«Да пераезду думаў: Польшча не заграніца». Як айцішнік рэлакаваўся ў 46 гадоў
Сёлета Алег зрабіў тое ж самае, што і тысячы іншых айцішнікаў з Беларусі. З абмоўкай, што з пункту гледжання рэлакейт-статыстыкі яго век па верхняй мяжы «нормы» (1,5% усіх рэлакантаў, паводле даных нашай анкеты).
Як вырашыцца змяніць усё ў сталым веку — чытайце ў матэрыяле DzikPic.
«Для развіцця патрэбная свабода»
Я нарадзіўся ў 1976 годзе ў Гродне і ўжо ў школе пісаў праграмы на праграмаваным калькулятары Электроніка МК-61. Потым брат падарыў камп’ютар ZX Spectrum, на ім і здаваў экзамен у школе — іншых тады не было.
У той час я вырашыў, што хачу стаць праграмістам. Потым быў факультэт робататэхнікі ў БДПА (палітэху), падчас вучобы паспеў папрацаваць над распрацоўкай праграмы для праектавання захопаў у прамысловых робатаў. Яна і стала маёй дыпломнай працай, потым гэтую праграму нават прэзентавалі ў Швейцарыі.
Па заканчэнні акадэміі адразу трапіў у вялікі і цікавы праект у кампаніі «БелХард», дзе мы камандай стваралі стартап вялікага маштабу па кіраванні тавараматэрыяльнымі каштоўнасцямі. Карацей, усё ішло сваім парадкам: працаваў у розных праектах і стартапах для сябе, займеў сям’ю з двума сынамі (сёння 20 і 13 гадоў) і катом.
Чаму я вырашыў усё змяніць? У нашай сям'і заўсёды былі ў прыярытэце адукацыя і развіццё, але сістэма адукацыі ў Беларусі мяне не задавальняла. Перспектыў для прафесійнай дзейнасці і для будучыні маіх дзяцей у краіне проста не засталося. Акрамя таго, пачаўся працэс сыходу ІТ: закрываліся праекты, кампаніі, грамадскія арганізацыі, пачаліся праблемы з плацяжамі з-за мяжы, усё стала заміраць.
Пасля 2020 года я ярка ўбачыў змены ў грамадстве не ў лепшы бок. Грамадства закрываецца, разрываюцца сувязі з астатнім светам. У наш час гэта азначае выракаць сябе на стагнацыю. Ніводная краіна ў свеце ў адзіночку не зможа вырабляць усё, што трэба для грамадства. Для развіцця патрэбная свабода, а Беларусь цяпер — гэта чоўнік, прышпілены да Тытаніка.
Я і так доўга адкладаў рэалізацыю сваіх мараў на потым. Хацеў павандраваць па свеце, пабываць у розных краінах Еўропы. Але пасля 2020-га зразумеў, што і гэтая магчымасць для мяне закрываецца. Стала адчайна сумна, і я вырашыў, што маю дзейнічаць і ісці за марай. На пачатку 2022 года ў нас ужо былі адкрытыя візы PBH і сабраныя валізкі, а 24 лютага стала трыгерам: чаго яшчэ чакаць?
«Да пераезду думаў: курыца не пціца — Польшча не заграніца. Але так было 30-40 гадоў таму»
З выбарам месца ўсё было проста: у Гданьску жылі сябры і калегі. Да таго ж, па адаптацыі і магчымасці навучання для сына Польшча — найлепшы выбар, на маю думку. Сябры дапамаглі з усімі першаснымі арганізацыйнымі справамі: банк-мельдунэк-песэль, Ашан-Бедронка-Лідл, мора-парк-кавярні і гэтак далей. Я зноў працую ў стартапе.
Хоць дакументы практычна ўсе я падрыхтаваў загадзя, але паспеў далёка не ўсё — улетку прыязджаў і яшчэ дарабляў сёе-тое (напрыклад, зрабіў даверанасць на ўсялякі выпадак). Са стаматолагам вырашыць праблем не паспеў, таму імпланты прыйдзецца дарабляць ужо ў Польшчы.
