Ад электронікі — да ануч. Як у Беларусі выпускалі мікрахвалёўкі

Падобным кар’ерным падзеннем могуць пахваліцца многія прадпрыемствы Беларусі, але, падаецца, завод «БелІТ» пераплюнуў іх усіх. Спачатку там выпускалі тэлевізары і мікрахвалёўкі, а цяпер перайшлі на анучы і тратуарную плітку. Мікрахвалёўкі — практычна абавязковая прылада на кожнай кухні — у дзевяностых збіралі адразу на некалькіх заводах краіны.

dev.by прыгадаў гісторыю беларускіх мікрахваляў на кухоннай службе.

5 каментарыяў
Змест

Існуе распаўсюджаная памылка, што ў Савецкім Саюзе мікрахвалёўкі былі забароненыя (нібыта савецкая ўлада клапацілася пра здароўе сваіх грамадзян і таму не дазваляла выпускаць і прадаваць гэтыя «шкодныя» прылады) і што першыя печкі з’явіліся ў нас толькі ў дзевяностых.

Гэта зусім не так: першыя бытавыя мікрахвалевыя печы ў СССР выпусцілі яшчэ па меншай меры ў 1978 годзе, і на момант распаду Саюза іх вытворчасць было наладжаная дзясяткам заводаў пад рознымі назвамі: «Электроніка», «Дняпранка», «Валжанка», «Мрія», «Фея» і гэтак далей. Проста каштавалі яны каля 350 рублёў (пры сярэднім заробку працоўнага каля сотні) і не карысталіся шалёнай папулярнасцю. А што яшчэ далі савецкія мікрахвалёўкі ўсім наступным — гэта назва «ЗВЧ-печ», якое часам выкарыстоўваецца ўжо і ў наш час. ЗВЧ, дарэчы, расшыфроўваецца як «звышвысокія частоты».

У афіцыйнай гісторыі пастаўскага завода «БелІТ» сказана:

«2005 — перыяд развіцця, адбыўся ўрачысты пуск новай лініі па вытворчасці ЗВЧ-печаў, якія датуль у Беларусі не вырабляліся».

Гэта абсалютная няпраўда. Да «БелІТа» мы яшчэ вернемся, а пакуль згадаем сапраўды першых.

«Гамяльчанка»: грувасткая скрыня ад стваральнікаў станкоў

Выглядае, самай першай незалежнай беларускай мікрахвалёўкай стала «Гамяльчанка»: суразмоўцы dev.by адзначалі, што куплялі сабе такую мадэль яшчэ ў 1991-м. Фатаграфіямі пацвярджаецца: у 1992–м печка мадэлі «Гамяльчанка СП–125 НСМР» ужо была ў продажы. Выпускалася яна на Гомельскім СВА імя Кірава. СВА — гэта «станкабудаўнічае вытворчае аб’яднанне», — у 2010-м завод быў перайменаваны ў «СтанкаГомель». А на пластмасавых дэталях корпуса можна ўбачыць лагатып «Ратон» — гэта яшчэ адное гомельскае прадпрыемства, якое жыве дагэтуль і выпускае розную электраапаратуру.

Фота з сайта Meshok.ru

Аб’ём печкі — 30 літраў, магутнасць — 1.180 Вт. У мадэлі былі дзверцы з ячэістага металу, прыкрытыя сінім аргшклом. А зялёным аргшклом прыкрываліся сегментныя індыкатары. Століка, які круціўся, не было, а час разагравання задаваўся адразу дзвюма круглымі ручкамі — нетрывіяльнае рашэнне, і яшчэ адзін кругляшок адказваў за выбар рэжыму.

Фота з сайта Ay.by

Цікава, што такія ж дзверцы ўсталёўваліся на мікрахвалёўкі «Электроніка СП-10»/«Камета СП-10»/«Лорта СП–10», якія выпускаліся маскоўскім ВА «Плутон», новасібірскім заводам дакладнага машынабудавання «Камета» і львоўскім ВА «Лорта». Дый ручкі таксама вельмі падобныя. Магчыма, гомельскія прыборабудаўнікі пераасэнсавалі ідэю сваіх цяпер ужо замежных калег.

