Якіх прадуктаў не стае рэлакантам — і дзе шукаць замяняльнікі
Тэлеграм-каналы «Ты таксама ў Грузіі?» і «Dzik Pic» спыталі айцішнікаў, якой ежы ім не стае па-за межамі Беларусі. Вырашылі пашырыць тэму і папрасілі людзей у розных лакацыях расказаць, за якімі прадуктамі яны сумуюць. Вось што атрымалася.
Польшча: туга за пельменямі, журавінамі ў цукры і чыпсамі Lay’s з крабам
- Не стае мяккага тварагу і зефіру. Нармальнага горкага шакаладу, а не масла з цукрам. Нармальных пельменяў і сыркоў плаўленых. Печаныя піражкі — рэдкасць.
- У Польшчы ў цэлым прадуктовыя крамы раздражняюць. Быццам бы не пустыя паліцы, але выбару няма наогул. У нас прыходзіш — і малачка з розных гарадоў (з Брэста, Магілёва, Гомеля, Мінска). Тое ж тычыцца і каш — на любы густ і колер. У Польшчы гэтага няма. Замала разнастайнасці ў шакаладзе і ласунках, сумую за «Бабруйскім» зефірам.
- Што радуе, дык гэта свежы хлеб і цэны на садавіну/гародніну; гарбаты, напоі. Думаю, такіх пазіцый шмат, адразу і не згадаць. Але выснова такая: усё ёсць — выбару няма.
- Селядцы ў крамах кіслыя або вельмі воцатныя — густу рыбы асабліва не адчуеш. Тое ж самае з марынадамі — калі купляеш грыбы, то ўсё роўна будзеш есці воцат без густу грыбоў. Альтэрнатыва — селядцы «po gryficku» ад фірмы Kapitan Navi ў Бядронцы або «а-ля маціяс» у Ашане, дастаўка Фрыска.
- Задзяўбалася, пакуль знайшла нармальны кефір у літровых слоіках без камячкоў. Цяпер бяру натуральны кефір фірмы Pilos у Lidl і Auchan, смакам такі ж, як беларускі.
- Тварожныя сыркі, падобныя да нашых, тут удалося знайсці не адразу. Я бяру «Магію» ў Ашане або «Karums» у Бэст Маркеце.
- Смешна гучыць, але мне смачнага марозіва не стае. Як наш «Каштан», напрыклад.
- Сумую за журавінамі ў цукры, чыпсамі Lay’s з крабам і шашлыком. Кажуць, такія чыпсы перыядычна ў Жабцы бываюць, але мне не трапляліся пакуль.
- А я дагэтуль прывожу з Гродна 10 боханаў хлеба чорнага і кладу іх у маразільнік. Пасля размарозкі смакавыя якасці не губляюцца. Толькі жонка лаецца, што палову маразільніка заняў.
Славенія: няма салёнай рыбы і жоўтага колатага гароху
- У продажы ў звычайных крамах адсутнічае жоўты колаты гарох. Можна задурыць сабе галаву паездкай у «рускую» краму, але не факт, што там будзе. Мне прывозяць кубікі Лідскага гарохавага супу «ў падарунак» з РБ. Гэта та-а-ак смачна!
- Яшчэ няма салёнага сала, толькі вэнджанае. Муж пакутуе. Засаліць самой не варыянт, тут сала няма наогул. І яшчэ няма нармальных салёных бочкавых селядцоў (маўчу пра салаку і кільку). Возяць штосьці нямецкае, але гэта зусім не тое і даволі дорага.
- «Маціяс» можна купіць па 3-4 еўра за маленькую ўпакоўку, але я яе не люблю. Таму селядзец пад футрам апошнія 5 гадоў у нас з… сёмгай або ласосем хатняга пасолу.
- Салёную рыбу славенцы не ядуць, яна для іх «сырая». Ядуць смажаную, печаную, вэнджаную, вараць рыбны суп. Наогул, тут «мясная» краіна. Мяса шмат, рыбы мала і яна дарагая, хоць і мора побач.