З дзіўных адкрыццяў — мой даход пасля пераезду ніяк не змяніўся. Я працягваю працаваць над уласнымі праектамі, як і ў Мінску. Кошт прыватнай школы ў Мінску выявіўся прыкладна роўным выдаткам на арэнду жытла ў Гданьску. Прадукты і тавары тут таннейшыя, а гэта кампенсуе розніцу ў вышэйшых падатках і дарагім бензіне. Але для ІТ-спецыялістаў, якія пераязджаюць без уласных праектаў, у Польшчы значна больш магчымасцей. Працу прапаноўваюць па ўсім свеце.
Да пераезду ў Польшчу я ставіўся да яе як у старой прыказцы: «Курыца не пціца — Польшча не заграніца». Цяпер зразумеў: так і было 30-40 гадоў таму, але дакладна не цяпер. Быццам і жыву вакол сваёй роднай гісторыі, дзе вуліцы названыя ў гонар Адама Міцкевіча, Кастуся Каліноўскага, Стэфана Баторыя, Эміліі Плятэр. Але агульнае становішча ў грамадстве, эканоміцы і культуры цяпер моцна адрозніваецца ад Беларусі. Так, палякі падобныя да нас, але мы адрозніваемся адно ад аднаго ментальнасцю, культурай, ладам жыцця. Усё пазнаецца ў дробязях, а іх вельмі шмат. І хоць панэлькі і тратуары з пліткай, як у савецкіх гарадах, засталіся, але палякі адарваліся ад савецкага мінулага. Яны ўжо іншыя: думаюць па-еўрапейску вольна, вераць у бога, людзей і дабрыню, дапамагаюць адно аднаму, развіваюць у дзецях спачуванне. Ну і пераход на прыватную ўласнасць адыграў асноўную ролю ва ўздыме эканомікі і развіцці краіны. Карацей, можна доўга пісаць пра гэта, але гэта адразу заўважаеш.
Цяпер я ўсё яшчэ ў працэсе легалізацыі, і няма ніякіх гарантый, што мне не давядзецца вярнуцца. Але каб вярнуцца свядома — маюць адбыцца глабальныя змены ў грамадстве і ўладзе. Інакш гэта будзе крок назад.
«Прайшліся па трох школах, але пры канцы навучальнага года нас нікуды не бралі»
Жонка ў Беларусі і тут займаецца дзецьмі, з імі стае клопатаў. Старэйшы сын заканчвае вучобу ў беларускім універсітэце і ўжо працуе ў ІТ. Малодшы хадзіў у прыватную школу, дзе навучыўся з задавальненнем рабіць заданні, стаў актыўнейшым і жывейшым. У прыватнай школе падыход быў на вышыні, але прыватныя школы пазакрывалі. І яму пераезд у пераходным веку даўся нялёгка.
Кажуць, што дзеці лёгка адаптуюцца ў Польшчы, але гэта індывідуальна. Трэба браць пад увагу век, характар і час на адаптацыю. Калі гэта дзіцячы садок і пачатковая школа, то можа і хутчэй. Але калі гэта ўжо падлетак у 13 гадоў, то ўжо ўсё куды складаней. Але як мы прыехалі ў сакавіку, а ў школу трапілі пры канцы красавіка, то праз пару месяцаў быў перапынак на вакацыі — і можна было перадыхнуць.
Перад выбарам школы мы паглядзелі рэйтынгі школ у акрузе, прайшліся па трох з іх, але да канца навучальнага года нас нікуды не бралі. У выніку мы трапілі ў іншы варыянт — паводле прапіскі. Што цікава, у Мінску сын скончыў 7-ы клас. Часцей за ўсё 13-гадовых бяруць у 6-ы польскі клас, але нас не захацелі браць у 6-ы і ўзялі ў 7-ы. Хутчэй за ўсё праз тое, што класны кіраўнік ведае рускую мову і ў класе былі ўжо ўкраінцы і беларус (пасля вайны клас павялічыўся з 20 да 26 чалавек).