Чытач Міхаіл расказаў dev.by:

— Мы бралі «Гамяльчанку» неўзабаве пасля распаду Саюза. Тады выдавалі чэкі або сертыфікаты (ужо не памятаю) на куплю розных тавараў. І мне вось трапіўся на мікрахвалёўку. Здаецца, каштавала яна 3 тысячы рублёў. Яна была вельмі грувасткай, вялікая, нязручная, не было і посуду прыдатнага. Хоць сама сабою працавала, грэла нармальна. Мы ёй зусім трохі карысталіся, ну не было тады яшчэ такой культуры, як карыстацца печкамі. Можа, год або два яна ў нас пабыла, і мы яе адставілі ў бок. І тады, у сярэдзіне дзевяностых, ужо з’явілася магчымасць выбраць іншыя мікрахвалёўкі. Мы прывезлі іншую, Samsung: меншую, прасцейшую, ямчэйшую. А гэтай велічэзнай больш і не карысталіся ніколі — цяпер яна яшчэ мусіць быць працоўнай.

На рэдкіх фотаздымках нутра можна разгледзець, як быў уладкаваны блок кіравання мікрахвалёўкай: савецкія мікрасхемы, неакуратная пайка.

Фота з сайта Meshok.ru

На серыйных нумарах на шыльдачках відаць, што выпусцілі мінімум 3300 печак. Асобнікі маглі адрознівацца колерам тумблера ўключэння сеткі: на адных — зялёны, на іншых — аранжавы. Цікава, што цяпер пад назвай «Гамяльчанка» выпускаюць падобны апарат, толькі гэта ўжо не мікрахвалевая печ, а мініяцюрная электрапліта з шафай смажыць. Вырабляе іх гомельскае прадпрыемства «Электраапаратура» (брэнд Cezaris).

«Белая Вежа»: ад самалётаў — да печак

У кастрычніку 1993 года газета «Вячэрні Мінск» паведамляе:

«Гэты дзіўна сімпатычны выраб падрыхтаваў да выпуску мінскі завод № 407 грамадзянскай авіяцыі.

Высокі ўзровень вытворчасці дазваляе авіярамонтнікам брацца за засваенне тэхнічна складаных тавараў народнага спажывання. Сярод іх — і гэтая печ ЗВЧ «Белая Русь». Аб’ём яе працоўнай камеры — 39 літраў. Гэта адная з самых вялікіх мікрахвалевых печаў не толькі ў СНД, але і ў свеце.

Печ абсталяваная мембраннай сістэмай кіравання, у яе няма частак, якія круцяцца, што павышае надзейнасць вырабу.

Цяпер навінка рыхтуецца да серыйнай вытворчасці. Налета будзе выпушчана да 10 тысяч мікрахвалевых печаў.

На здымку: майстар Барыс Фіневіч і інжынер-тэхнолаг Ігар Кодзіс займаюцца апрацоўкай тэхналогіі вытворчасці ЗВЧ-печы «Белая Русь»».

Але вось што цікава: выглядае, ці то журналісты памыліліся з назвай, ці то завадчане змянілі брэндынг, — але мікрахвалёўкі дакладна такога ж дызайну потым прадаваліся пад імем «Белая Вежа». На лагатыпе добра вядомая зубцоўка вежы з Камянца, а пад усімі кнопкамі можна ўбачыць самалёцік — лагатып самога авіярамонтнага завода. Вядомыя мадэлі з двума рознымі афармленнямі клавіятуры.

Адзначым, што для асобнай мікрахвалёўкі 39 літраў — гэта сапраўды немалы ўнутраны аб’ём (а маса яе складала 28 кг!): цяпер рэдка які брэнд прапануе неўбудаваныя печкі такіх аб’ёмаў, хоць ёсць мадэлі нават да 43 літраў. Мікрахвалёўкі без паваротнага стала — таксама рэдкасць. Але вытворца ўсё роўна падае гэта як плюс: «Пры высокім узроўні каэфіцыента раўнамернасці нагрэву ўдалося пазбавіцца споду, які круціцца, і дысектара, што ў выніку адбіваецца на павышэнні надзейнасці печы». Дзверцы адкрываюцца зверху ўніз, як у духовак.

Мяркуючы з заводскіх буклетаў, мікрахвалёўку выпускалі прынамсі да 1994 года; агульная колькасць выпушчаных апаратаў невядомая, але інструкцыю да іх аддрукавалі накладам у 50 тысяч штук. Прыкладна таго ж часу завод узяўся за выпуск пральных машын «Вясёлка». А потым уся гэтая разнастайнасць тавараў народнага спажывання спынілася, і завод засяродзіўся на самалётах. Прычым нават збіраўся іх выпускаць — пачынаючы бізнэс-джэтамі і заканчваючы буйнымі авіялайнерамі

Фота з сайта Ay.by

«Тытан»: гігант ад будучага «Гефеста»

У гэты ж час з’яўляецца мікрахвалевая печ ад брэсцкага завода газавай апаратуры — таго самага, што выпускаў кухонныя пліты. У той час там яшчэ не прыдумалі брэнда Gefest і карысталіся старым — «Газаапарат».

