Гуманітарны ці працоўны? Які дазвол на жыхарства лепш атрымаць у Польшчы
Ад мінулага года беларусы ў Польшчы могуць прэтэндаваць на атрыманне гуманітарнага дазволу на жыхарства. У сувязі з гэтым многія ўладальнікі гуманітарных віз, якія жывуць і працуюць у Польшчы, сутыкаюцца з выбарам, які дазвол атрымліваць: гуманітарны ці працоўны?
Разабрацца ў адрозненнях каналу для экспатаў у Польшчы DzikPic дапамагла спецыялістка ў міграцыйных пытаннях Дар’я Грышановіч.
Плюсы гуманітарнага дазволу
1. Тэрмін выдачы. Гуманітарны дазвол на жыхарства заўжды выдаецца адразу на 3 гады. А працоўны дазвол могуць выдаць і на меншы тэрмін.
Напрыклад, на практыцы першы працоўны дазвол у Варшаве часта выдаюць толькі на 1 год. Напрыклад, калі наймальнік нядаўна зарэгістраваўся ў Нацыянальным судовым рэестры (KRS), а таксама ў выпадку працы паводле дамовы падраду.
‼️ Пры гэтым у законе няма апраўдання выдачы рашэння на меншы тэрмін, ніж працадаўца заявіў у Дадатку 1 да заявы на дазвол на жыхарства. Таму тэрмін выдачы дазволу можна абскардзіць у вышэйшым органе (спачатку — Szef Urzędu ds. Cudzoziemców, потым пры неабходнасці — суд) на працягу 14 дзён ад моманту яго атрымання. Інструкцыя — тут, паспяховыя кейсы абскарджання не рэдкасць.
2. Не трэба даносіць дакументы пры змене працы або яе ўмоў.
Уладальнік гуманітарнага дазволу атрымлівае свабодны доступ да рынку працы ў Польшчы. Ён можа мяняць працадаўцаў і ўмовы працы, не апавяшчаючы пра гэта Ваяводскае ўпраўленне Аддзела ў справах замежнікаў.
А вось з працоўным дазволам на жыхарства трэба будзе апавяшчаць пра змену ўмоў працы, працадаўцы або месца працы, даносіць неабходныя дакументы і плаціць гербавы збор у 220 злотых. (Нюансы такіх апавяшчэнняў у выпадку з «блакітнай картай» разбяром асобна.)
3. Можна атрымаць польскі праязны дакумент.
Такая опцыя стала даступная для замежнікаў з гуманітарным дазволам нядаўна. Актуальна для тых, у каго тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся, пашпарт быў згублены і няма магчымасці атрымаць новы. Працоўны дазвол на жыхарства такой перавагі не дае.
4. Спрошчаная працэдура атрымання.
Як правіла, для атрымання гуманітарнага дазволу неабходна падаць заяву, фатаграфіі і копіі старонак пашпарта з гуманітарнай візай (D 21). Пацверджання наяўнасці страхоўкі, працоўнага кантракта або мельдунка не патрабуецца (аднак спіс дакументаў можа адрознівацца ў залежнасці ад ваяводства). Для працоўнага дазволу спатрэбіцца цэлы стос дакументаў.
5. Падача заявы на гуманітарны дазвол на жыхарства бясплатная, як і наступная выдача карты побыту.
А вось пры атрыманні працоўнага дазволу трэба аплаціць гербавы збор (440 злотых) і карту (100 злотых).
Мінусы гуманітарнага дазволу на жыхарства
1. Такі від дазволу не дазваляе адкрываць і весці ІП у Польшчы.
Але працоўны дазвол — таксама.
2. Выдаецца аднаразова.
Дзейнае заканадаўства не дазваляе прэтэндаваць на другі гуманітарны дазвол, то праз 3 гады вы павінныя будзеце мець іншыя падставы для знаходжання ў Польшчы.
3. Ездзіць з ім у Беларусь, магчыма, рызыкоўна.
Мэта выдачы гуманітарнага дазволу супадае з мэтай выдачы гуманітарнай візы, то-бок заяўнік абгрунтавана асцерагаецца за сваю бяспеку на радзіме.
