Гендырэктар выгнаў 90% працаўнікоў, бо яны прапусцілі ранішні мітынг
СЕО музычнай анлайн-крамы Musicians Club Болдвін Одсан звольніў 99 са 110 супрацоўнікаў і фрылансераў, якія працавалі на яго, толькі за тое, што яны не з’явіліся на нараду, а 8:30 раніцы ў пятніцу 15 лістапада, расказвае Forbes. Кампанія была створаная ў 2022 годзе і месціцца ў штаце Ваёмінг.
«Тыя з вас, хто не з’явіўся на мітынг гэтай раніцай, могуць лічыць гэта афіцыйным паведамленнем: вы ўсе звольненыя. Вы не зрабілі таго, што абавязаліся рабіць, вы не выканалі сваёй часткі дамовы, вы не з’явіліся на мітынг, на якім мусілі прысутнічаць і працаваць», — напісаў Одсан у агульным канале ў Slack.
Далей ён загадаў усім аддаленым працаўнікам выйсці з усіх працоўных акаўнтаў, вярнуць усю маёмасць, якую ім дала кампанія, і лічыць усе дамовы ануляванымі.
«Я даў вам магчымасць зрабіць вашае жыццё лепшым, працаваць і расці. Але вы паказалі мне, што ставіцеся да гэтага несур’ёзна. Са 110 людзей раніцай прысутнічалі толькі 11. Гэтыя 11 застаюцца. Астатнія звольненыя. Проста цяпер выбірайцеся к чорту з маёй кампаніі», — дадаў гендырэктар.
Многія са звольненых супрацоўнікаў працавалі без аплаты аддалена не на поўны дзень — пазіцыі былі арыентаваныя на студэнтаў-музыкаў, зацікаўленых у працоўным досведзе. Прыкладам, на неаплатную пасаду аперацыйнага менеджара, апублікаваную сёлета, адгукнуўся 51 чалавек. У апісанні гаварылася, што суіскальнік зможа атрымаць глыбокае разуменне таго, як уладкаваны электронны гандаль на канкурэнтным рынку, практычны досвед кіравання платформамі анлайн-продажаў і іх аптымізацыі, а таксама перспектыву перайсці ў штат з аплатай налета.
Адзін з былых практыкантаў на Reddit абвінаваціў былога боса ў тым, што ён у асноўным бярэ аддаленых практыкантаў, гатовых працаваць бясплатна. Відавочна, адзначае Forbes, Одсан атрымаў «па заслугах» — дакладней, па аплаце, — бо працаўнікі-валанцёры не будуць выкладвацца так, як тыя, што атрымліваюць узнагароджанне і бонусы.
Сярод звольненых былі і супрацоўнікі, якія прапрацавалі ў Musicians Club некалькі гадоў і не ўяўлялі, што іх могуць без папярэджання выгнаць. Одсан выказаўся пра інцыдэнт у LinkedIn. У пасце ён не прасіў прабачэння — нават наадварот сказаў, што прытрымліваецца свайго рашэння і каштоўнасцяў, і, нягледзячы на спробы некаторых «скасаваць» яго, трафік у сайта ўзляцеў, продажы б’юць рэкорды, і кампанія атрымлівае сотні заявак на дзень ад ахвотных далучыцца.
Читать на dev.by