Meta вырашыла менш выдаткоўвацца на здароўе і дабрабыт супрацоўнікаў — бонусы скарацілі ў 1,5 разу
Ад 2023 года Meta паменшыць выдаткі, звязаныя з падтрыманнем псіхічнага здароўя супрацоўнікаў, балансу паміж асабістым жыццём і працай і іншыя падобныя мэты, піша Insider.
Для такіх выплат у кампаніі ёсць спецыяльная ініцыятыва Life@. Калі раней у рамках яе на супрацоўніка вылучалася $3 тысячы на год, то цяпер будзе толькі $2 тысячы, расказалі выданню некалькі супрацоўнікаў кампаніі.
У Meta пацвердзілі, што памер выплат па праграме на наступны год сапраўды быў «скарэктаваны». Але дадалі, што ў 2019 годзе сума складала наогул $750 і што нават з улікам апошняй змены ўсё адно застанецца значна большай, чым была.
У лістападзе Meta скараціла 13% штату. Пасля гэтага ў ёй засталося працаваць каля 76 тысяч чалавек. То-бок за год кампанія зэканоміць прыкладна $76 млн.
На тле падзення выручкі, росту працэнтных ставак і эканамічнай рэцэсіі Meta скасавала і некаторыя іншыя плюшкі. Напрыклад, закрыла пральні, адмяніла бясплатныя паездкі на Lyft, якія абыходзіліся ў $200 тысяч на месяц, і стала менш выдаткоўваць на бясплатную ежу. Акрамя таго, кампанія зрабіла больш жорсткімі правілы ацэнкі прадукцыйнасці супрацоўнікаў, што можа быць прыкметай чарговага раўнда звальненняў у будучыні.
Узмоцнена скарачае выдаткі і Twitter. Так, кампанія тыднямі не аплачвае арэнду офісаў і іншыя рахункі. Яшчэ ў мінулым месяцы супрацоўнікам зрэзалі многія бонусы, а звольненым хочуць не плаціць выходных дапамог. Эканоміць імкнуцца Google і Amazon.
Читать на dev.by