У Германіі байкатуюць Tesla праз умяшанне Маска ў палітыку
У Германіі набірае абароты байкот электракараў Tesla праз тое, што Ілан Маск увесь час каментуе палітыку краіны і прасоўвае вельмі правую партыю, піша Electrek.
Некаторыя аналітыкі і прыхільнікі Tesla мяркуюць, што эпатажныя паводзіны Маска ў сваёй сацсетцы X, дзе ён распаўсюджвае дэзынфармацыю і лезе ў палітыку, уплываюць на продажы кампаніі, якія ўпершыню за дзесяць гадоў паказалі зніжэнне. Выданне адзначае, што прамую сувязь тут устанавіць складана, але ёсць канкрэтныя прыклады, калі кліенты адварочваліся ад яе менавіта праз таксічнага гендырэктара.
Летась адная з найбуйнейшых у Еўропе дрогеры-сетак Rossmann збіралася цалкам «электрыфікаваць» свой аўтапарк — прычым аўтамабілямі Tesla. Але ў нейкі момант вырашыла прадаць ужо набытыя машыны і замяніць іх іншымі электрычнымі брэндамі. У якасці прычыны ў Rossmann паказалі «несумяшчальнасць заяў CEO Tesla Ілана Маска і каштоўнасцяў, якія Tesla ўвасабляе сваімі прадуктамі».
Не так даўно Маск стаў вельмі шмат казаць пра палітыку Германіі. Ён заклікаў грамадзян галасаваць за «Альтэрнатыву для Германіі» на маючых адбыцца выбарах — ультраправую партыю, якую некаторыя лічаць экстрэмісцкай. Пасля гэтага больш за 60 нямецкіх і аўстрыйскіх навучальных арганізацый абвясціла байкот сацсетцы Х, якая стала рупарам мільярдэра.
На гэтым тыдні буйная нямецкая энергетычная кампанія LichtBlick далучылася да байкоту Tesla, вырашыўшы адмовіцца ад яе электрамабіляў. Прадстаўнік LichtBlick адзначыў, што заклік Маска галасаваць за АдГ несумяшчальны з каштоўнасцямі кампаніі, такімі як талерантнасць і дэмакратыя. Таму яна будзе працаваць з іншымі пастаўшчыкамі электрамабіляў, а кантракты з Tesla пасля заканчэння падаўжаць не будзе. У LichtBlick разумеюць, што сур’ёзных фінансавых наступстваў для Tesla гэтае рашэнне мець не будзе, але хочуць такім чынам падаць прыклад для астатніх.
Продажы Tesla ў Германіі падаюць, і моцна. Так, у 2024 годзе кампанія прадала ў краіне на 41% менш электракараў (прыкладна на 26 тысяч адзінак), чым у 2023-м.
Читать на dev.by