Латвія і Эстонія таксама могуць закрыць мяжу з Беларуссю, калі кантрабандныя шары не спыняцца — прэм'ер Літвы
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што атрымала ад Латвіі і Эстоніі абяцанні падтрымаць краіну, калі сюды працягнуць ляцець цыгарэтныя метэазонды з Беларусі. Пра гэта піша партал LRT.
Сёння ў Сейме Ругінене сказала журналістам, што раней Польшча ў знак салідарнасці з Літвой не адкрыла пункты пропуску на беларускай мяжы, хаця збіралася.
«Такое ж запэўніванне я атрымала ад прэм’ер-міністраў Латвіі і Эстоніі. Калі мы ўбачым, што кантраляваць сітуацыю не ўдаецца, а рэжым Беларусі працягвае нас атакаваць, яны таксама гатовы праявіць салідарнасць», — адзначыла яна, дадаўшы, што краіны знаходзяцца ў пастаянным дыялогу.
Варшава збіралася адкрыць Кузніцу, закрытую з 9 лістапада 2021 года, і Баброўнікі, закрытыя з 10 лютага 2023 года. Гэта магло адбыцца ў сярэдзіне месяца, але на планы паўплывала тое, што Літва закрыла мяжу з Беларуссю на месяц — пакінуць усё так, як ёсць, паабяцаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Літва можа працягнуць сваё рашэнне пасля 30 лістапада — цыгарэты цяпер падарожнічаюць туды дронамі.
Читать на dev.by