Хто першы пад нож. CTO PandaDoc і Flo абмеркавалі скарачэнні ў крызіс
Дыскусію пра сітуацыю ў ІТ-індустрыі з удзелам топ-менеджараў кампаній арганізавала анлайн-пляцоўка TechSpot.
Што з ІТ-рынкам, чаму так шмат звальненняў і каму горш за ўсіх, абмяркоўвалі днямі ўдзельнікі дыскусіі — CTO PandaDoc Сяргей Барысюк, СТО Flo Health Раман Бугаеў і Director of RnD Orca Security Зміцер Волах. dev.by паслухаў і выбраў самае займальнае.
Што адбываецца
Паводле даных Layoffs.fyi, у 2022 годзе 977 тэхкампаній звольнілі 151 576 супрацоўнікаў (колькасць увесь час абнаўляецца). Зміцер Волах заўважыў, што гэта было цыклічна: то ўсплёскі, то цішыня.
— Розныя кампаніі звольнілі ад 3-4 да 50% супрацоўнікаў. У сярэднім — каля 10%, — палічыў ён.
Нічога асаблівага не адбываецца, лічыць Сяргей Барысюк. Ніякага спецыфічнага крызісу ў бігтэху няма. Проста пасля некалькіх гадоў росту эканоміка ў ЗША і іншых рэгіёнах стала запавольвацца, скараціўся попыт, а разам з ім правалілася прагназаваная выручка кампаній. У выніку burn rate (хуткасць спальвання запасаў) павялічыўся, і з гэтым прыходзіцца штосьці рабіць.
На фондавым рынку таксама адбылася карэкцыя: інвестыцыі пераарыентаваліся ад кампаній, накіраваных на рост, да кампаній са стабільным рэвеню.
— Як правіла, кампаніі прыцягваюць грошы, каб расці, але пры гэтым у іх ёсць фундаментальныя паказчыкі па burn — колькі ты паліш грошай за месяц/квартал. Яны наймалі людзей, плануючы адзін памер «бёрну», але выручка знізілася і burn атрымаўся іншым.
Як толькі burn падскоквае, адразу памяншаецца run rate — час вашага жыцця на наяўных інвестыцыях. Таму burn трэба скарачаць. Найпрасцейшы спосаб — звальненні.
Розныя кампаніі крызіс закране па-рознаму, мяркуе Раман Бугаеў.
Больш за іншых пацярпяць тыя, хто актыўна рос у эпоху кавіду — е-комерс, фінтэх і да т. п. (яны нарасцілі burn rate мацней за тых, каго пандэмійны рост не закрануў). І яшчэ тыя кампаніі, што бліжэйшыя да IPO. Бо на позніх раўндах інвестыцыі цяпер падняць значна складаней, чым на ранніх.
Цяпер усе імкнуцца выйсці на пункт бясстратнасці.
— Лепш дадаваць 20, 30, 40% год у год, чым мець вар’яцкі рост, — лічыць Бугаеў. — Важна мець пазітыўны кэшфлоў.
А яшчэ шмат хто моцна перастрахаваўся. Я знаю кампаніі, у якіх усё добра з метрыкамі, але яны ўсё адно зрабілі lay offs, проста каб павялічыць свой run rate на 5 гадоў.
Звальненні — абавязковая частка «лячэння»?
Здаецца, так.
— У бігтэху людзі — асноўная графа выдаткаў. Другая графа — клаўд, SaaS, ліцэнзіі. У залежнасці ад таго, наколькі кампанія прасунутая, у яе будзе розны баланс костаў. Цяпер вядзецца багата размоў пра аптымізацыю выдаткаў на інфраструктуру, але на персанал траты большыя.
А гісторыя пра тое, што дзесьці скасавалі булачкі на сняданак, не настолькі цікавая, каб пра яе пісаць. Такое таксама адбываецца, але ў навіны трапляюць рэзанансныя падзеі.
Чаму звальняюць нечакана і ў адзін дзень
На думку Барысюка, прычыны выключна прагматычныя, аперацыйныя: так прасцей і бяспечней. Дзесьці крытычна важна хутка закрыць доступ да акаўнтаў. Да таго ж так «менш таксічнасці разносіцца па кампаніі: калі людзі чагосьці чакаюць, яны не будуць працаваць, яны будуць віраваць».
