«Катарга». Распрацоўшчыца шчыра расказала пра нялюбую працу, якую страшна губляць

Таццяна — распрацоўшчыца ў буйной аўтсорс-кампаніі і вядомая фатографка-блогерка з 80 тысячамі падпісчыкаў. Прыйшла ў ІТ больш за 10 гадоў таму, увесь гэты час працавала ў адной ІТ-кампаніі, але лічыць, што як праграмістка нічога не дамаглася. А цяпер пазбавілася працы праз крызіс — і пераймаецца яшчэ мацней.

На просьбу devbу.io яна расказала пра нялюбую працу, якая прыносіць грошы, але даводзіць да неўрозу, пры гэтым губляць яе не менш траўматычна.

35 каментарыяў

«Вось ёсць людзі, у якіх няма слыху. А ў мяне такая гісторыя з праграмаваннем» 

Паводле адукацыі Таццяна — псіхолаг, але ў пошуках занятку з вышэйшай аплатай працы пераспрабавала шмат падпрацовак і ў выніку ўладкавалася hr-спецыялісткай у буйны аўтсорс. 

— Але часта чула ад калег, што можна паспрабаваць сябе ў праграмаванні: калегі лічылі мяне кемлівай. Ува мне заюрылі амбіцыі — і я пайшла на курсы Java, удзельнічала ў навучальным праекце, дзе нас вучылі працаваць у камандзе па Scrum-метадалогіі. 

Мне вельмі пашанцавала ў сваёй жа кампаніі трапіць на ўнутраны праект, дзе спецыялістам, якія хацелі перайсці ў распрацоўку, дапамагалі давучыцца, атрымаць глыбейшыя веды Java і нават патрэніравацца праходзіць інтэрв’ю. Гэта быў вельмі круты праект і досвед. Пасля яго я амаль адразу прайшла сумоўе і перайшла з эйчарак у распрацоўшчыцы. 

Спачатку ў мяне была эйфарыя ад таго, што ў мяне гэта атрымалася. Для мяне гэта была крутая гісторыя поспеху. Але чым больш я працавала, чым глыбей зануралася ў праграмаванне, чым складаней рабіліся задачы, тым больш зразумела мне станавілася, што я слабая праграмістка. 

У мяне няма тэхнічнай адукацыі, дый маё мысленне было ўладкаванае інакш, не як у інжынераў — мне было вельмі цяжка. Я так і не змагла пераадолець сіндром самазванца: я бачыла, што хлопцы і дзяўчаты вакол мацнейшыя.

Не разумеючы, як вырашыць тую ці іншую задачу, я часта звярталася па дапамогу да калег. Я ўсведамляла, што магу раздражняць, бо ніхто не абавязаны мяне вучыць і рабіць за мяне маю працу, — але я дзіка не дацягвала ў сваіх тэхскілах. З часам мне стала не проста нецікава працаваць, але нават страшна. Я баялася кожнай новай задачы, бо разумела, што магу сама не даць рады.

Мой муж таксама праграміст, мы вучыліся разам. І вось ён якраз моцны распрацоўшчык — ён кайфуе ад праграмавання. Ён сядзеў са мной начамі, разбіраў мае задачы, тлумачыў як мог. А ў мяне ў галаве як быццам скразняк: вось толькі што быццам бы зразумела, як напісаць радок кода, а раніцай прачнулася — і ўжо нічога не памятаю.

Я ўвесь час працавала з пачуццём страху і бездапаможнасці. Я проста начыстую ТУПАЯ. Вось ёсць людзі, у якіх няма слыху, напрыклад — і рабі з імі што хочаш, яны ўсё роўна музыкамі не стануць. А ў мяне такая гісторыя з праграмаваннем.

І зразумела, калі не атрымліваецца, ты адчуваеш сябе бездапаможнай — а праца ператвараецца ў катаргу. Мне штоночы сніліся кашмары, што мяне звальняюць або што я не выканала свайго задання і не ведаю, што сказаць на працоўным мітынгу. Я ўвайшла ў хранічны стан неўрозу.

За 10 гадоў працы праграмісткай у мяне было 6 або 7 праектаў, некаторыя даволі буйныя, у вялікай камандзе.

Так, за такі доўгі тэрмін можна развіцца, вырасці ў больш-менш самастойную распрацоўшчыцу. Але мне чагосьці не хапіла — ці то мазгоў, ці то матывацыі, не ведаю… Можа быць, у мяне проста вельмі нізкая самаацэнка, адсутнасць веры ў сябе і купа страхаў. 

