Крамянёвая даліна ганялася за моладдзю, але болей не. У тым ліку праз ШІ
Калі яшчэ нядаўна выпускнікі ВНУ разглядаліся тэхнагігантамі і стартапамі як амбіцыйныя, амаль безадмоўныя і пры тым танныя супрацоўнікі, то цяпер яны сутыкаюцца з вялікімі праблемамі з працаўладкаваннем у ІТ-сферы. Аналітыкі SignalFire адзначаюць, што тэмпы найму выпускнікоў бігтэх-кампаніямі ўпалі больш чым у два разы ў параўнанні з дапандэмійнымі значэннямі, і ў стартапах сітуацыя не нашмат лепшая.
«ІТ-стартапы доўгі час былі сінонімам моладзі. Паводле нашых дадзеных, сёння многім пачаткоўцам вельмі цяжка знайсці працу», — адзначылі ў кампаніі. Справа ў тым, што цяпер стартапы пераважна займаюцца выжываннем, скарачаюць выдаткі і спрабуюць максімальна расцягнуць грошы. Гэта значыць, імкнуцца зрабіць болей меншай колькасцю рук — тых, хто здольны працаваць аўтаномна і хутка даваць вынік, замест таго, каб траціць час і кіраўнічыя рэсурсы на навучанне недасведчаных пачаткоўцаў.
«Пры паменшаным штаце кожны супрацоўнік павінен прыносіць высокую аддачу ад укладанняў у яго», — кажуць у SignalFire, таму цяпер у стартапах фокус на так званых individual contributors узроўню мідлаў і сеньёраў. Бігтэхі таксама перанакіроўваюць рэсурсы на інжынераў сярэдняга і старэйшага ўзроўню, асабліва ў галінах машыннага навучання і data science. І скарачаюць такія функцыі, як рэкрутынг, дызайн і маркетынг.
Каталізатарам працэсу стаў штучны інтэлект. ШІ-інструменты ўсё больш аўтаматызуюць задачы, якія звычайна выконвалі джуны. Але цяпер важна не ўменне як мага часцей стукаць па клавіятуры, а глыбокае разуменне справы: напісанне эфектыўных промптаў для ШІ, адладка згенераванага кода, інтэграцыя інструментаў патрабуюць мыслення архітэктара і скілоў, якія набываюцца гадамі, а не «корачкі», падкрэсліваюць у SignalFire.
Паводле дадзеных кампаніі, на выпускнікоў цяпер прыпадае толькі 7% набраных супрацоўнікаў у бігтэхах. Для параўнання: у 2019 годзе — больш за 50%, у 2023-м — 25%. У стартапах гэты паказчык знізіўся з больш чым 30% напярэдадні кавіду да 11% у 2023 годзе і 6% цяпер. А з 2021 года сярэдні ўзрост нанятых ІТ-спецыялістаў павялічыўся на 3 гады.
У SignalFire называюць з’яву на рынку «парадоксам досведу», калі кампаніі хочуць, каб джуны прыходзілі ўжо… папярэдне навучанымі, як ШІ-мадэлі. Але ім часта проста не даюць шанцу атрымаць гэты досвед. 37% працадаўцаў, апытаных Міжнароднай бізнес-школай Хальта ў Дубаі, аддадуць перавагу выкарыстанню ШІ замест найму зумера. Праблемы ўзнікаюць нават у выпускнікоў элітных ВНУ. Доля такіх сярод новых супрацоўнікаў «Цудоўнай сямёркі» (Alphabet, Amazon, Apple, Meta, Microsoft, Nvidia, Tesla) упала больш чым у два разы ў параўнанні з 2022 годам.
Прычына не толькі ў тэхналагічнай ці эканамічнай эвалюцыі, а і ў культурным зруху. Калі раней у пашане ў гульцоў Крамянёвай даліны была моладзь, то цяпер рынак аддае перавагу правераным выканаўцам. Гатоўнасць рызыкаваць знізілася па ўсёй стартап-экасістэме, і паколькі венчурныя інвестары становяцца ўсё менш шчодрымі, заснавальнікі схіляюцца да інвеставання ў кароткатэрміновы эфект, а не ў патэнцыял на доўгую перспектыву. Гэта прывяло да росту запатрабаванасці больш дасведчаных прафесіяналаў.
Таксама запаволіўся найм на топ-менеджарскія пазіцыі. Кампаніі ўсё часцей наймаюць СТО, дырэктараў па маркетынгу і дарадцаў не на поўную стаўку, каб знізіць выдаткі, адзначаюць у SignalFire.
Ну, а супрацоўнікам, што пачынаюць кар’еру, даводзіцца больш выкручвацца, каб знайсці магчымасці. Прабіцца дапамагаюць буткемпы, фрыланс, удзел у open source-праектах, а таксама валоданне ШІ — проста выпусціцца з топавага ВНУ ужо недастаткова.
Читать на dev.by