Абвал на сусветных рынках: як зачапіла IT? І што будзе далей?

За апошнія тыдні сусветны фондавы рынак абваліўся: інвестары страцілі каля $6,4 трыльёна. Як гэта адбілася на тэхналагічных кампаніях? І што чакаць у будучыні?

7 каментарыяў

5 жніўня фондавы рынак Японіі перажыў самы вялікі абвал ад «чорнага панядзелка» 1987 года. Услед за ім пачалі падаць і астатнія фондавыя рынкі па меры адкрыцця таргоў. У мінус таксама пайшлі крыптавалюты. Асноўнае падзенне пачалося пасля публікацыі статыстычных даных у ЗША, якія выявіліся значна слабейшымі за прагнозы экспертаў. Колькасць новых працоўных месцаў выявілася не такой высокай, а рост беспрацоўя апярэдзіў здагадкі аналітыкаў.

Эксперты бачаць некалькі прычын абвалу каціровак, якія стварылі «ідэальны шторм» для інвестараў. У першую чаргу гаворка ідзе пра інфляцыю ў ЗША, якая за тры апошнія гады рэзка павысілася. Беспрэцэдэнтныя праграмы дапамогі насельніцтву і бізнэсу ў часе пандэміі каранавіруса прывялі да росту цэн: пры канцы 2021 года інфляцыя склала 7%, чаго не назіралася ад 1982 года. У 2022 годзе праз вайну ва Украіне і рост цэн на энерганосьбіты інфляцыя перавысіла 9%.

У выніку Федэральная рэзервовая сістэма ЗША (ФРС) у 2023 годзе павысіла ўліковую стаўку да 5,25—5,5%, што стала максімумам за 20 гадоў. На працягу года стаўка заставалася нязменнай — і тэмпы росту інфляцыі замарудзіліся, што дало падставу разгледзець зніжэнне стаўкі, пра што казаў і кіраўнік рэгулятара Джэром Паўэл. Але на пачатку жніўня эканамічныя паказчыкі гэтаму не спрыялі: Міністэрства працы ЗША заявіла, што беспрацоўе вырасла да максімуму ад 2021 года (4,3%).

Інвестары не сталі чакаць магчымай рэцэсіі амерыканскай эканомікі і пачалі прадаваць каштоўныя паперы. Пад ударам апынуўся тэхналагічны сектар, які ад пачатку года працягнуў анамальны рост: Nvidia падаражэла на 80%, Meta — на 48%, Amazon — на 24%, Alphabet і Microsoft — па 14%. На фоне чутак пра надыходзячую рэцэсію інвестары загаварылі пра рызыку «бурбалкі». Асаблівыя сумневы выклікалі буйныя ўкладанні ў распрацоўку штучнага інтэлекту.

Напрыклад, словы кіраўніка Tesla Ілана Маска пра тое, што кампанія стане цэнтрам распрацоўкі АІ, выклікалі энтузіязм у інвестараў. Аднак ад тых часоў ніякіх зрухаў не адбылося, а доўгачаканая прэзентацыя робатаксі зноў была перанесеная. Іншыя тэхнагіганты дагэтуль не змаглі акупіць свае ўкладанні ў АІ, у чым прызнаўся гендырэктар Intel Патрык Гелсінгер. Кампанія Уорэна Бафета Berkshire Hathaway прадала палову сваіх акцый Apple, і адная з прычын можа палягаць адставанні Apple у АІ-гонцы.

На гэтым фоне кошт Nvidia і Apple знізіўся на 14 і 8% адпаведна. Сярод лідараў падзення таксама апынуліся Microsoft і Citigroup. Зніжэнне кошту акцый Nvidia прывяло да страты каля $358 мільярдаў рынкавага кошту кампаніі, тады як падзенне акцый Apple каштавала $277 мільярдаў яе рынкавага кошту. Упалі акцыі еўрапейскіх тэхналагічных і паўправадніковых кампаній. Індэкс Stoxx Tech знізіўся на 4,1%, што стала самым дрэнным паказчыкам сярод сектарных індэксаў.

Таксама на абвал каціровак паўплывала сезоннасць: у жніўні многія інвестары знаходзяцца ў адпачынку, праз што на рынку абарачаецца не так шмат грошай. У выніку кожная ўгода мае большы ўплыў на акцыі, чым у часе дзелавога сезону. Сітуацыя застаецца непрадказальнай, і ўсе чакаюць планавага пасяджэння ФРС, якое мае адбыцца ў верасні гэтага года. Пазачарговае пасяджэнне наўрад ці здарыцца: апошні раз прадстаўнікі ФРС экстранна збіраліся ў сакавіку 2020 года праз пачатак пандэміі каранавіруса.

Ад рэгулятара чакаюць зніжэння ставак праз рызыку рэцэсіі. Аднак дагэтуль тыя рызыкі не выглядаюць пагрозлівымі для эканомікі. Калі ў часе пандэміі эканоміка ЗША губляла да 20 мільёнаў вакансій на месяц, то цяпер адбываецца зваротны трэнд — у ліпені было створана 114 тысяч новых працоўных месцаў пры запаволенні тэмпаў наймання. ВУП ЗША вырас на 2,8% у гадавым выражэнні, а спажывецкая актыўнасць расце. Усё гэта кажа аб устойлівасці эканомікі, якая можа выйсці на мэтавыя 2% інфляцыі пры канцы года, як чакае ФРС.

Трыльённыя страты сусветнай эканомікі дэманструюць хутчэй перагрэў, чым неабходнасць падтрымкі: за апошнія тыдні фондавыя рынкі ЗША дэманстравалі гістарычныя максімумы. Аналітыкі ацэньваюць верагоднасць наступлення рэцэсіі ад 25% да 50%. Эксперты звязваюць асцярогі інвестараў і з геапалітычнай сітуацыяй на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Інвестары ва ўсім свеце масава пазбаўляюцца рызыкоўных актываў — і ў абвалу былі хутчэй псіхалагічныя, чым эканамічныя прычыны.

«Не галюцынуй»: тэсціроўшчыкі знайшлі падказкі Apple для свайго АІ
Па тэме
«Не галюцынуй»: тэсціроўшчыкі знайшлі падказкі Apple для свайго АІ
Google прызналі манапалістам у ЗША ў сферы пошуку
Па тэме
Google прызналі манапалістам у ЗША ў сферы пошуку
OpenAI прыдумала, як распазнаць згенераваны тэкст. Але тэхналогіі нікому не пакажуць
Па тэме
OpenAI прыдумала, як распазнаць згенераваны тэкст. Але тэхналогіі нікому не пакажуць

Читать на dev.by