Мільёны імэйлаў амерыканскіх вайскоўцаў памылкова адпраўляліся ў Малі, расійскаму хаўрусніку
Супрацоўнікі амерыканскіх ведамстваў на працягу некалькіх гадоў з няўважлівасці адпраўлялі лісты з канфідэнцыйнай інфармацыяй на іншыя адрасы. Віной усяму была адная літара, якую аўтары паведамленняў упарта прапускалі ў адрасным радку.
Нідэрландскі прадпрымальнік Яханэс Зурбіер расказаў Financial Times незвычайны факт, які ён заўважыў падчас працы — і стаў вінаватым у міжнародным скандале. Бізнэсовец мае кантракт на кіраванне даменам Малі. Зурбіер прызнаўся, што часта прадстаўнікі розных структур ЗША блытаюцца і набіраюць дамен заходнеафрыканскай дзяржавы .ML замест ваеннага амерыканскага дамена .MIL. Паводле яго слоў, гэта адбываецца ўжо больш за 10 гадоў, хоць ён неаднаразова папярэджваў урад ЗША.
Зурбіер таксама заўважыў запыты ад амерыканскіх вайскоўцаў на няісныя дамены, такія як army.ml і navy.ml. Тады прадпрымальнік стварыў сістэму для адлову гэтых лістоў. Ён звяртаўся да афіцыйных амерыканскіх асоб, у тым ліку да аташэ ў пытаннях абароны ў Малі, старэйшага дарадцы Нацыянальнай службы кібербяспекі ЗША і чыноўнікаў Белага дома. Яму было пра што турбавацца: толькі ад студзеня бізнэсовец перахапіў 117 тысяч няправільна адпраўленых лістоў, многія з якіх утрымлівалі канфідэнцыйную інфармацыю.
У лістах былі звесткі пра здароўе вайскоўцаў, іх пашпартныя даныя, спісы персаналу ваенных баз, фатаграфіі гэтых баз, справаздачы аб ваенна-марскіх інспекцыях, спісы экіпажаў караблёў, падатковыя справаздачы ды іншая інфармацыя. Памылковыя лісты ішлі адусюль: ад амерыканскіх вайскоўцаў, турыстычных агенцтваў, якія працуюць з імі, разведвальных службаў, прыватных падрадчыкаў ды іншых асоб. Часам чыноўнікі перасылаюць лісты паміж сваімі акаўнтамі — і яны трапляюць да Зурбіера.
Напрыклад, адзін з агентаў ФБР адправіў замест сваёй ваеннай пошты шэсць паведамленняў у Малі. У адным з лістоў было тэрміновае паведамленне дыпламатаў з Турцыі ў Дзярждэп ЗША. У іншым — зводка звестак пра спробы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране выкарыстоўваць студэнтаў для шпіянажу ў ЗША. У яшчэ адным паведамленні — маршрут паездкі начальніка штаба амерыканскай арміі падчас яго візіту ў Інданезію. Там былі нават нумары пакояў для дэлегацыі і тлумачэнні, як атрымаць ключы ад іх.
Сёлета Зурбіер вырашыў даслаць Пентагону апошняе папярэджанне, бо ў яго заканчваецца дзесяцігадовы кантракт на кіраванне даменам Малі. Пазней ён ужо не зможа перахопліваць лісты — і доступ да іх змогуць атрымаць улады заходнеафрыканскай краіны. Гэта ваенны ўрад, якому Расія аказвае значную падтрымку, уключаючы зброю і дапамогу ў дэзынфармацыйных кампаніях. Таксама ў краіне дзейнічае так званая ПВК Вагнера. Дзярждэп ЗША лічыць, што яна перапраўляе праз Малі ваенныя грузы на тэрыторыю Украіны.
У Міністэрстве абароны ЗША заявілі, што ведаюць пра праблему памылковых лістоў і сур’ёзна ставяцца да ўцечак сакрэтнай інфармацыі. Цяпер адпраўленыя ў Малі лісты з дамена .MIL «блакуюцца», а адпраўніку паведамляюць, што ён мае праверыць адрасы атрымальнікаў паведамлення. Паводле слоў цяперашніх і былых афіцыйных асоб ЗША, паведамленні вайскоўцаў з пазнакай «сакрэтна» і «цалкам сакрэтна» перадаюцца праз асобныя IT-сістэмы, што робіць малаверагодным іх выпадковую ўцечку.
На думку юрыста Стывена Странскі, які раней займаў пасаду дарадцы Дэпартамента ўнутранай бяспекі ЗША, такія памылкі чыноўнікаў бяскрыўдныя толькі на першы погляд. Хоць перахопленая інфармацыя не была звышсакрэтнай, яна можа выявіцца карыснай для праціўнікаў ЗША ды іншых выведак, асабліва калі лісты змяшчаюць звесткі пра асобных супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Можна лёгка сабраць дасье на фігурантаў паведамленняў у мэтах шпіянажу і сачэння.
Лі Макнайт, прафесарка інфармацыйных даследаванняў у сіракузскім універсітэце, лічыць, што амерыканскім вайскоўцам пашанцавала, бо праблема выявілася і электронныя лісты накіроўваліся на малійскі дамен, а не кіберзлачынцам. Тайпсквотынг — гэта тып кіберзлачынства, калі зламыснікі выкарыстоўваюць інфармацыю карыстальніка, які адпраўляе паведамленне на памылковы інтэрнэт-дамен. «Яны спадзяюцца, што чыясьці памылка дазволіць чалавека прывабіць, а потым схіліць да дурных учынкаў», — патлумачыла Макнайт.
Читать на dev.by