«Калі шукаеш працу ў 2026-м, думаць няма калі». У LinkedIn усіх разводзяць фэйк-кампаніі — расследаванне айцішніка
Кандыдат раскапаў новыя кейсы ашуканства і робіць выснову: рынак найму зламаўся з двух бакоў.
Кандыдат раскапаў новыя кейсы ашуканства і робіць выснову: рынак найму зламаўся з двух бакоў.
Кандыдат раскапаў новыя кейсы ашуканства і робіць выснову: рынак найму зламаўся з двух бакоў.
Фулстэк-распрацоўшчык Мікалай Канавалаў жыве ў Варшаве, апошнія месяцы ён актыўна шукае працу. Зносіны з рэкрутарам (альбо «рэкрутарам» — мы не ведаем) ледзь не каштавалі яму зліву персанальных звестак. На сваю гісторыю ён звярнуў увагу devby, каб засцерагчы кандыдатаў (англамоўную версію са скрынамі перапісак ды іншымі пруфамі Мікалай выклаў на сваёй старонцы ў LinkedIn). Пераказваем сутнасць.
У канцы мая на Мікалая выйшла рэкрутар Марціна і напісала, што шукае кандыдата для кампаніі Somnio Software на «праект для банка ў Лондане», прыклала спасылку на вакансію. Праз некалькі дзён адбыўся 30-хвілінны колл у Google Meet. Нічога незвычайнага — стандартныя пытанні, звычайнае знаёмства з рэкрутарам. Рэтраспектыўна Мікалай даследаваў запіс і не выявіў у голасе Марціны ніякіх прыкмет ШІ.

Цікавае пачалося пасля кола. У наступным лісце Марціна запытала ў кандыдата копію пашпарта і кантакты калег, якія маглі б даць незалежны водгук — быццам бы такое патрабаванне ў Банка Лондана.

— Як, чорт вазьмі, «лонданскі банк» ператварыўся ў «Bank of London»? — здзівіўся Мікалай.
Ён адразу праверыў сайт банка — высветлілася, што ў іх ёсць вакансіі толькі для менеджараў і аналітыкаў. Для інжынераў працы няма.
Мікалай імгненна запытаў у Марціны, які канал сувязі яны выкарыстоўваюць для такіх рэчаў. Не праз жа LinkedIn адпраўляць персанальныя дадзеныя. Хто апрацоўшчык звестак? Хто партнёры? Колькі захоўваюцца дадзеныя?
Ніякага адказу больш ён не атрымаў — ні праз дзень, ні праз тыдзень.

— На гэты момант у мяне ўжо ўзнікла ўстойлівае адчуванне, што гэта афёра, якая павінна была спрацаваць з любым іншым чалавекам, які шукае працу ў 2026-м, — кажа Мікалай. — Людзям няма калі думаць і правяраць кожную дэталь, і гэтым карыстаюцца махляры.
Ён захацеў даведацца пра схему больш і пачаў шукаць інфармацыю.
Першай мішэнню стала рэкрутынгавая кампанія, супрацоўніцай якой прадстаўлялася Марціна, — WeAreStaffy. Аказалася, што такая кампанія сапраўды існуе ў Аргентыне, але сляды вядуць да іншай кампаніі — Staffy — у Канадзе. І спецыялізуецца яна на падборы не ІТ-кадраў, а работнікаў для гатэляў, рэстаранаў і аховы здароўя.
Прагугліўшы кампанію Somnio Software, Мікалай высветліў, што яна заснавана ва Уругваі, штаб-кватэра — у Монтэвідэа. Судзячы па сервісах бізнес-аналітыкі, у кампаніі ёсць кліенты, пры гэтым яе імпарт чамусь скарачаецца з года ў год.
— Няўжо кампанія зусім не купляе абсталяванне для супрацоўнікаў, — дзівіцца айцішнік.
Ён напісаў неадбыўшамуся працадаўцу — адказу не атрымаў. А таксама нядаўна — у сам The Bank of London. Пакуль без вынікаў.
Мікалай таксама вывучыў расцэнкі ў дарквэбе на персанальныя дадзеныя суіскальнікаў. За сканы еўрапейскіх і амерыканскіх пашпартоў разам з сэлфі плацяць, паводле розных крыніц, ад 100 да 1500 долараў. Па спасылках можна знайсці больш інфармацыі: (вось, вось і вось).

Адкрыццё прымусіла Мікалая ўважлівей прыгледзецца да акаўнтаў кампаній, якія падкідвае яму LinkedIn, і аказалася, што сярод іх поўна фэйкавых. У некаторых — дзясяткі тысяч паслядоўнікаў. «Дакладней ботаў», — упэўнены Мікалай.
Гэтае адкрыццё ўразіла распрацоўшчыка. Хаця б таму, што ён усё яшчэ шукае працу і шмат у чым залежыць ад LinkedIn, у профіль і нетворкінг на якім уклаў мора часу.
— Я клікаю на аб’яву і адразу бачу, што гэта фэйкавая кампанія, фэйкавыя рэкрутары, фэйкавыя пасты, фэйкавыя навіны, фэйкавыя сайты, усё фэйкавае! Рынак найму ламаюць з двух бакоў, — канстатуе ён. — Кандыдаты бачаць фэйкавыя кампаніі, кампаніі бачаць фэйкавых кандыдатаў. Давяраць стала значна цяжэй.
Цяпер Мікалай шукае працу інакш. На ягоную думку, найлепшы метад цяпер — пісаць напрамую рэкрутарам/іншым супрацоўнікам цікавай кампаніі. І толькі пасля гэтага рэагаваць на іх вакансію, адсылаць рэзюмэ і трымаць сувязь з чалавекам.





Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.