Рэлакейту няма. Як ІТ-кампанія звольніла ўсю мінскую каманду пасля 10+ гадоў працы

Мы ўжо прызвычаіліся да навін пра тое, як бізнэсы рэлакуюць каманду або асобных супрацоўнікаў. Але так бывае не заўсёды.

126 каментарыяў

Нямецкая EgoSecure, распрацоўшчык рашэнняў для абароны даных, сышла з Беларусі, перад гэтым звольніўшы ўсю мінскую каманду (каля 50 чалавек). Паводле слоў экс-супрацоўнікаў, кампанія разглядала варыянт з рэлакейтам спецыялістаў з РБ. Але ў выніку нікога не перавезла, уключна з ключавымі супрацоўнікамі мінскага офіса.

EgoSecure працавала ў Беларусі больш за 10 гадоў (юрыдычная асоба была зарэгістраваная ў студзені 2012 года). Сысці з краіны кампанія вырашыла яшчэ летась. Афіцыйна працэдура ліквідацыі беларускай юрыдычнай асобы была запушчаная пры канцы студзеня гэтага года.

Асноўным уласнікам беларускай кампаніі з’яўляецца люксембургская «ЭгаСек’юр С. а. р.л». Ёй належыць 99,99% статутнага капіталу, які складае 20 тысяч долараў. Менш за 0,01% належыць нямецкай кампаніі Matrix42.

Першапачаткова ў EgoSecure і беларускай юрыдычнай асобы былі іншыя ўласнікі. 

У 2011 годзе больш за 50% EgoSecure купіў расійскі распрацоўшчык рашэнняў для забеспячэння інфармацыйнай бяспекі арганізацый InfoWatch. Гендырэктарам групы InfoWatch з’яўляецца Наталля Касперская — сузаснавальніца вядомай «Лабараторыі Касперскага».

У студзені 2012 года Наталля Касперская стала адной з сузаснавальніц беларускай юрыдычнай асобы — ТАА «Айпруўд софтвер» (пазней было перайменаванае ў «Эгасек’юр»). Але праз колькі гадоў ад актыву прыйшлося пазбавіцца.

Як пісалі «Ведамасці», у 2015–2016 гадах нямецкія СМІ расказвалі пра выкарыстанне нямецкай паліцыяй прадуктаў EgoSecure і паказвалі на сувязі EgoSecure (InfoWatch і Наталлі Касперскай) з расійскімі ўладамі.

Касперская гэта адмаўляла і назвала публікацыі медыйнымі нападамі. У 2018 годзе InfoWatch прадала кантрольны пакет EgoSecure іншай нямецкай кампаніі Matrix42 — вытворцу офіснага праграмнага забеспячэння. Сума ўгоды не называлася, але заснавальнік Group-IB Ілля Сачкоў ацэньваў угоду ў 30+ мільёнаў еўра.

Што кажуць экс-супрацоўнікі

Як расказалі dev.by экс-супрацоўнікі мінскага офіса EgoSecure, да снежня 2022 года не было ніякіх прыкмет таго, што кампанія збіраецца звальняць людзей і сыходзіць з Беларусі.

— Яшчэ да лета нам абяцалі рэлакацыю ў Літву, дзе была адкрытая юрыдычная асоба. Таксама кампанія набірала новых супрацоўнікаў, і адной з умоў была гатоўнасць да рэлакацыі. Але пад канец лета гэтая тэма заціхла.

А на пачатку снежня была арганізаваная сустрэча супрацоўнікаў з топ-менеджарамі мінскага офіса і Matrix42, на якой кампанія абвясціла, што ўсе працуюць да канца года, пасля чаго будуць звольненыя.

Афіцыйная прычына — эканамічныя санкцыі і складаная палітычная сітуацыя праз вайну. 

Паводле слоў аднаго з экс-супрацоўнікаў, пры звальненні кампанія выплаціла кампенсацыю, памеру ён не ўдакладніў: «Кампенсацыі былі шчодрымі. На маю думку, з пункту гледжання фінансаў нікога не пакрыўдзілі».

Чаму кампетэнцыі, назапашаныя за 10 гадоў працы, выявіліся не каштоўнымі для ўласнікаў? Іншы экс-супрацоўнік EgoSecure, адказваючы на гэтае пытанне, выказаў здагадку «што рэч у дрэнным менеджменце. Проста нейкія людзі дрэнна выканалі сваю працу».

— Але я змог знайсці працу ў Беларусі, як і некаторыя калегі. Частка супрацоўнікаў перайшла ў EgoMind. Гэта кампанія былога CEO EgoSecure (сышоў з кампаніі ў 2020. — Заўв.). Яна знаходзіцца ў Германіі, таму спецыялістам давялося пераехаць туды. Хтосьці знайшоў працу і таксама пераехаў, так як гэта было патрабаванне іх новага працадаўцы.

