Meta зрабіла яшчэ адзін месенджар. Акаўнты ў сацсетках не патрэбныя
Meta тэстуе новы месенджар Direct — кампанія вынесла ў самастойны дадатак дырэкт з Instagram, прычым карыстацца ім можна нават без рэгістрацыі ў самой сацсетцы. Пакуль сервіс даступны толькі карыстальнікам у Тайландзе і Турцыі.
Meta тэстуе новы месенджар Direct — кампанія вынесла ў самастойны дадатак дырэкт з Instagram, прычым карыстацца ім можна нават без рэгістрацыі ў самой сацсетцы. Пакуль сервіс даступны толькі карыстальнікам у Тайландзе і Турцыі.
Вонкава Direct практычна паўтарае раздзел асабістых паведамленняў у Instagram. Калі ўвайсці праз існуючы акаўнт сацсеткі, усе бягучыя перапіскі аўтаматычна падцягнуцца ў месенджар. У дадатку захавалі і звычайныя функцыі персаналізацыі — напрыклад, змену фонаў для асобных чатаў і статусы «Нататкі» (Notes).
Стварыць профіль у Direct можна па нумары тэлефона або электроннай пошце. Праўда, без прывязкі да сацсеткі пошук суразмоўцаў будзе менш зручным — каб пачаць перапіску, кантакты давядзецца дадаваць уручную па ніканэйме ў Instagram або па QR-кодзе.
У новы месенджар таксама перанеслі частку інструментаў бяспекі Instagram:
карыстальнікі не змогуць пісаць незнаёмцам, з якімі ў іх яшчэ няма кантакту;
з дапамогай функцый бацькоўскага кантролю дарослыя змогуць адсочваць, з кім кантактуюць падлеткі і колькі часу яны праводзяць у аплікацыі;
у Meta таксама заявілі без тэхнічных падрабязнасцяў, што будуць «выкарыстоўваць тэхналогіі для выяўлення і спынення патэнцыйна непрыдатных узаемадзеянняў з няпоўналетнімі».
Як адзначае Engadget, запуск Direct выглядае паказальна на фоне ранейшых заяваў кіраўніцтва кампаніі. Кіраўнік Instagram Адам Масэры неаднаразова называў асабістыя паведамленні самай запатрабаванай функцыяй платформы, аднак раней скептычна ставіўся да ідэі дубляваць дырэкт у Threads — ён лічыў «залішнім» выкарыстанне некалькіх дадаткаў для сувязі з аднымі і тымі ж людзьмі і апасаўся блытаніны з апавяшчэннямі.
Акрамя таго, з’яўленне асобнага месенджара ставіць пытанне пра магчымую канкурэнцыю з WhatsApp у краінах запуску. Наўрад ці сервіс, завязаны на інфраструктуру Instagram, цалкам заменіць WhatsApp, але калі людзі без акаўнтаў у сацсетцы пачнуць перапісвацца праз Direct, гэта можа адцягнуць частку аўдыторыі і знізіць уцягнутасць. Верагодна, таму Meta пакуль абмяжоўваецца тэстам у Турцыі і Тайландзе, аднак у выпадку поспеху можа пашырыць геаграфію дадатку.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.