Цяпер сын вучыць адразу тры замежныя мовы (польская, англійская, нямецкая) і рыхтуецца да іспытаў. Гэта вельмі няпроста, улічваючы, што ён Польскі ніколі не вучыў. Ва ўсе прадметы даводзіцца ўнікаць на польскай ужо на хаду. Падыход да навучання быццам і падобны да беларускага, але моцна адрозніваецца ў дэталях. Напрыклад, тут трэніруюць дзяцей пісаць і выказваць свае думкі — даклады, сачыненні, эсэ і да т. п. Нават на экзаменах ёсць пытанні на выбар адказаў, як у ЦТ, але і ёсць пытанні, дзе трэба напісаць эсэ.
У дзецях выхоўваюць пачуцці суперажывання і дапамогі, за валанцёрства налічваюць спецыяльныя пойнты, якія ўлічваюцца пры паступленні. І яшчэ дазваляюць выпраўляць памылкі: ёсць такое паняцце, як прамежкавая адзнака за чвэрць, якую можна выправіць, яе не «сякуць» канчаткова пры канцы чвэрці.
Падручнікі друкуюць на афсетнай паперы найвышэйшай якасці, як часопіс Cosmopolitan з супермалюнкамі і схемамі. Іх бясплатна выдаюць. Знаёмы рэпетытар заўважыў, што заданні і чарцяжы па матэматыцы ў Беларусі бяруць з польскіх падручнікаў.
А яшчэ з цікавага — гэта ўрокі музыкі, абавязкова трэба мець дудачку і ўмець на ёй граць. Увогуле, гэтая сістэма мне нават больш падабаецца, ніж у прыватнай школе ў Беларусі. Што яшчэ важна: стаўленне да вучняў у польскай школе і да сына ў прыватнасці — вельмі добрае.
«У свае 46 цямлю хутчэй, ніж у 36»
Пераязджаць у сталым веку складана ментальна: з векам прывязак станавіцца толькі болей. А калі яшчэ і забавязанні перад сваякамі ёсць — тут нават пры жаданні пераехаць не заўсёды атрымліваецца.
Мне дапамагло тое, што па жыцці атрымлівалася кожныя 4-5 гадоў мяняць кірунак дзейнасці, і таму я прывык да перамен. Я разумею складанасць, але ўсё адно іду наперад, і тут век не важны. Калі хтосьці вырашыць пераехаць дзеля выгады маментальнай, то наўрад ці гэта атрымаецца. Прыйдзецца ж выходзіць з зоны камфорту, а гэта цяжка. Мэта і матывацыя — вось што першаснае.
Як распрацоўшчык скажу, што быць праграмістам — не самая простая задача. Найперш таму, што трэба практычна ўвесь час вучыцца. Інакш немагчыма быць запатрабаваным. Калі чалавек не гатовы вучыцца, то век наогул не важны: яму складана будзе нават «увайсці і быць у ІТ». Мне даводзілася працаваць з праграмістамі-матэматыкамі пенсіянерамі, якія папросту абыходзілі 30-гадовых па хуткасці думкі. Больш за тое, век дае перавагі ў досведзе. Яго за 1 год не атрымаеш, а вось за 20 гадоў — цалкам!
Па сабе заўважаю, што ў свае 46 цямлю хутчэй, ніж у 36. Бачанне праблемы або задачы стала як быццам аб’ёмнейшым праз назапашаныя веды.
Я займаюся спортам, вывучаю польскую, падтрымліваю англійскую, асвойваю некалькі фрэймворкаў, паралельна працую над 3-5 праектамі, «мацаю» blockchain, NFT і г. д. І хочацца толькі больш. Таму паверце: век можна зрабіць перавагай, а не перашкодай.
Читать на dev.by