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by