Польскі ІТ-рынак ажывае (але гэта не дакладна). Вось каго шукаюць
Колькасць прапаноў працы для айцішнікаў у польскім сегменце інтэрнэту ўпершыню за год перавысіла 30 тысяч. У ліпені яна дасягнула 33,5 тысяч, сцвярджае кампанія Adecco Group, якая аналізуе аб’явы аб прыёме на працу на джаббордах і ў сацсетках.
Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic разбіраўся, што адбываецца.
Як адзначаецца, у жніўні ўпершыню за некалькі месяцаў эканамічная сітуацыя ў ІТ была пазітыўнай, а прагнозы попыту выявіліся лепшымі за год, хоць і ўсё яшчэ ніжэйшымі за ўзровень 2021 або 2022 года.
Ажыўленне набору персаналу відаць па невялікім павелічэнні долі кампаній, якія вызначылі недахоп кваліфікаваных супрацоўнікаў як бар’ер для сваёй дзейнасці (28,8%, то-бок найвышэйшы паказчык ад мая гэтага года).
А якія яшчэ прыкметы паляпшэння?
Ганна Ягліньска-Праўдзік з рэкрутынгавай кампаніі Awareson падкрэслівае, што колькасць вакансій — толькі адзін з паказчыкаў, якія варта адсочваць у ІТ.
Напрыклад, сеньёры і запатрабаваныя спецыялісты рэдка самі падаюць заяўкі на вакансію. Працадаўцы шукаюць іх з дапамогай рэкрутынгавых кампаній, якія апошнім часам заўважылі прыкметы ажыўлення ў ІТ.
«У ліпені і жніўні ў нас у 4-5 разоў павялічылася колькасць рэалізаваных рэкрутынгавах праектаў у параўнанні з мінулым годам. Так што розніца істотная.
Жнівень, які ў папярэднія гады быў найменш актыўным месяцам, у гэтым годзе стаў найлепшым», — падкрэслівае Ягліньска-Праўдзік.
Акрамя таго, добры знак знайшоўся ў нядаўнім апытанні Awareson. Цэлыя 72% дырэктараў ІТ-фірмаў з розных галін сказалі, што ў найбліжэйшы год запусцяць новыя праекты, і больш за палову гатовыя наняць спецыялістаў у гэтай галіне.
У асноўным будуць шукаць спецыялістаў у галіне штучнага інтэлекту / машыннага навучання, воблачных тэхналогій, кібербяспекі, даных (data) і DevOps-аў.
«Такога аптымізму з боку ІТ-дырэктараў мы не бачылі ўжо больш за два гады», — сцвярджае экспертка Awareson.
Але ў той жа час яна падкрэслівае, што накапленне праектаў можа быць вынікам прыпынення многіх інвестыцый падчас эканамічнага спаду.
Кіраўнік партала No Fluff Jobs Томаш Буяк таксама кажа, што «пакуль яшчэ занадта рана з поўнай упэўненасцю казаць пра аднаўленне рынку працы ў сферы ІТ», хоць і відаць прыкметы паступовага паляпшэння.
Читать на dev.by