Мельнічак расказаў пра працу з заходнім рынкам ПВТ і рэлакейце бізнесу і жыцці да 130 гадоў
ІТ-прадпрымальнік і венчурны інвестар Юрый Мельнічак у інтэрв’ю Лізавеце Асяцінскай распавёў пра стан ПВТ і свой стартап, які мае намер падоўжыць людзям жыццё.
ІТ-прадпрымальнік і венчурны інвестар Юрый Мельнічак у інтэрв’ю Лізавеце Асяцінскай распавёў пра стан ПВТ і свой стартап, які мае намер падоўжыць людзям жыццё.
Па яго словах, у ПВТ усё менш магчымасцяў працаваць з заходнімі кліентамі, але ён працягвае: «Многія з’ехалі, нехта застаўся. І ў нейкім выглядзе ён працуе. Вядома, не ў такім, як ён працаваў раней. Але я думаю, што гэты цяперашні час, ён не вечны. І вельмі можа здарыцца так, што ўсё пераўтворыцца і будзе новы парк высокіх тэхналогій»
Мельнічак кажа, што ведае кампаніі, якія працягваюць працаваць на знешні рынак і атрымліваць адтуль грошы, але яны не хочуць, каб іх называлі. Банкаўскія плацяжы ўсё яшчэ праходзяць, але ў вельмі абмежаваным аб’ёме. «Калі плацяжы SWIFT лічыць як дарогу, як аўтамагістраль, то яе прапускная здольнасць знізілася, можа быць, у 20 разоў», — параўнаў Мельнічак. Але сказаў, што ёсць еўрапейскія банкі, якія дасылаюць пераводы ў Беларусь, і беларускія банкі, якія прымаюць плацяжы з Еўропы, хоць іх становіцца ўсё менш: «Гэтая лінія робіцца таньчэйшай, але яна ёсць».
Таксама ён выказаўся пра вядзенне бізнесу ў Расіі. Па яго словах, усю інтэлектуальную ўласнасць, актывы — і сябе таксама — трэба захоўваць за мяжой. Сам Мельнічак з’яўляецца грамадзянінам Швейцарыі.
Таксама прадпрымальнік гаварыў пра свой ШІ-стартап Gero ў сферы біяхакінгу, які распрацоўвае лекі ад старэння і ўжо запартнёрыўся з буйнымі фармацэўтычнымі кампаніямі. «Чаканая працягласць жыцця з 83 гадоў, як зараз у развітых краінах, дойдзе да 120-130 гадоў», — прагназуе ён. Кажа, гэты зрух ужо тэарэтычна адбыўся, наперадзе — рэалізацыя тэхналогіі. Лекі будуць не ў выглядзе таблеткі, а ін’екцыі: «Гэта можа быць мРНК-вакцына, якая робіцца, як кавідная вакцына, раз у год».
Стартап з інвестыцыямі Мельнічка заключыў угоду на патэнцыйныя $1+ млрд з японскім фармгігантам
Стартап зрабіў вакцыну, якая перашкаджае назапашванню пэўнага бялку ў арганізме — калі яго выдаліць, то людзі змогуць жыць значна даўжэй. У эксперыментах на мышах адзін укол падаўжаў жыццё грызуна на 20-25%. Паддоследных усыпілі, каб вывучыць іх унутранасці, і аказалася, што іх органы былі, як у маладых. Мельнічак патлумачыў, што Gero — перш за ўсё вылічальная кампанія, а лабараторныя даследаванні праводзяцца на аўтсорсінгу.
Лекі павінны будуць не проста лячыць хваробы, а «адкруціць лічыльнік узросту» назад, каб арганізм захоўваў высокую здольнасць да самааднаўлення. Ін’екцыі трэба будзе рабіць людзям пасля 65 гадоў: «Гэта не той прэпарат, які гасіць паступовае зніканне арганізма, гэта хутчэй той, які немач чалавечую адкочвае назад». Мельнічак прызнае, што чакаць гатовага прэпарата ў продажы яшчэ вельмі доўга: пасля выпрабаванняў на мышах наперадзе выпрабаванні на іншым відзе млекакормячых, і толькі потым — у некалькі этапаў на людзях.
Таксама стартап стварыў ШІ, які прагназуе захворванні. Па словах Мельнічка, сістэма «добра ўмее падзяляць старэнне і хваробы, і ад гэтага знаходзіць лекі для старэння і для ўзростазалежных хвароб. … Мадэль Gero прадказвае наступнае захворванне ў медыцынскай карце чалавека». Мадэль трэніравалі на дадзеных Pfizer, якой стартап дапамагаў шукаць сродак для барацьбы з фіброзамі.
У інтэрв’ю Мельнічак паведаміў яшчэ пра адзін напрамак працы стартапа — Gero дамовіўся са спецыялізаваным інвестфондам, які гатовы фінансаваць пошук лекаў для адтэрміноўкі менапаўзы.
На пытанне пра тое, што стартап можа быць складана прадаць, Мельнічак не пагадзіўся: на яго думку, купіць Gero як гатовы даследчы цэнтр магла б любая буйная фармкарпарацыя. Але падкрэсліў, што зараз продаж не разглядае.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.