Маск звольніў 500 чалавек з каманды зарадных станцый Tesla. Цяпер наймае назад
Нядаўна Tesla распусціла амаль усю каманду, якая адказвала за фірмовыя зарадкі Supercharger — каля 500 супрацоўнікаў. Цяпер некаторых з іх клічуць назад, піша Bloomberg.
Нядаўна Tesla распусціла амаль усю каманду, якая адказвала за фірмовыя зарадкі Supercharger — каля 500 супрацоўнікаў. Цяпер некаторых з іх клічуць назад, піша Bloomberg.
Паводле слоў крыніц выдання, у кампанію вярнуўся дырэктар зараднага падраздзялення па Паўночнай Амерыцы Макс дэ Зегер. Ён быў адным з галоўных топ-менеджараў пасля старшай дырэктаркі Рэбекі Цінучы, якую кіраўнік усяе Tesla Ілан Маск звольніў пры канцы красавіка разам практычна з усімі падначаленымі.
Колькі супрацоўнікаў нанялі назад, не ўдакладняецца.
Зарадкі Supercharger — адзін з самых паспяховых прадуктаў Tesla. За апошні год кампаніі ўдалося пераканаць канкурэнтаў прыняць свой стандарт зарадкі электрамабіляў і ўкласці пагадненні са многімі найбуйнейшымі аўтавытворцамі, каб іх кліенты мелі доступ да сеткі Tesla.
На хвалі грамадскага абурэння звальненнямі Маск мінулага тыдня заявіў, што сёлета ў яе развіццё будзе ўкладзена больш за $500 млн. Але за некалькі дзён да гэтага сказаў, што новыя станцыі будуць з’яўляцца павольней, а фокус больш будзе накіраваны на павелічэнне часу працы і пашырэнне дзейных лакацый.
Аналагічная сітуацыя са звальненнямі склалася ў Х пасля куплі мільярдэрам. Адразу пасля ўгоды ён выгнаў палову супрацоўнікаў, а пасля сацсетка паступова страціла каля 90% штату. Аднак пазней на фоне частых збояў Маск прызнаў, што, пагарачыўшыся, звольніў тых, каго не трэба было, і стаў спрабаваць вярнуць.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.