З ІІ людзі працуюць да 1,5 гадзіны ў дзень даўжэй, чым без яго — даследаванне
Адэпты ШІ накшталт Біла Гейтса і Джэнсэна Хўанга гадамі запэўніваюць, што тэхналогіі прывядуць да скарачэння працоўнага тыдня, аднак пакуль рэальнасць дэманструе адваротны эфект: людзі, якія актыўна выкарыстоўваюць ШІ на працы, часам працуюць на 90 хвілін даўжэй за тых, хто абыходзіцца без нейрасетак, паведамляе Gizmodo.
Адэпты ШІ накшталт Біла Гейтса і Джэнсэна Хўанга гадамі запэўніваюць, што тэхналогіі прывядуць да скарачэння працоўнага тыдня, аднак пакуль рэальнасць дэманструе адваротны эфект: людзі, якія актыўна выкарыстоўваюць ШІ на працы, часам працуюць на 90 хвілін даўжэй за тых, хто абыходзіцца без нейрасетак, паведамляе Gizmodo.
Маштабны аналіз правяла кампанія ActivTrak, якая спецыялізуецца на софце для ацэнкі прадуктыўнасці. Даследчыкі вывучылі лічбавую актыўнасць больш за 9 тысяч супрацоўнікаў з 467 кампаній у перыяд з красавіка па верасень. Высветлілася, што працоўны дзень карыстальнікаў нейрасетак доўжыцца ад 8,4 да 9,1 гадзіны, тады як у іх самастойных калегаў — у сярэднім 7,6 гадзіны.
Самыя зацятыя карыстальнікі ШІ — тыя, хто задзейнічае тэхналогіі больш за 45 хвілін і запускае не менш за пяць сесій на дзень, — перапрацоўваюць больш: яны праводзяць за працоўнымі задачамі ў пазаўрочны час на 18 хвілін даўжэй за тых, хто ШІ не выкарыстоўвае. Акрамя таго, яны часцей пераключаюцца паміж дадаткамі, а перыяды бесперапыннай глыбокай канцэнтрацыі ў іх карацейшыя, чым у тых, хто ўжывае ШІ эпізадычна.
У ActivTrak адзначаюць, што хоць ШІ сапраўды дапамагае закрываць асобныя задачы хутчэй, на практыцы ён прыводзіць да падаўжэння працоўнага дня, пастаяннага пераключэння паміж вокнамі і размывання фокусу. У гэтай з’явы ёсць некалькі тлумачэнняў: альбо супрацоўнікі з доўгім працоўным днём першапачаткова схільныя хутчэй асвойваць ШІ, альбо тэхналогіі падахвочваюць набіраць больш задач, альбо значная частка часу сыходзіць на разбор і праўку згенераванага нейрасеткамі слопу. Даследчыкі заўважылі, што ў сучаснай культуры канцэнтрацыі на прадуктыўнасці любы выйграны рэсурс адразу канвертуецца ў новыя аб’ёмы працы.
Да аналагічных высноваў прыйшлі і вучоныя са Школы бізнесу Гааса пры Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі. У ходзе васьмімесячнага даследавання ІТ-кампаніі на 200 супрацоўнікаў яны выявілі, што ШІ не вызваляе час спецыялістаў, а павышае інтэнсіўнасць працы: людзі пачынаюць працаваць у паскораным тэмпе, бяруць на сябе больш абавязкаў і засіджваюцца да позняга вечара, прычым часта без нейкіх указанняў зверху.
Даследчыкі заклікаюць працадаўцаў не радавацца скачку прадуктыўнасці загадзя. Калі задачы пашыраюцца, а паралельна круцяцца некалькі ШІ-працэсаў, дзень становіцца больш шчыльным і вымагае значна большых кагнітыўных намаганняў. У доўгатэрміновай перспектыве гэта наўпроставая дарога да выгарання.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.