Экс-супрацоўнікі выказалі свае версіі сыходу кампаніі з РБ і нежадання перавозіць спецыялістаў мінскага офіса. 

Паводле адной з іх, у Matrix42 у Румыніі з’явіўся офіс распрацоўкі з падобным навыкамі персаналам, таму супрацоўнікі мінскага офіса ёй выявіліся не патрэбныя.

— Наколькі я чуў, новы R&D дырэктар румынскага офіса з імі раней працаваў і, магчыма, пралабіраваў інтарэсы сваёй каманды. Але мне складана судзіць, наколькі з’яўленне офіса ў Румыніі звязанае з адмовай ад працы з беларускай камандай, — падзяліўся здагадкамі адзін з суразмоўцаў. 

Таксама, паводле слоў супрацоўнікаў, EgoSecure магла адмовіцца ад беларускіх спецыялістаў праз новую стратэгію развіцця.

— У кампаніі мяняліся інвестары і топ-менеджмент, і, магчыма, яны проста вырашылі, што ў новай стратэгіі развіцця нам з нашымі прадуктамі няма месца.

Пяць гадоў таму Matrix42 купляла EgoSecure у тым ліку і таму, што мы ўпісваліся ў іх партфоліа. Мы распрацоўвалі прадукты ў сферы бяспекі для бізнэсу, а іхнія распрацоўкі былі больш звязаныя з адміністраваннем бізнэс-працэсаў. Новы менеджмент аналізаваў кампанію і, мабыць, мог вырашыць, што нашыя прадукты ім не патрэбныя. Але адкрыта пра гэта ніхто не казаў, таму складана сказаць, ці так гэта насамрэч, — расказаў адзін з экс-супрацоўнікаў EgoSecure.

Мы дадамо каментары кампаніі, калі атрымаем.

Кантэкст

За 2022–2023 гады некалькі дзясяткаў ІТ-кампаній закрылі/прадалі свой бізнэс у Беларусі і сышлі з краіны. Большасць з іх прапанавалі супрацоўнікам опцыю рэлакейту і ўзялі на сябе частку выдаткаў.  (Толькі 14% удзельнікаў нашага рэсёрчу ў ліпені 2022 — 5000 анкет — адзначылі, што ў іх кампаніях няма рэлакейту.)

У гэтым спісе сёння як вядомыя кампаніі з беларускімі каранямі (Flo, Wargaming, Gurtam, Wannaby, OneSoil), так і замежныя (WorkFusion, Appodeal, Softeq Development, Arteza, EIS Group, Playrix).

Большасць ІТ-кампаній з топ-50 пакуль захавалі бізнэс у Беларусі, але колькасць супрацоўнікаў, якія працуюць у офісах у РБ, за апошнія паўтара года скарацілася, паводле нашых ацэнак, у 1,5-2 разы. Напрыклад, найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі EPAM «страціла» прыкладна палову штату. Амаль на столькі ж скарацілася беларуская каманда iTechArt. Мінскі офіс Exadel скараціўся амаль у 5 разоў.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі і нашых разлікаў, ад студзеня 2022 года ІТ-сектар страціў ужо каля 20 тысяч спецыялістаў. Тут мы параўналі маштабы дзвюх хваль рэлакейту — пасля 2020-га і пасля 24 лютага 2022.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Якія тэхналогіі выбірае айцішнік — і ці ўплывае рэлакейт. ІТ у Беларусі-2022
Па тэме
Якія тэхналогіі выбірае айцішнік — і ці ўплывае рэлакейт. ІТ у Беларусі-2022
Страты ІТ ад пачатку вайны — амаль 20 тысяч чалавек. Параўналі з «першай хваляй»
Па тэме
Страты ІТ ад пачатку вайны — амаль 20 тысяч чалавек. Параўналі з «першай хваляй»
CactusSoft таксама. Бельгійская кампанія вывезе мінскую каманду
Па тэме
CactusSoft таксама. Бельгійская кампанія вывезе мінскую каманду
Топ-50 ІТ-кампаній у Беларусі. Што змянілася па дзвюх хвалях рэлакацыі
Па тэме
Топ-50 ІТ-кампаній у Беларусі. Што змянілася па дзвюх хвалях рэлакацыі
Новыя ўмовы. Палова за мяжой, джуны адміраюць. ІТ у Беларусі-2022
Па тэме
Новыя ўмовы. Палова за мяжой, джуны адміраюць. ІТ у Беларусі-2022

Читать на dev.by