У фондах Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі захоўваецца надрукаваны ў 1994 годзе ў Аўстрыі буклет, які распаўсюджвалі на выставе «Кансумэкспа'95» у Маскве.

Строгі, сечаны дызайн; акуратная панэль кіравання са стыльнымі кнопкамі і сегментны індыкатар (што праўда, усяго на дзве ячэйкі: бягучы час паказваць не ўмее), — бадай, печка не выглядала б чужародна, калі нанесці на яе лагатып якой-небудзь вядомай заходняй фірмы.

Цікава, што памерам «Тытан» выйшаў большым за «Белую Вежу» (даўжыня 60 супраць 56 см пры астатніх амаль роўных параметрах) і істотна цяжэйшым (36 кг супраць 28 кг), аднак пры гэтым карысны аб’ём камеры быў істотна меншым: усяго 25 літраў (супраць 39 у «Белай Вежы»). Тытанічныя вагагабарытныя паказчыкі! Століка, які круціцца, не было і тут.

Колькі «Тытанаў» выпушчана і да якога года ішла вытворчасць — невядома. Але, мяркуючы з таго, што зрэдку яны трапляюцца на сайтах аб’яў (прычым расійскіх), — нейкая частка да простых спажыўцоў трапіла. Цяпер «Брэстгазаапарат» мікрахвалёвак не выпускае, а ў фармаце мікрахвалёвак прапаноўвае настольныя кухонныя пліты накшталт згаданай вышэй сучаснай «Гамяльчанкі».

Ад электронікі да ануч

А цяпер вернемся да «БелІТа», з якога і пачаўся наш аповед.

Прыкладна дзесяць гадоў пра выпуск мікрахвалевых печаў у Беларусі было не чуваць. І вось у чэрвені 2005 года завод «БелІТ» у Паставах прыступіў да выпуску мікрахвалёвак — першай сталася мадэль «Гарызонт 25МW900-1579», неўзабаве на канвеер серыйна ўсталі тры мадэлі на 17, 20 і 25 літраў. Параўнайце з 39-літровай «Белай вежай»! У гэты праект уклалі 350 мільёнаў рублёў — крыху больш за 160 тысяч долараў па тагачасным курсе. Дырэктар завода Павел Райчонак адзначаў, што істотнага зніжэння выдаткаў удалося дамагчыся за кошт таго, што канвеер для зборкі печаў распрацавалі спецыялісты самога «Гарызонта».

Мінае ўсяго тры гады — і завод радасна рапартуе: «2008 — засваенне новага кірунку, была створаная экспартаарыентаваная вытворчасць рыззя». Закупляюць у Еўропе вопратку сэканд-хэнд, сартуюць па тыпах тканін, рэжуць на абрэзкі і прадаюць ужо як анучкі. У тым ліку назад у Еўропу.

Да 2014 года на «БелІТе» яшчэ займаюцца электронікай і бытавой тэхнікай, а потым цалкам пераходзяць на нетэхналагічную прадукцыю. Рыззё, палатно нятканае іголкапрабіўное (уцяпляльнік у выглядзе дзяругі), тратуарная плітка, мангалы, смеццевыя скрыні і да т. п.

У красавіку 2009-га «Гарызонт» з кітайскай Midea Group запусціў у Мінску сумесны завод «Мідэа-Гарызонт»: паведамлялася, што гэта першы ў СНД завод поўнага цыкла па выпуску мікрахвалёвак. У гэтым жа годзе выпуск ЗВЧ-печаў пачалі на віцебскім заводзе «Віцязь».

Цяпер у каталогу «Гарызонта» ёсць тры мадэлі мікрахвалевых печаў у розных выкананнях корпуса (усяго 8 разнавіднасцей), яшчэ тры мадэлі ў «Віцязя» (усе мадэлі ў абодвух вытворцаў — ад 20 да 23 літраў). У каталогу Midea раздзел з мікрахвалёўкамі пусты.

Как американцы из космоса изучали ядерные базы в БССР — рассекреченные снимки
По теме
Как американцы из космоса изучали ядерные базы в БССР — рассекреченные снимки
Як у Беларусі спрабавалі рабіць самалёты і верталёты. І зноўку спрабуюць
Па тэме
Як у Беларусі спрабавалі рабіць самалёты і верталёты. І зноўку спрабуюць
З паяльнікам і напільнікам. Як беларусы самі сабе камп’ютары збіралі
Па тэме
З паяльнікам і напільнікам. Як беларусы самі сабе камп’ютары збіралі

Читать на dev.by