На «ныцінг» — гадзіна на тыдзень. Як айцішнікі скардзяцца адно аднаму
У лінкедзіне абмяркоўваюць «ныцінгі» — анлайн-сустрэчы калег, на якіх можна выгаварыцца адно аднаму.
Карыстальнікі LinkedIn ад «ныцінгаў» у захапленні: называюць іх «геніяльнай вынаходкай», якая дазваляе «экалагічна выпускаць пар» і менш выгараць.
Мы спыталіся ў чытачоў, ці настолькі добрыя «ныцінгі», як іх прэзентуюць у LinkedIn.
«Ныцінгі» дапамагаюць, асабліва дзяўчатам, хлопцы часцей просяць парады»
— Завялі «ныцінгі» пасля 24 лютага мінулага года. З улікам, што ў мяне размеркаваная каманда, спецыяльна стаўлю іх раз на тыдзень — не больш, ніж на 45 хвілін.
Звычайна ныцінг мае змяшаны фармат — абмяркоўваем і праблемы на праекце, і ў жыцці. Абмежаванняў па часе — 2-3 хвіліны, як на мітах, — не ставім: хто колькі хоча. Сам я выступаю як цім-лід і скрам-майстар, а на такіх сустрэчах — я галоўная «камізэлька».
Наколькі адкрытыя ўдзельнікі на «ныцінгах» — магу сказаць, што душэўныя болі і незадаволенасць выказваюць смела, часта падчас абмеркавання вылазяць мінусы арганізацыі або лідоў. Думаю, што «ныцінгі» дапамагаюць, асабліва дзяўчатам, яны кажуць, што стала лягчэй, калі выказаліся. Хлопцам «паныць» не асабліва дапамагае, яны часцей просяць парады або лайфхаку, вось, напрыклад, пра што мы гаворым:
- калі ўстаць, а 6:00 раніцы і адразу за працу, то ў 14:00–15:00 будзеш вольны для шпацыру, пакуль светла — і можна далёка ад дома ад’ехаць;
- варта даследаваць новы горад штодня або 3 разы на тыдзень: выезд на метро ў далёкі пункт, а назад — пешшу;
- паспрабаваць штосьці новае, чаго не спрабаваў раней, што ёсць у краіне знаходжання;
- пашукаць нішы для бізнэсу і адкрыць свой малы бізнэс у краіне знаходжання;
- вандраваць па краіне выхаднымі;
- або выправіцца ў паход і даследаваць наваколле;
- да свайго чарговага дня нараджэння адціснуцца 100 разоў;
- дый наогул ставіць перад сабой любыя мэты — гэта займае галаву;
- здаць на пасведчанне кіроўцы катэгорыі А і арандаваць/купіць матацыкл пакатацца;
- спорт — неабсяжная тэма, напрыклад, як падрыхтавацца і пераплысці Басфор. Гэта нескладана, за 5-10 месяцаў можа падолець і пачатковец;
- абмяркоўваем чытанне як метад пазбягання рэальнасці;
- а яшчэ вучобу або стварэнне сваёй навуковай супольнасці паводле інтарэсаў;
- рэкамендуем адно аднаму настолкі або клубы паводле інтарэсаў.
Асабіста я на «ныцінгах» не выгаворваюся, я выкладваюся ў спартзале — мне спорт дапамагае, а не гутарыстыка. Ну і з’яўляю для сваёй каманды прыклад стойкасці і іншага погляду на жыццё, які, спадзяюся, дапаможа пераадолець праблемы ўспрымання.
Што даюць нам «ныцінгі»: для каманды гэта як edu-meeting — мы трэніруем софт скілы, а яшчэ гэта стрэс-менеджмент. Плюс у кампаніі пасля іх з’яўляюцца такія штукі, як English speaking club і псіхалагічныя трэнінгі.
«Дапамаглі нам застацца камандай, нават у пэўным сэнсе згуртавалі»
— Мы маем «ныцінгі» ў камандзе. Завялі такі фармат пасля сыходу на аддаленую працу ад вясны 2020-га — калі зразумелі, што нам трэба прастора «скінуць негатыў», падзяліцца тым, што трывожыць. На здзіўленне якраз такія сустрэчы дапамаглі нам застацца камандай, яны нават у пэўным сэнсе згуртавалі нас.
Як правіла, пад «ныцінг» забуканая адная гадзіна на тыдзень.
Мы абмяркоўваем на ім усё, што хочацца — ад кіраўніка і калег да сітуацый у кампаніі, якія на нас уплываюць, асабістыя праблемы — радзей. За тры гады мы навучыліся быць цалкам адкрытымі адно з адным.
Асабіста мяне такія сустрэчы вельмі падтрымліваюць — я бачу, што астатнія ўдзельнікі каманды перажываюць тое ж, што і я, мне робіцца лягчэй. Цікава, што на ныцінгі ходзяць усе — ніхто не прапускае.
«Ныцінг» — гэта магчымасць «зліць» усё, каб рухацца далей»
Спыталіся ў псіхолага Святланы Дземчанка, ці дапамагаюць насамрэч «ныцінгі» і ці ёсць у іх мінусы.
— Я лічу, «ныцінг» — гэта выдатна! У любога чалавека за дзень, за тыдзень і г. д. назапашваюцца словы, што ён так і не здолеў выказаць, непражытыя эмоцыі ды іншае «смецце», што як якар цягне яго ўніз (а разам з ім і каманду).
Так што «ныцінг» — гэта магчымасць «зліць» усё гэта, каб рухацца далей без непатрэбнага грузу.
Рэцэпт добрага «ныцінгу» (без мінусаў) такі:
- удзельнікі не мусяць знаходзіцца адно ў аднаго ў падначаленні, інакш яны не змогуць расслабіцца і быць на 100% адкрытымі;
- паміж імі таксама не мусіць быць блізкіх сувязяў — з той жа прычыны;
- патрэбныя выразныя межы і правілы (канфідэнцыйнасць, бяспека і час);
- добра, калі ёсць мадэратар — каб спыняць дыскусію, калі хтосьці пачынае раптам «лячыць» кагосьці з калег, вучыць жыць ці абясцэньвае іх і іхнія эмоцыі («не, ты не маеш рацыі, гэта не так, а гэтак…» або «гэта таму, што ты сам такі…», і наогул «што ты ныеш, лепш схадзі ў спартзалу»);
- аднак група можа даваць рады і сама, без мадэратара (або мадэратарам можа па чарзе выступаць любы з удзельнікаў групы), але, яшчэ раз паўтаруся, патрэбныя выразныя правілы: што прымальна ў нас на «ныцінгу», а што — не;
- выдатна, калі кожны з удзельнікаў выразна акрэслівае, што яму трэба ў гэты момант, — «зліць» негатыў, паныць, каб яго проста выслухалі (і тады група слухае, калегі знаходзяцца побач — і ўсё), або каб яму далі параду, дапамаглі знайсці рашэнне праблемы або аказалі падтрымку (і тады група можа паказаць, што чалавек не адзін);
- і пры гэтым у кожнага ёсць права на «стоп»: я слухаю вашыя парады ў адказ на свой запыт, але нейкага моманту кажу «Стоп!» або «Не» — і вы спыняецеся, мы згортваем абмеркаванне майго пытання;
- вельмі важна не выносіць «смецця з хаты» — то-бок усё, што гаворыцца на «ныцінгу», там і застаецца. Словы, гісторыі каго заўгодна з удзельнікаў не мусяць больш абмяркоўвацца нідзе па-за межамі гэтай групы.
Читать на dev.by