Праблема ў тым, што аперацыйны бок тут уступае ў супярэчнасць з маральным.
— Там шмат аперацыйных момантаў, якія не вельмі добра суадносяцца з этыкай.
Таму кампаніі імкнуцца ўсё ж такі дапамагаць тым, хто трапляе пад звальненне. Складаюць спісы, робяць рэферэнсы, дапамагаюць шукаць працу. І гэта па-чалавечы правільна.
Каго скарачаюць першым? Ці ёсць тут наогул логіка?
У розных выпадках логіка можа быць рознай.
Бугаеў лічыць, што звычайна імкнуцца пакідаць найбольш прадукцыйных супрацоўнікаў з вялікай экспертызай.
— Важны фактар — як даўно чалавек у гэтым бізнэсе, наколькі ён занураны ў кантэкст. Таму спачатку адклікаюць джоб-оферы, потым тых, хто на выпрабавальным тэрміне, і г. д.
Здаецца, ніхто не звальняе людзей, якія прыносяць асноўны даход або ствараюць асноўную вартасць.
Чаму могуць звальняць сеньёраў і пакідаць джуноў? Банальна: напрыклад, грошай няма, пры гэтым праца не суперскладаная, ёй дасць рады і джуніяр за меншыя грошы.
Калі ў кампаніі складаныя вялікія фічы або складаная архітэктурная праца, будуць старацца пакідаць сеньёраў.
Але асноўны фактар выбару — які value чалавек прыносіць кампаніі.
Барысюк дадае, што ў вялікіх кампаніях хутчэй звальняюць цэлымі прадуктамі.
— Калі кампанія інвестуе ў эксперыментальныя прадукты, фічы, напрамкі, яны відавочна першымі пойдуць пад нож, бо, як правіла, не прыносяць ніякага рэвеню. І тады сярод звольненых могуць быць і моцныя сеньёры: яны проста сыходзяць, бо закрываюць усю лінейку.
Бугаеў згаджаецца:
— Бо ў вялікіх кампаніях пераход чалавека з аднаго праекта ў іншы ўсё адно што змена працы: патрабуецца анбордзінг, занурэнне ў дамен, вывучэнне тэхналогій. Наколькі я ведаю, Amazon скарачае Alexa, і там сыходзяць у тым ліку сеньёры, стаф-інжынеры, прынсіпалы.
Як падстрахавацца
Парада ад CTO Flo Health: быць у профіт-цэнтры, там, дзе грошы і асноўны рост.
Парада ад CTO PandaDoc: аналізаваць метрыкі кампаніі (вядома, калі кампанія імі дзеліцца).
— Калі ў кампаніі ўсё добра, але грошай засталося на тры месяцы, то відавочна варта задумацца.
Парада ад мадэратара сустрэчы Lead Software Engineer Orca Security Аляксандра Фядосава: папрацаваць над гадавым перфоманс-рэв’ю.
— Згадайце ўсё добрае, што вы прынеслі кампаніі, і данясіце да вашага менеджара. І, можа быць, вас не звольняць. Але гэта недакладна.
Крызіс страшны і доўгі? Ці штосьці добрае ў ім ёсць?
Тут удзельнікі дыскусіі наладжаныя аптымістычна. Усё будзе добра (калі толькі не здарыцца чагосьці дрэннага), а звольненыя таленты не знікнуць на марозе, а створаць шмат новых стартапаў.
Сяргей Барысюк:
— Калі нічога глабальна дрэннага не адбудзецца, гэтая рэцэсія будзе невялікай і кіраванай і ўсё адновіцца.
Калі ёсць нармальны бізнэс, каштоўны для кліентаў, то ўсё будзе нармальна. А калі гэта незразумела што, то навошта яно? Такое абцінаецца адразу.
[Тое, што адбываецца] не падаецца вялікай праблемай — хутчэй магчымасцю. Інжынеры, якія выйдуць з гэтых [тых, што скарацілі штат] кампаній, пачнуць займацца стартапамі, з’явіцца больш цікавых новых кампаній.
Зміцер Волах:
— Вызвалілася вялікая колькасць людзей. Шмат хто з іх працаваў у кампаніях з такой культурай і тэхнічным узроўнем складанасці, што гатовы запускаць свае праекты. Мы чакаем буму.
Читать на dev.by