«Нас запалохаць хочуць?» Супрацоўнікаў Amazon лаюць за прагулы, але яны не прагульвалі
Некаторыя супрацоўнікі Amazon атрымалі імэйлы, у якіх іх абвінавацілі ў тым, што яны не выконваюць патрабавання кампаніі па вяртанні ў офіс — згодна з новай палітыцы, супрацоўнікі мусяць хадзіць на працу мінімум тры разы на тыдзень. Копія ліста трапіла ў рукі Insider.
«Паведамляем вам пра тое, што на гэты момант вы не апраўдваеце нашых чаканняў далучыцца да калег у офісе мінімум тры дні на тыдзень, нягледзячы на тое, што замацаваны за вамі будынак ужо гатовы», — гаворыцца ў лісце.
Некаторыя атрымальнікі кажуць, што ліст быў адпраўлены ім памылкова, бо яны ходзяць у офіс столькі, колькі трэба. Адзін з супрацоўнікаў выказаў здагадку, што мэйл разышоўся праз тэхнічны збой у працэсе генерацыі і апрацоўкі даных.
Amazon у адказ падзякавала супрацоўнікам за інфармацыю і патлумачыла крытэры рассылкі. Так, ліст атрымліваюць тыя, хто зачэкініўся менш за 3 дні на тыдзень за 5 або больш з 8 апошніх тыдняў альбо менш за 3 дні на тыдзень за 3 або 4 тыдні з апошніх 4 тыдняў пры ўмове, што іх офіс быў гатовы прыняць іх ужо 8 тыдняў ці даўжэй.
Кампанія дапусціла, што хтосьці мог атрымаць імэйл выпадкова. Такім супрацоўнікам прапанавалі звязацца са сваімі менеджарамі.
Атрымліваецца, што Amazon адсочвае наведвальнасць кожнага супрацоўніка, хоць раней казала, што будзе збіраць толькі абязлічаныя звесткі. Супрацоўнікі пацікавіліся, чаму гэтыя даныя не былі спачатку перададзеныя іх менеджарам і чаму ім загадзя не патлумачылі, як ідзе падлік. Некаторых імэйлы раззлавалі: у карпаратыўных чатах у Slack людзі іранізуюць, што пара б пачаць патрабаваць сэлфі з працоўнага месца ў выглядзе доказу прысутнасці. Хтосьці назваў імэйл «вяршыняй абсурду», таму што большасць атрымальнікаў выконваюць патрабаванне. Яшчэ хтосьці дапускае, што Amazon лічыць гадзіны, праведзеныя ў офісе, а не проста дні. Хтосьці думае, што кампанія хоча запалохаць супрацоўнікаў — шукае кандыдатаў на звальненне — і рыхтуецца да пераходу на паўнавартасную наведвальнасць офіса ўсе пяць дзён на тыдзень.
Читать на dev.by