Маск: у бігтэх-кампаніях яшчэ маса магчымасцей для звальненняў
Гендырэктар Tesla і ўладальнік Twitter Ілан Маск мяркуе, што тэхнагіганты маглі б скараціць яшчэ больш людзей без шкоды для прадукцыйнасці.
«Я думаю, ёсць прастор для істотных скарачэнняў у іншых кампаніях без шкоды для прадукцыйнасці. Насамрэч на карысць прадукцыйнасці», — заявіў Маск у інтэрв’ю Wall Street Journal.
Маск каментаваў меры зніжэння выдаткаў у Twitter, дзе цяпер будзе займаць пасады старшыні праўлення і тэхдырэктара, ды ў іншых кампаніях Крэмніевай даліны, многія з якіх звальняюць супрацоўнікаў тысячамі.
Паводле даных трэкера layoffs.fyi, у 2022 годзе ІТ-кампаніі скарацілі 165 тысяч супрацоўнікаў. У няпоўным 2023-м колькасць ужо наблізілася да 200 тысяч.
Маск пасля куплі Twitter у мінулым кастрычніку паменшыў колькасць штату прыкладна на 90%. Пазней мільярдэр прызнаў, што некаторых звальняць не варта было, і сацсетка не супраць зноў наняць іх.
«Было шмат людзей, якія рабілі штосьці, што не здавалася надта значным», — адзначыў Маск у свежым інтэрв’ю. Ён дапусціў, што аналагічная сітуацыя можа быць у іншых кампаніях. Паводле слоў прадпрымальніка, у Twitter магло быць так, што нараду «цягне» на сабе адзін з дзесяці ўдзельнікаў, пакуль астатнія тармозяць працэс, і іх сэнс губляўся. Цяпер у Twitter каля 1 тысячы супрацоўнікаў. Маск лічыць аптымальнай лічбай 1,5 тысячы.
Читать на dev.by