За 10 гадоў у праграмаванні мне не стала лягчэй ні на грам. Нейкім вельмі простым тыпавым задачам я давала рады, навучылася больш-менш чыста пісаць код. Калі можна было паглядзець прыклад, то я магла выканаць задачу. Але калі з’яўлялася задача крыху складанейшая, калі трэба было напісаць код з нуля, такі, якога ў праекце яшчэ няма, — то ўсё. Перад такімі задачамі я была нямоглая, нават не разумела, з чаго пачаць. Гэта фіяска!

Мая выснова, пэўна, такая: калі гэта не тваё, не атрымліваецца — не лезь. ІТ гэта не пра прэстыж і не пра «бабкі», гэта ў першую чаргу пра мазгі, працаздольнасць і пра тое, што трэба я…шыць, а не тупіць у манітор і спадзявацца на дапамогу. Па свежасці ведаў прайсці сумоўе яшчэ можна, але калі не вашаваць на праекце, усё можна страціць — і веды, і працу.

Jobs.dev.by — эканоміць час пры пошуку працы. Усе IT вакансіі ў адным месцы і заўсёды пад рукой

«У фотаздымцы пачуваюся як рыба ў вадзе. Але страшна апынуцца ў беднасці»

Прыкладна праз 5 гадоў працы праграмісткай у мяне з’явілася хобі. Мне паказалі Instagram, і мне спадабаліся там фоткі — захацелася таксама здымаць прыгожыя карцінкі. Я завяла блог і стала фатаграфаваць. Гэта вельмі дапамагала адцягнуцца ад працы, бо праз яе я нервавалася 24/7, спрабавала кодзіць нават дома ў вольны час, каб хоць неяк падцягнуць свае веды.

Фатаграфія дапамагала расслабіцца. Блог стаў расці, вельмі хутка з’явілася 10К падпісчыкаў, а за 6 гадоў — 80К. Я ніколі не імкнулася зарабляць на сваім блогу, не збіралася заводзіць другую працу. У мяне быў дэвіз: зрабі хобі працай — і ты страціш хобі. Заробку праграмісткі мне цалкам хапала, а блог быў свайго роду псіхатэрапіяй.

З часам я стала здымаць прафесійна. Прайшла не адзін курс навучання ў крутых фатографаў. Пачала працаваць з мадэлямі — і цяпер я здымаю і «прадметку», і людзей.

Некалькі разоў у мяне бывалі крызісныя моманты, калі я хацела кінуць асноўную працу і сысці ў фота. Крызіс здарыўся праз тое, што маёй працай быў незадаволены заказчык — на яго думку, я дрэнна выканала заданне. Я дзіка перажывала, шмат плакала. Тады думала пра тое, што добра было б займацца тым, што мне падабаецца, бо ў фотаздымцы я пачуваюся як рыба ў вадзе.

Але мяне спыняў заробак. Было вельмі страшна зноў апынуцца ў беднасці. Таму я чаплялася за любы праект, і зноў дзяўбла код начамі, толькі б не страціць працы і свайго добрага заробку. Ну не веру я, што на творчасці можна зарабляць гэтак жа, як у тэхнічнай спецыяльнасці. 

Скрыншот з інстаграм-акаўнта Таццяны

Хтосьці скажа: ёсць жа муж, і ён зарабляе — навошта так ірваць д…пу?! Але мне вельмі важна зарабляць самой. У жыцці ўсякае можа адбыцца. Тупа і меркантыльна разлічваць на тое, што будзеш жыць за чыйсьці рахунак. Цябе ніхто не мусіць утрымліваць. Калі ты не інвалід, умей працаваць і зарабляць сам.

Я пытаюся ў сябе: «Калі ў жыцці штосьці здарыцца і ты застанешся адная, як ты сябе забяспечыш?» Пакуль я не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне, і не ўпэўненая, што дакладна не стану бамжыхай. 

«Балюча сыходзіць з кампаніі, як быццам расстаешся з родным чалавекам»

У ІТ-сферы крызіс— па ўсім свеце: скарачаюцца пазіцыі, ідзе хваля масавых звальненняў. У снежні 2022-га на маім праекце таксама здарылася скарачэнне, пад якое ў тым ліку трапіла і я.

