Кампаніі кажуць, што скілы важнейшыя за «паперкі». Але гэта не заўсёды значыць, што суіскальнікі без «паперкі» атрымліваюць больш офераў
Буйныя амерыканскія кампаніі ўсё часцей адмаўляюцца ад патрабавання аб вышэйшай адукацыі ў апісаннях вакансій. Прыярытэт ссоўваецца з наяўнасці дыплома на валоданне прыкладнымі, карыснымі навыкамі. Але насамрэч многія з такіх кампаній па-ранейшаму аддаюць перавагу дыпламаваным спецыялістам. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Burning Glass і Гарвардскай школы бізнэсу.
«На жаль, мы выявілі, што ў асноўным працадаўцы наймаюць такіх жа людзей, што і раней», — адзначаюць у Burning Glass Institute.
Паводле даных Мінпрацы ЗША, каля 62% амерыканцаў не маюць вышэйшай адукацыі. Прадметам даследавання не быў разварот кампаній у бок такіх работнікаў у нізкакваліфікаваных прафесіях, дзе ў прынцыпе не патрэбны дыплом — у адрозненне, напрыклад, ад юрыстаў або дактароў. Даследчыкі вывучалі дынаміку па прафесіях сярэдняга ўзроўню, такім як кіраўнік будаўнічых праектаў, менеджар па продажах, вэб-распрацоўшчык, спецыяліст па кібербяспецы і тэхпадтрымцы. Такія прафесіі патрабуюць спецыялізаваных навыкаў, але не абавязкова некалькіх гадоў у ВНУ. Даследаванне сярод іншага паказала, што ў супрацоўнікаў без вышэйшай адукацыі, якія ўладкоўваюцца на пазіцыю, дзе яна раней патрабавалася, у сярэднім на 25% павышаецца зарплата.
Даследчыкі прааналізавалі набор даных з працоўнымі гісторыямі 65 млн амерыканскіх работнікаў (гэта прыкладна 40% занятага насельніцтва краіны). У выбарку ўвайшло больш за 11,3 тысячы пазіцый, па якіх было зафіксаванае актыўнае найманне мінімум за год да і пасля таго, як кампанія прыбрала патрабаванне пра дыплом. Акцэнт зроблены на буйныя кампаніі, у якіх даследчыкі налічылі больш за 500 унікальных вакансій на год — такіх знайшлося 1134 штукі.
Выявілася, што толькі траціна — 37% — разгледжаных кампаній пайшла далей за словы і сапраўды змяніла падыход да наймання, стаўшы больш адкрытымі для кандыдатаў без «паперак». Сярод іх — Apple, General Motors, рознічныя сеткі Walmart і Target, медыцынская кампанія Cigna і нафтавая ExxonMobil. Большасць — 45% — прыбралі з вакансій патрабаванне вышэйшай адукацыі, але на практыцы нічога не змянілася. У гэтую групу патрапілі Amazon, Oracle, Банк Амерыкі, ваенна-прамысловая карпарацыя Lockheed Martin, сетка супермаркетаў Kroger і аўтамабільная кампанія Stellantis. Астатнія 18% кампаній спачатку рухаліся абвешчаным курсам, але пазней адмовіліся ад яго і зноў жадаюць дыпламаваных супрацоўнікаў. Да такіх належаць, напрыклад, Nike і Uber.
Кампаніі, якія атрымалі больш за ўсё поспеху ў сваім намеры хайрыць людзей без дыпломаў, выдзяляе тое, што яны выразна вызначаюць для сябе, якія навыкі ім патрэбныя і што прымаць у якасці пацверджання гэтых навыкаў. Акрамя таго, у іх ёсць механізмы для ацэнкі шуканых навыкаў у кандыдата — напрыклад, могуць запытаць у яго праекты для «сляпога рэв’ю». Таксама яны не пакідаюць без увагі поспехі супрацоўнікаў, якія не маюць дыплома, але ўносяць важны ўнёсак у кампанію — збольшага гэта сцірае нейкае «таўро», звязанае з адсутнасцю дыплома, і страх перад адказнасцю за найманне такіх людзей у менеджараў.
Читать на dev.by