Хоць МУС Польшчы пацвердзіла, што выезд у Беларусь не будзе сам сабою з’яўляцца падставай для анулявання гуманітарнага дазволу на жыхарства, аднак практыка ў гэтым пытанні яшчэ не склалася. Паводле закону дазвол на часовае пражыванне могуць ануляваць пры яго нямэтавым выкарыстанні (вось нядаўні прыклад). То калі вы плануеце катацца туды-назад, лепш усё ж атрымаць працоўны дазвол.
Ці ўваходзіць знаходжанне па гуманітарнай візе і дазволе на жыхарства ў 5-гадовы тэрмін для атрымання ПМЖ?
Якія шанцы атрымаць ПМЖ пасля гуманітарнага дазволу?
Лунаюць чуткі, што знаходжанне па гумвізе ў 5-гадовы тэрмін, неабходны для атрымання ПМЖ, не залічваецца. Ці праўда гэта?
Не.
У п. 2 ч. 2 арт. 212 Закона пра іншаземцаў гаворыцца, што ў 5-гадовы перыяд пражывання на тэрыторыі Польшчы не ўключаецца знаходжанне замежніка на падставе шэнгенскай візы, выдадзенай з гуманітарных меркаванняў (напрыклад, такія візы маюць некаторыя грамадзяне Афганістана, якія супрацоўнічаюць з Польшчай у рамках ваеннай місіі ў Афганістане). Але ў законе гаворка вядзецца пра шэнгенскую візу (тып С), а не пра нацыянальную (тып D), да якой залічваецца гуманітарная віза (D21).
А ці залічваецца таксама ў гэтыя 5 гадоў тэрмін гуманітарнага дазволу?
Так, артыкул 212 Закона не прадугледжвае абмежаванняў па гэтым дазволе на жыхарства.
Тэрмін знаходжання ў Польшчы па гуманітарным дазволе таксама ўключаецца ў мінімальныя 5 гадоў, неабходныя для атрымання карты рэзідэнта ЕС.
Стоп. Карта рэзідэнта ЕС і «сталы побыт» — гэта розныя рэчы?
Так, хоць па сутнасці гэта два віды ПМЖ. Адрозненні паміж імі толькі ў тэрмінах знаходжання і дзеяння пластыкавай карты.
Карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС пасуе тым, хто не мае польскага паходжання або не праходзіць з іншых падстаў для падачы на сталы побыт (карта паляка, шлюб з грамадзянінам Польшчы, уцёкі).
Абедзве карты выдаюць на неабмежаваны час. Пры гэтым пластыкавую карту трэба мяняць кожныя 5 гадоў (рэзідэнт ЕС) і кожныя 10 гадоў (сталы побыт).
То-бок 5 гадоў пажыў — і адразу стаў рэзідэнтам ЕС?
Здаецца, усё проста: год пажыць у Польшчы з візай (або лепш дзвюма), потым тры гады па дазволе на жыхарства — пяцігадовы тэрмін прайшоў, і ты маеш права на карту рэзідэнта. Але ўсё крыху складаней за гэта.
Па-першае, трэба як мінімум пяць гадоў бесперапынна жыць у Польшчы. То-бок сукупнасць перапынкаў не можа перавысіць 10 месяцаў, а адзін перапынак не можа быць большым за 6 месяцаў. Інакш тэрмін будзе адлічвацца нанова.
Па-другое, трэба даказаць, што апошнія 3 гады (2 гады ў выпадку Blue card) заяўнік меў крыніцу легальнага і рэгулярнага заробку. Цяпер мінімальная сума складае 776 злотых нета на месяц для аднаго чалавека або 600 злотых на месяц — на кожнага сямейніка. Суму памнажаюць на 12 + яшчэ бяруць пад увагу кошт арэнды жытла.
І, па-трэцяе, трэба пацвердзіць веданне польскай мовы на ўзроўні мінімум В1. За 5 гадоў вы, хутчэй за ўсё, будзеце ведаць яе яшчэ лепей, але неабходна будзе пацвердзіць гэта адпаведным сертыфікатам або скончыць паліцыяльную школу.
Читать на dev.by