Маск паабяцаў зрабіць свой смартфон, калі Twitter забаняць у App Store і Google Play
У Ілана Маска гатовы план на выпадак, калі Apple і Google павыганяюць Twitter са сваіх крамаў праграм. Мільярдэр папросту створыць уласны смартфон.
Такую заяву ён зрабіў у адказ на саркастычны пост амерыканскай тэлевядоўцы Ліз Уілер. Яна напісала, што калі Twitter выдаляць са стораў, то паўкраіны з радасцю кінуць перадузятыя iOS і Android, якія шпіёняць за карыстальнікамі, і перабягуць на смартфон Маска — распрацаваць які для ракетабудаўніка будзе, вядома ж, раз плюнуць.
Прадпрымальнік не выключыў такога варыянту развіцця падзей, але назваў яго крайняй мерай. «Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але так, калі не застанецца іншага выбару, я ствару альтэрнатыўны смартфон», — напісаў Маск.
Раней Маск скараціў прыкладна палову штату і 80% падрадчыкаў сацсеткі. Праз гэта сышлі ў адстаўку топы падраздзяленняў, якія адказваюць за мадэрацыю кантэнту і абарону карыстальніцкіх даных. Сотні супрацоўнікаў не захацелі заставацца ў кампаніі пасля ўльтыматуму наконт працы ў «хардкорных» умовах. Яшчэ некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў Twitter і SpaceX былі звольненыя за тое, што асмеліліся публічна спрачацца з Маскам. Пры гэтым да куплі Twitter Маск нярэдка абвінавачваў Twitter у падрыве дэмакратыі і парушэнні свабоды слова, а сябе абвяшчаў яе абаронцам.
Як адзначае Insider, Маск выступае за тое, каб прапускаць на пляцоўку любы кантэнт, які не парушае закону. Ён нібыта плануе прыдумаць спосабы манетызацыі кантэнту для дарослых у Twitter па аналогіі з OnyFans — пры Джэку Дорсі сацсетка катэгарычна баніла любую парнаграфію, гвалт і мову нянавісці. Такія паслабленні ў плане мадэрацыі могуць прывесці да з’яўлення на платформе пастоў, якія, напрыклад, не спадабаюцца Apple, што спрабуе зберагчы сваіх карыстальнікаў ад неналежнага кантэнту.
Читать на dev.by