Кампаніі засумняваліся ў карысці ад пераходу ў воблака: гэта больш не эканоміць грошай
ІТ-адміністратары кампаній ставяць пад сумнеў выгаду ад пераходу на воблачныя сэрвісы тэхнагігантаў. Пра гэта піша The Register са спасылкай на даследаванне брытанскай кампаніі Civo.
Больш за траціну апытаных арганізацый прызналася, што рашэнне перайсці ў воблака не апраўдала іх чаканняў па аптымізацыі выдаткаў. Больш чым у паловы такі выбар прывёў да росту выдаткаў на ІТ-інфраструктуру.
Трыма найбуйнейшымі пастаўшчыкамі на сусветным воблачным рынку з’яўляюцца Amazon, Microsoft і Google. У Civo адзначаюць, што ўсе тры за апошні час моцна паднялі цэны на свае паслугі. Так, базавы кластар з трох вузлоў з 200 Гб сховішча і 5 Тб трафіку ў Microsoft Azure падаражэў з $1278,58 у 2022 годзе да $1458,68 у 2024-м, у Google — з $1107,61 да $1250,35, а ў Amazon — з $1142,46 да $1234,59.
Кампаніі, якія аддалі перавагу воблаку перад уласнай інфраструктурай, разлічвалі, што аддача ад такога выбару з часам будзе толькі расці і карыстацца воблакам будзе выгадней з фінансавага пункта гледжання. На справе ж цэны растуць хутчэй за інфляцыю, а набор паслуг, якія атрымліваюць кліенты, застаецца ранейшым.
У Gartner кажуць, што кантроль выдаткаў, заснаваны на эксплуатацыі дата-цэнтраў у вялікіх маштабах, быў часткай першапачатковай прапановы вендараў і ў наступныя 15 гадоў сябе апраўдваў, паколькі кошт заставаўся на ўзроўні ці зніжаўся, альбо дадаваліся новыя функцыі за тую ж цану. Аднак рэзкае падаражанне электраэнергіі і кошту кваліфікаваных ІТ-спецыялістаў у пандэмію прывяло да ціску на правайдараў, у выніку чаго яны перакладаюць выдаткі на кліентаў.
У Microsoft і Google адмовіліся каментаваць даклад.
Читать на dev.by