МВФ: ШІ накрые рынак як «цунамі», закране да 60% працоўных месцаў
Кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Геаргіева лічыць, што інтэнсіўнае ўкараненне ШІ можа кардынальна змяніць глабальны рынак працы. Пра гэта яна казала ў нядзелю на саміце G20 у ПАР.
Па яе словах, сусветная эканоміка працуе лепш, чым чакалася пасля ўзрушэнняў апошніх гадоў накшталт каранавіруса, войнаў і гандлёвых абмежаванняў, але горш, чым трэба. У арганізацыі бачаць дадатковы драйвер эканомікі ў ШІ — ён можа дадаць каля 1%.
«Але трэба прызнаць, што ШІ пранікае ў нашае жыццё надзвычай хутка. Не ўсе краіны гатовыя да гэтага. У краінах з развітой эканомікай ён можа закрануць да 60% працоўных месцаў, на рынках, што развіваюцца, — да 40%, а ў краінах з нізкім даходам — да 26%. ШІ накрывае рынак працы як цунамі», — адзначыла яна.
Для ацэнкі гатоўнасці рынкаў да трансфармацыі ў МВФ распрацавалі спецыяльны індэкс, які складаецца з 4 крытэрыяў: лічбавая інфраструктура, навыкі і гнуткасць рынку працы, уплыў ШІ на астатнюю частку эканомікі, а таксама этычнасць і рэгуляванне. Вынікі краін па гэтых крытэрыях моцна адрозніваюцца: у адных добра з усімі, у другіх — толькі з некаторымі, трэція адстаюць па ўсіх.
Георгіева заклікала ўрады інвеставаць у ШІ-інфраструктуру і адукацыю, а таксама ўводзіць правілы, якія садзейнічалі б інавацыям, не дыскрымінуючы людзей на карысць машын.
Читать на dev.by