Літва/Германія: праблема са шматкамі
- У Літве крыху вузейшы выбар шматкоў (тых, з якіх кашы вараць) — прасяныя, кукурузныя можна знайсці толькі ў крамах здаровага харчавання накшталт LivIn, па адпаведных цэнах. Крыху дзіўна, бо і прасяная, і кукурузная крупы ёсць у любой краме. І іншыя шматкі: рысавыя, грачаныя, не кажучы ўжо пра аўсянку і розныя віды мульцізерневых — ёсць усюды. Таксама не знайшоў круглазерневага рысу а-ля краснадарскі або нямецкі Milchreis — замест яго купляў рысавыя шматкі.
- З астатнімі звыклымі прадуктамі (малочка, чорны хлеб, нават глазураваныя сыркі) у Літве лепш, чым у Беларусі, хоць хлеб і значна даражэйшы.
- Цяпер я ў Германіі, тут ужо са звыклымі прадуктамі троху складаней. Са шматкоў — аўсянка розных варыянтаў і мільён гатункаў мюслі. Грачаныя, рысавыя, прасяныя, мульцізерневыя шматкі — толькі ў якасці здаровай ежы, нароўні з амарантам і шматкамі з кіноа (ну і, здаецца, у рускіх крамах штосьці ёсць — пакуль не дайшоў). Затое ёсць Milchreis.
- Чорнага заварнога хлеба, нашталт беларускага «Чараўніка», тут пакуль не бачыў, але не асабліва шукаў.
- Кефір ёсць добры, толькі даволі дарагі — ад 1 еўра за 0,5 л. Тварог таксама ёсць, і таксама дарагі — 1,5 еўра за 250 грам. Нават пару відаў глазураваных сыркоў ёсць у Lidl-е, па 69 цэнтаў.
- Пасля Літвы — на здзіўленне дарагая рыба, кілаграм стэйкаў з ласося за 7-8 еўра не купіш, мінімум 20-25.
Канада: бочкавыя салёныя гуркі — толькі ў адной краме
- Мне ў Канадзе не стае салёных агуркоў з бочкі. У выніку знайшоў іх толькі ў адной краме, але яны бываюць не заўсёды.
- Купляю ў мясцовым супермаркеце. Але я бачыў гэтыя гуркі ў краме з «украінскімі» таварамі. Мне да «ўкраінскай» крамы доўга дабірацца.
- Квашаную капусту бачыў побач з тымі агуркамі. На сала не звяртаў увагі. Але я гэтыя прадукты не люблю.
Сербія: няма нармальнага тварагу і абляпіхі
- У Сербіі няма нармальнага тварагу.
- Селядцоў прывозілі ажно з Літвы. Бо калі іх няма, футра — гэта тое, чаго захацелася ў першую чаргу. Ну і сырнікаў, вядома.
- А яшчэ ў Сербіі не ведаюць, што такое абляпіха. Нашай абляпіхавай гарбаты не стае. Знайшлі адну кавяраньку (трымаюць рускамоўныя хлопцы з розных краін, «Акіян Эльзы» любяць слухаць, што прыемна). Дык яны знайшлі абляпіху ў нейкім мястэчку, дзе яе вырошчваюць для касметычных фірмаў. Пароляў і явак не здаюць.
Грузія: не стае разабранай курыцы і добрай малочкі
- Шашлыку нармальнага не стае. Прыходзіцца ў каміне смажыць саматужны.
- Банальна курыцы разабранай і мяса добрага ў крамах — даводзіцца пашукаць, і ёсць далёка не заўсёды.
- Сумую за разнастайнасцю крутых сумесяў з агародніны.
- Каўбасныя вырабы… Усё дзіка салёнае. Навучылася сама гатаваць вяндліну, бо крамнай есці не магу.
- Не стае ў цэлым добрай малочкі — пітных ёгуртаў, смятаны.
- Вельмі не стае вэнджаных яек. Я тут яшчэ не да канца асвоілася, таму пакуль шукаю ў беларускіх крамах звыклую ежу.
Что бесит и радует в Польше. Отвечают 350+ айтишников
Что бесит и радует в Польше. Отвечают 350+ айтишников
Что бесит и радует в Грузии. Отвечают 250+ айтишников
Что бесит и радует в Грузии. Отвечают 250+ айтишников
Что бесит и радует в Литве. Отвечают 90+ айтишников
Что бесит и радует в Литве. Отвечают 90+ айтишников
Читать на dev.by