Навукоўцы рэкамендуюць не насіць VR-гарнітуры накшталт Vision Pro кожны дзень
Навукоўцы параілі не насіць гарнітуры віртуальнай рэальнасці штодня цягам доўгага перыяду часу, піша партал NotebookCheck. Гэта супярэчыць маркетынгавай стратэгіі Apple, якая пазіцыянуе сваю навінку Vision Pro як альтэрнатыву іншым прыладам, напрыклад, iPhone, Mac і iPad для паўсядзённых задач, уключаючы вэб-сёрфінг, прагляд відэаролікаў, абмен паведамленнямі, відэазванкі, гульні і многае іншае.
Але на думку даследчыкаў, якія спецыялізуюцца на VR/AR-тэхналогіях, занадта доўгае або штодзённае нашэнне гарнітур можа негатыўна ўплываць на здароўе і патрабуе больш глыбокага вывучэння. Галоўная асцярога палягае ў тым, што гэта можа пакуль не вядомым чынам уплываць на мысленне карыстальнікаў і ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі, а таксама на вучобу і працу. Адное даследаванне 2019 года паказала, што ў некаторых юзераў з’яўлялася пачуццё сацыяльнай ізаляцыі.
Некаторыя наступствы занадта доўгага нашэння VR-гарнітур былі вядомыя яшчэ да з’яўлення Vision Pro. Хоць дысплэй гэтай гарнітуры мае ўражальную разрознасць у 23 млн пікселяў, гэта значна менш за 567 млн пікселяў, якія бачыць вока чалавека. Гэта можа негатыўна ўплываць на зрок у рэальным свеце, а таксама парушаць каардынацыю рухаў і здольнасць карыстальнікаў узаемадзейнічаць з навакольнымі прадметамі. Уладальнікі Vision Pro часта скардзяцца, што іх вочы хутка стамляюцца і пачынаецца галаўны боль.
Да ўсяго іншага доўгае нашэнне цяжкага гаджата можа выклікаць боль у шыі. А абмежаваны вугал агляду і эфекты скажэння могуць правакаваць млоснасць нават пасля менш як гадзіны выкарыстання, што дрэнна для прадукцыйнасці і агульнага самаадчування. Даследчыкі заклікаюць распрацоўшчыкаў VR-гарнітур быць асцярожнымі ў заявах пра іх штодзённае нашэнне, пакуль іх бяспекі не пацвердзяць навукоўцы.
Читать на dev.by