У той момант я не надта знервавалася, бо рыхтавалася да аперацыі па пратэзаванні абодвух каленных суставаў. Аперацыя была даволі складанай. І час без працы якраз прыйшоўся на пасляаперацыйны перыяд і аднаўленне. 

Я спадзявалася, што новы праект знойдзецца. Але неўзабаве стала зразумела, што праектаў у кампаніі для Беларусі не будзе працяглы час — і мне прапанавалі сысці, бо наўрад ці сёлета з’явяцца праекты.

Гэта абсалютна лагічна і ў прынцыпе чакана. Цяпер шмат якія праграмісты страцілі працу. Некаторыя пераехалі ў іншыя краіны і засталіся без праектаў там — гэта яшчэ горш. Я прынамсі дома, у мяне ёсць сваё жытло і ў мужа пакуль праца ёсць. Але я вельмі цяжка ўспрыняла інфармацыю пра тое, што давядзецца сысці.

  • Па-першае, страшна застацца без заробку, калі такія выдаткі на здароўе. Я пакуль яшчэ практычна не хаджу сама і шмат выдаткоўваю на рэабілітацыю і таксі. Адразу быў шок: а ці пацягнем гэта мы на адзін заробак. У мяне ўзнікла думка кінуць рэабілітацыю і займацца дома самой — як змагу.
  • Па-другое, я вельмі прывязалася да кампаніі. Яна вельмі шмат мне дала, я вырасла там як асоба, пазнаёмілася з выдатнымі людзьмі. Я з вялікім хваляваннем стаўлюся да гэтай кампаніі, вельмі яе люблю і паважаю. 11 гадоў жыцця — надта вялікі тэрмін, за гэты час столькі падзей у маім жыцці адбылося. Таму мне так балюча расстацца, як быццам расстаешся з родным чалавекам і ўнутры ўсё разрываецца. 

Што далей?

Без паняцця.

З улікам таго, што пазіцый у Беларусі ў прынцыпе няма для праграміста майго ўзроўню, хутчэй за ўсё на гэты год перспектыў ніякіх. У LinkedIn пуста, мне там рэкруцёры ад лістапада не пісалі. Ёсць адзінкавыя пазіцыі, на якія патрабуюцца дывелаперы сеньёрскага ўзроўню, але на такія пазіцыі не падыходжу — я несамастойны праграміст. 

Магчымасці з’ехаць з краіны мы з мужам ніколі не разглядалі.  Мы інтраверты і дамаседы, нам вельмі добра тут, у сябе дома, і пераезд для нас дзікі стрэс. Мы ад самага пачатку вырашылі, што нікуды не паедзем і ад любых прапаноў рэлакацыі адмовіліся. Плюс яшчэ мае праблемы з перамяшчэннем і рэабілітацыяй. Тут дактары, якія даўно мяне вядуць, і ўсе пытанні з нагамі я буду вырашаць толькі тут.

Так, мне вельмі дыскамфортна застацца без даходу. Я ў разгубленасці. 

Я нашмат мацнейшая фатографка, ніж праграмістка, але не ўмею зарабляць на фатаграфіі. Дый хадзіць я пакуль не магу, таму на здымкі не пабегаю.

Падпісчыкі ў інсце ўпэўненыя, што як фатографку мяне чакае грандыёзная будучыня. А я сумняваюся.

І думаю паспрабаваць вярнуцца ў ІТ і даць сабе яшчэ шанец стаць годнай распрацоўшчыцай. Я абнавіла рэзюмэ. І хоць разумею, што пасля перапынку ў працы не так і проста прайсці адразу сумоўе, унутры цьмее спадзеў, што дзесьці я магу быць карысная як праграмістка.

Скрыншот з інстаграм-акаўнта Таццяны

З дазволу Таццяны, мы разабралі кейс «нялюбай працы» дзеля высокага заробку з псіхолагам і неўзабаве падзелімся рэкамендацыямі — не пераключайцеся.


Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :) 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Bitcoin
bc1qae22u3sg8es6j22pg4mmyrdvvym0vxjyesxhhw

Etherium
0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05

Tether USD (USDT) on ETH Network
0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05

Zcash
t1R5UM9VMR1hJvJqTJ9w5bAmHxrDLJ9Nxmh

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

В 47 лет уволили из-за кризиса. С тех пор 100 откликов на вакансии — и ничего
По теме
В 47 лет уволили из-за кризиса. С тех пор 100 откликов на вакансии — и ничего

Читать на dev.by