Маханёк груба адмовіў стартапу праз арфаграфію. Падняўся шум у X (але ўладзілася)
Усё скончылася публічнымі выбачэннямі інвестара.
Павучальная VC-гісторыя з лінгвістычным ухілам адбылася сёння ў сацсетцы X. Стартапер апублікаваў перапіску з беларусам Ігарам Маханьком, стваральнікам інвестфонду для стартапаў-мігрантаў у ЗША Geek Ventures.
У ёй інвестар паказвае фаўндару на арфаграфічную памылку ў лісце на англійскай і на гэтай падставе адмаўляе ў фінансаванні:
— Мы не інвестуем у непісьменных фаўндараў, соры.
У каментары фаўндар іранічна нагадвае, што гаворка пра дапамогу стартапам-мігрантам. Публікацыя сабрала амаль 400 рэпостаў.
Рэакцыя Маханька не прымусіла доўга чакаць. Ён прызнаў сваю няслушнасць і папрасіў прабачэння.
— Дрэнныя ўчынкі мусяць усплываць наверх, як у дадзеным выпадку, — пагадзіўся з апублікаваннем гісторыі Ігар Маханёк.
Geek Ventures — інвесткампанія ІТ-прадпрымальніка родам з Беларусі Ігара Маханька. У жніўні 2023 года абвясціла аб запуску інвестфонду з капіталам 23 млн долараў. Фонд інвестуе ў стартапы мігрантаў, якія пераязджаюць у ЗША.
— Я хачу стварыць магчымасці для дзіўных талентаў, якія нараджаюцца ва ўсім свеце, — кажа пра задачы праекта Ігар Маханёк.
Беларусам прэферэнцый няма. Але тым, хто піша яму на беларускай мове, Маханёк абяцае надаць асаблівую ўвагу.
Geek Ventures падтрымлівае група інвестараў, у тым ліку заснавальнікі PandaDoc Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк, заснавальнік і гендырэктар Applovin Адам Фаругі, Decile Capital Premier Fund I.
Кампанія ўжо ўклала грошы ў 35 стартапаў. У планах — інвеставаць у адную ці дзве кампаніі на месяц. Усяго ж фонд збіраецца зрабіць 60 інвестыцый памерам ад 50К да 1M долараў.
Читать на dev.by