Воспа малпаў распаўсюджваецца па свеце. Гэта новы кавід? А што будзе з ІТ?
Сусветная арганізацыя аховы здароўя другі раз за два гады абвясціла распаўсюджванне малпавай воспы «надзвычайнай сітуацыяй». Чым небяспечная воспа малпаў? І ці чакаць новай пандэміі?
Што такое воспа малпаў?
Воспа малпаў (mpox) — гэта віруснае захворванне, вядомае навуцы. Упершыню яно было апісанае ў 1958 годзе, калі вірус быў знойдзены ў лабараторных малпаў, адсюль і яго назва. Аднак воспа малпаў паражае не толькі жывёл, але і людзей, выклікаючы сімптомы, падобныя да натуральнай воспы, але значна менш небяспечныя. Звычайна людзі здаравеюць праз два-чатыры тыдні, смяротныя выпадкі рэдкія.
Асноўныя сімптомы захворвання ўключаюць ліхаманку, моцны галаўны боль, запаленне лімфавузлоў (адное з ключавых адрозненняў ад іншых вірусных інфекцый), болі ў цягліцах і спіне, а таксама агульную слабасць. Праз некалькі дзён пасля з’яўлення ліхаманкі з’яўляюцца скурныя высыпанні, якія могуць распаўсюджвацца на твар, далоні, ступні, слізістыя абалонкі, геніталіі і вочы.
Ці варта баяцца воспы малпаў?
Новая ўспышка малпавай воспы пачалася ў Афрыцы ў верасні 2023 года. На кантыненце былі зафіксаваныя 13,7 тысячы выпадкаў, 456 чалавек памерлі. 15 жніўня ўлады Швецыі паведамілі, што зарэгістравалі выпадак заражэння не тэрыторыі краіны — гэта першы зафіксаваны выпадак захворвання па-за межамі Афрыкі ад пачатку новай успышкі. Як растлумачылі ўлады, хворы заразіўся ў часе паездкі ў афрыканскую краіну.
Пры гэтым у часе папярэдняй успышкі ў 2022 годзе адразу ў некалькіх краінах Еўропы, Амерыкі і ў Аўстраліі былі зафіксаваныя выпадкі заражэння, хоць многія з тых, хто захварэў, не наведвалі натуральных асяродкаў інфекцыі ў Афрыцы. Чаму так адбываецца — дагэтуль незразумела. Вядома, што вірус перадаецца праз цесны кантакт або судотыкам з біялагічнымі вадкасцямі заражанага.
У цэлым вірус mpox менш небяспечны для чалавека, чым каранавірус, які выклікаў пандэмію, да таго ж ён павольней муціруе. Цяпер існуюць лекі і вакцыны, даступныя ў многіх краінах свету. Тэарэтычна вакцыны ад звычайнай воспы таксама могуць абараняць ад воспы малпаў ці хаця б рабіць працяканне захворвання больш лёгкім. Новы штам віруса распаўсюджваецца пераважна палавым шляхам.
Гэта новы кавід?
Усім знаёмы каранавірус меў у часе пандэміі значна вышэйшую хуткасць перадачы і прыводзіў да сур’ёзнейшых наступстваў для здароўя, асабліва для пажылых людзей і асоб з аслабленым імунітэтам. У выпадку воспы малпаў гэта захворванне даўно вывучанае, таму можна з вялікай доляй верагоднасці сказаць, што новая ўспышка mpox не прывядзе да эпідэміі, параўнальнай па маштабах з каранавірусам.
Заява СААЗ аб надзвычайнай сітуацыі дае ў першую чаргу сігнал прафесійнай супольнасці глыбей вывучаць праблему і шукаць шляхі вырашэння: распрацоўваць прафілактычныя меры, распрацоўваць новыя вакцыны і прагназаваць развіццё эпідэміі.
Як эпідэмія малпавай воспы адаб’ецца на IT-галіне?
Уплыў эпідэміі на сусветны рынак і, у прыватнасці, на ІТ-галіну будзе залежаць ад маштабаў яе распаўсюджвання і ўвядзення абмежавальных мер. У выпадку каранавіруса былі парушаныя многія ланцужкі паставак, мацней за ўсё пацярпела вытворчасць працэсараў. Аднак акцыі многіх тэхналагічных кампаній выраслі ў тым ліку праз пераход на аддаленую працу і рост попыту на лічбавыя паслугі і прадукты.
Распаўсюджванне воспы малпаў прывядзе да ўвядзення лакальных каранцінных мер. Але малаверагодна, што маштабы эпідэміі будуць супастаўныя з тым, што свет назіраў у часе кавіду. У 2020 годзе, паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, сусветны ВУП скараціўся на 3,5%, а эканоміка магла страціць да $6 трыльёнаў. Паводле даных Міжнароднай арганізацыі працы, працоўныя месцы страціла каля 255 мільёнаў чалавек.
Глабальны IT-рынак у 2020 годзе скараціўся прыкладна на 8% і страціў ад $300 мільярдаў да $700 мільярдаў. Акцыі буйных тэхналагічных кампаній упалі на 20-30% у тым ліку праз узніклую нявызначанасць. Зніжэнне продажаў апаратнага забеспячэння ў свеце дасягнула 15%. Цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад пандэміі каранавіруса тым, што эпідэмія малпавай воспы больш прагназаваная, а яе ўплыў на рынкавыя працэсы мінімальны. Гэта азначае, што падобнага абвалу сусветнай эканомікі, які адбыўся ў 2020 годзе, не здарыцца.
Читать на dev.by